Лета-2006 на старонках studenty.by
Летнія летуценьні і час на актыўны адпачынак паціху зьнікаюць. Каб прыйсьці ў норму ў пачатку восені, хуценька аднавіць (даведацца) у галаве падзеі гэтага лета – падагульняючы артыкул паводле навінаў studenty.by. Будзь на хвалі!
Чэрвень
Лета заўжды наступае нечакана. То яшчэ толькі сэсія пачынаецца – і пра лета ўзгадваеш ужо ў канцы чэрвеня, то з разгону ад вясновых уражаньняў заўважаеш лета ўжо ў самым разгары. Так і каманда studenty.by. Канец вясны адзначыўся ня толькі аднаўленьнем сайту і перманэтнымі іспытамі, але й непасрэднай працай па арганізацыі адборачнага туру на “Басовішча-2006”, паколькі Creative community Studenty.by сёлета былі сярод партнэраў БАСу ў арганізацыі фэсту.
На пачатак лета ўжо вядомыя гурты, якія прайшлі чвэрць-фінал конкурсу (адбор па дэма-запісах) і гатовыя да ўдзелу ў “Адборышчы”. Чэрвень поўны на навіны аб месцах правядзеньня адборачнага туру – забарона канцэрту ў парку DREAMLAND, анансаваньне канцэрту ў Палацы мастацтваў, які ў выніку быў забаронены непасрэдна перад пачаткам. Ня было часу на адчай і паніку – праз некалькі дзён 2-дзённая імпрэза была пасьпяхова праведзеная ў адным зь менскіх клюбаў. Новы разьдзел сайту “Фотаблог” стартаваў з сэрыі фотаздымкаў “Самая поўная фотасправаздача з "Адборышча-2006". Патрапіць непасрэдна на сам фэст – у Грудэк на Басовішча – можна было праз дапамогу studenty.by у атрыманьні польскай візы. Болей 300 чалавек скарасталіся такой магчымасьцю.
У гэты ж час студэнцкае беларускае і замежнае жыцьцё не пераставала бурліць цікавымі падзеямі.
Студэнты нашага наргасу зладзілі незвычайную акцыю ля свайго ўнівэру з нагоды 73-годзьдзя Alma mater – пабудавалі лічбу з уласных целаў.
Бастуючыя студэнты ў Францыі, студэнцкія пратэсты па-грэцку, і нават расейскія студэнты пратэстуюць па набалелым – ператварэньне інтэрнату ў “бардэль” – падзеі актыўнага студэнцкага жыцьця замежных краінаў.
Непрыемныя навіны таксама частка жыцьця, 7 год зь якога берасьцейскі выкладчык правядзе ў турме за хабарніцтва.
А будучых беларускіх асьпірантаў з 1 верасьня чакае новаўвядзеньне – цяпер асьпірантаў будуць рыхтаваць на замову працадаўцы. Цяпер тэму дысэртацыі трэба будзе ўзгадняць з працадаўцам, на якога потым прыйдзецца адпрацаваць некалькі год.
У працяг новай рубрыкі сайту “Дасьледваньні studenty.by” Тацяна Хома зрабіла аналіз студэнцкіх сталовак у Францыі.
Аматары ж беларускай паэзіі і проста адпачынку ў цікавай кампаніі ўжо зьбіраюцца на Сьвята вольнай паэзіі ў Ляўках.
Ліпень
Лета – самы час на гістарычныя ўчынкі! :). Новы рэкорд сьвету – 21 студэнт у маленькім аўто. А вось іншая задума – спроба ссунуць арбіту Зямлі скончылася безвынікова. Паставіць помнік студэнцкай халяве – таксама гістарычная падзея ў студэнцкім жыцьці ;).
Буйныя музычныя імпрэзы характэрныя для лета-2006. Піва “Баброў” ладзіць буйны фэст у Крупках – нават пад дажджом “Вольнае паветра” удалося. Аматары беларускай музыкі зьбіраюць рэчы для вандроўкі ў Польшчу – на “Басовішча”. Усе варыянты даезду на фэст чыгункай - расклад на studenty.by. “Басовішча” адбылося! Артыкул і вялікі фотарэпартаж з галоўнай музычнай падзеі беларускай музыкі.
У той час як беларускія чыноўнікі робяць сыстэму разьмеркаваньня выпускнікоў больш жорсткай, нават у Расеі прыходзяць да іншых высноваў датычна расейскіх студэнтаў – міністар адукацыі Расеі лічыць, што разьмеркаваньне супярэчыць канстытуцыі.
Беларускія ж умовы паступленьня ў ВНУ будуць яшчэ больш жорсткімі. ЭГУ кіруецца эўрапейскай адукацыяй і прымае на новую магістэрскую праграму. А пачатак уступнай кампаніі ў беларускіх ВНУ адзначаны недахопам абітурыентаў у БДУ.
Для тых, хто не паступае сёлета, самы час праяўляць свае таленты. Эўропа вачыма маладых фатографаў – задума нямецкае моладзі. Беларусь – таксама частка Эўропы, таму далучаная да моладзевай акцыі вандруючых фотаальбомаў. Дзесьці ўжо большасьць дасланых на Беларусь альбомаў вандруе па Менску і іншых гарадах ды вёсках, але далучыцца яшчэ дакладна можна!
Жнівень
Большасьць спрабуе схапіць лета за хвост і адпачыць хоць у апошні месяц. Тыя ж, хто вымушаны сядзець у офісах (ці дома ў бацькоў) і працаваць у прадчуваньні адпачынку калі-небудзь папазьней, сочаць за падзеямі на studenty.by. А тыя, каму ўсё ж удалося адпачыць – хуценька даведваемся пра асноўныя падзеі жніўня праз гэты караценькі аналіз.
У той час як у Беларусі да месца разьмеркаваньня не даяжджае кожны пяты выпускнік-бюджэтнік, Украіна ўдасканальвае працаўладкаваньне выпускнікоў ВНУ праз індывідуальны падыход і адсутнасьць прымусовага разьмеркаваньня. Рэформы ва Ўкраіне працягваюцца – на зайздрасьць нам выпускнікі украінскіх ВНУ з 2010 года ня будуць служыць у войску.
Сярэднi конкурс у ВНУ сёлета каля трох чалавек на месца (упершыню ў многіх ВНУ недабор) – многім студэнтам не хапае інтэрнатаў. Так, амаль 2 тысячам студэнтаў БДУ не хапае месца ў інтэрнатах. З улікам вялікай колькасьці паступіўшых з сельскіх школаў – праблема студэнцкага жыльля будзе толькі расьці. Ва ўкраінскім горадзе Роўна 200 студэнтаў сутыкнуліся з падобнай праблемай – іх высяляюць зь інтэрнату за 2 дні. Але ня так проста наехаць на ўкраінскага студэнта – акцыя пратэсту ў апошнія дні лета, якая працягваецца й зараз.
Беларускія студэнты таксама не сядзяць моўчкі – студэнты-каліноўцы ўзяліся змагацца з адміністрацыяй гарадзенскага ўнівэрсытэта.
Адна з галоўных падзеяў студэнцкай інфамацыйнай сфэры – упершыню створаны першы студэнцкі тэлевізійны канал. А нашыя карэспандэнткі распавядаюць пра жыцьцё мальтыйскіх студэнтаў (частка 1) і асаблівасьці амстэрдамскага ўнівэрсытэту.
Сярод навінаў пра новыя правілы беларускай мовы, ініцыяваныя прэзыдэнтам, яшчэ адно новаўвядзеньне з гэтага навучальнага году - гісторыю Беларусі будуць выкладаць па-расейску. А БРСМ сабраўся ў міжнародную арганізацыю з камуністычнымі ідэямі – дасьледваньне на studenty.by.
Студэнтаў і школьнікаў рыхтуюць да ўборкі ўраджаю – спадзяемся, ня прыйдзецца замяняць заняткі па хірургіі ці функцыянальным аналізе на збор бульбы на калгасных палетках ;).
З прыемнага. “Песьні свабоды!” – канцэрт дазволены і ля 5 тысячаў чалавек ўжывую пачулі песьні свабоды, узгадалі падзеі беларускай вясны-2006, натхніліся. У дадатак выйшла першая гістарычна-забаўляльная мультымэдыя-кніга пра Вясну-2006.
Гэтае лета – зорны шлях беларускіх студэнтаў! Kvasir - Сябра Community Studenty.by – узыйшоў на Эльбрус, на вышыню 5642 мэтры! У гэты ж час студэнты БДУ выйгралі міжнародную матэматычную алімпіяду!
І так, лета-2006 удалося!
Спадзяемся, насычанае лета-2006 застанецца добрым стымулам для працы ўвосень, узімку – на цэлы год!
Поўную храналёгію падзеяў можна аднавіць праз “Архіў” сайту.