Бастуюць студэнты Ровеньскага ўнівэрсытэта
30 жніўня некалькі дзясяткаў студэнтаў Ровеньскага ўнівэрсытэта (Украіна) распачалі сядзячую акцыю пратэсту супраць высяленьня зь інтэрнату 200 чалавек, якія мусяць пакінуць інтэрнат цягам 2 дзён.
Акцыя распачалася ў памяшканьні інтэрнату №2 Ровеньскага дзяржаўнага гуманітарнага ўнівэрсытэта (РДГУ) супраць высяленьня з усіх інтэрнатаў РДТУ каля 200 студэнтаў прыватнай ВНУ - Ровеньскага інстытута славяназнаўства Кіеўскага славістычнага ўнівэрсытэта (РІС КСУ).
Каля 35 прадстаўнікоў 2-5 курсаў пачалі сядзячую забастоўку дзеля таго, каб зноўку здабываць веды з дахам над галавой. Забастоўнікі спадзяюцца на тое, што іх колькасьць павялічыцца адразу, як іх сябры па сьпісу на высяленьне з іншых гарадоў і сёлаў прыедуць у Роўна на навучаньне.
29 жніўня пацярпелыя даведаліся, што мусяць у двухдзённы тэрмін вызваліць свае пакоі, іх рэктар у лякарні, а дырэктар РІС КСУ Людміла Шэлюк, са словаў ейнага сакратара, “ня мае часу”. Варта дадаць, што рэктар у абодвух ВНУ – адзін, а спадарыня Шэлюк – ягоная жонка.
Адміністрацыя ВНУ сьцьвярджае, што загад аб высяленьні зьявіўся яшчэ ў сярэдзіне ліпеня. Але ж, вядома, што большасьць студэнтаў зьяжджаюць на лета дадому адразу пасьля сэсіі – у канцы чэрвеня, таму зьяўленьне загаду засталося па-за ўвагай студэнтаў. Сытуацыя на дадзены момант застаецца нявырашанай. Студэнты – страйкуюць, адміністрацыя ВНУ кажа, што выконвае загад рэктара.
Фота: gazeta.univ.kiev.ua