Унівэрсытэт Амстэрдаму - усё для студэнта альбо халява ня пройдзе!

Даша Слабчанка накіравалася ў легендарны Амстэрдам ня толькі дзеля адпачынку, а ў тым ліку каб падзяліцца сваімі ўражаньнямі з наведнікамі studenty.by, якія гэтым летам паехалі скараць не замежныя прасторы, а бацькоўскія палеткі ці офісныя памяшканьні Менску ў пошуках працы.

Адно я такі знайшла – калі ўглядаесься здалёк, то будынак нагадвае родны наргас. На гэтым падабенства скончылася.

Адрозьненьне адчулася зь першага кроку – зайшлі мы без усялякіх пытаньняў: ні турнікетаў, ні вахцёрак… Хадзі, дзе жадаеш. Вось і пажадалася наведаць… бібліятэку.

Першая думка – кампутараў тут будзе паболей, чым у нашай сіліконавай даліне. І ўсё на карысьць студэнта. Ня трэба чакаць у чарзе і ставіць подпіс, што карыстацца машынай будзеш выключна ў навучальных мэтах. Колькі не шукала – не знайшла ані чэргаў, ані злых цётак, што патрабуюць чытацкія карткі. Кнігі – проста на паліцах – бяры і чытай.

Прыгадаўшы шэраг расповедаў пра студэнцкія сталоўкі – спускаемся ў тое мейсца, дзе студэнты з усіх куткоў сьвету бавяць час за кубачкам кавы. Я нават і не зьдзівілася, што мейсца тое болей нагадвала рэстарацыю, чым памяшканьне, дзе у дзесяціхвілінны перапынак намагаесься пасьпець набыць гарбаткі ў пэрыяд зь верасьня па травень… Выбар страваў таксама няма сэнсу параўноўваць. Хапае адзінае погляду на высачэзных, ружовашчокіх галяндзкіх студэнтаў, каб зразумець – страўнікі ў іх не сапсаваныя ні капіталістычным фастфудам, ні савецкім агульным харчаваньнем. Падчас кароткай экскурсіі я заўважыла паліцы з садавінай-гароднінай, безьліч напояў (што зьдзівіла – можна нават між парамі папіць віна, але мясцовыя студэнты чамусьці зрэдку яго замаўляюць), прысмакі на любы густ – help yourself, ну і, канешне, можна замовіць больш сур’ёзныя стравы. Звыкнуўшыся з эўрапейскімі коштамі, адразу кінулася ў вочы – частавацца ў студэнцкай сталоўцы вельмі танна.

Болей таго – побач мелася і сапраўды рэстарацыя, ці, лепей сказаць – студэнцкі бар. Зь більярдам, алкагольнымі напоямі і добрым настроем. Усё побач! ;)

Далей – болей. Наведалі інтэрнат. Мая сяброўка – менская дзяўчына, што зь цяжкасьцю ўяўляе, як бы вучылася зараз у наргасе – жыла папярэдні год проста ў казачных умовах. Трымайце сьлёзы, жыхары беларускіх “абшчаг” – асобная, так званая студыя, з электрычнасьцю і вадой сем дзён на тыдзень, 24 гадзіны ў дзень, зь вялікім вакном і ўсяго ў пяці хвілінах ад унівэру. Ня кажучы ўжо пра вясёлых студэнтаў-сусудзяў з розных краінаў, на ўспамін аб якіх застаюцца не пакаёвыя сваркі, а вясёлыя вечарыны з джазам і марціні, а не “чарнілам” і 75 адсоткамі “беларускіх” музычных шэдэўраў. Хаця – усё справа густу… :)

Ночылі мы ня ў самым лепшым інтэрнаце і ня ў самым лепшым раёне Амстэрдаму. Але той, хто так палічыў, відавочна, ня быў увечары каля трактарнага заводу, і не лазіў ноччу ў вакно (я, да слова, таксама не рызыкавала, але начутая). Самае галоўнае, адзін пакой – адзін студэнт. Кухня – агульная, але ў пакоі ё мікрахвалёўка і электрагарбатнік. Роўна як і кампутар з тэлевізарам. І вахцёрка ня грукае штохвілі ў дзьверы, каб праверыць выкананьне сьвятых правілаў пажарнай бясьпекі.

ЛЫЖКА ДЗЁГЦЮ…

Неяк няёмка распавядаць пра жыцьцё галяндзкіх студэнтаў толькі ў накірунку “глытайце сьліну, беларускія шкаляры”. Канешне, усе гэтыя выгоды ўражваюць, але я папрасіла сяброўку Волю, тую самую, што навучаецца ва Унівэрсытэце Амстэрдаму, распавесьці пра складанасьці і мінусы студэнцкага жыцьця ў Амстэрдаме.

Дарэчы, зараз трэба вырашаць сур’ёзнае пытаньне – дзе жыць. Казачную кватэру, да слова, – за 600 эўра штомесяц – даюць толькі на першы год. А потым – шукай дзе хочаш. Кватэра на дзьве пэрсоны абыдзецца ў месяц ня мяней за штуку эўрапейскіх грашовых адзінак.

Потым – падручнікі. Як бы я ні захаплялася іхняй бібліятэкай, інтэрнэту й наяўных кніжак не дастаткова. Праграма патрабуе пэўных матэрыялаў. Кніжкі перавыдаюцца штогод, таму часам няма сэнсу купляць падручнікі second hand.

На дапамогу з боку іншых студэнтаў можна забыцца – кожны сам за сябе. Квятнік нашага студэнцтва проста засох бы пад сонейкам такога індывідуалізму.

А галоўнае – халява не пракаціць. Ня зловіш яе па-над амстэрдамскімі каналамі.


ГАЛЯНДЗКІЯ СТУДЭНТЫ, БЕЛАРУСЬ І СУСЕДЗІ

Прыемна ўразіла зацікаўленасьць замежнікаў тым, што робіцца ў нашай краіне. Яны цудоўна валодаюць сытуацый. Часам для студэнтаў праводзяцца імпрэзы, прысьвечаныя Беларусі. Паказваюцца фільмы, якія мы тут і не пабачым. Арганізуюцца нават пікеты ў падтрымку. Нават ладзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў.

Але наагул галяндзкіх студэнтаў увогуле цяжка зьдзівіць. Прынамсі, распавесьці пра “Ветрык свабоды” у суседняй нам дзяржаве прыехаў сам Юшчанка (і мроіцца актавая заля менскага якога унівэра… але адзінае, што мроіцца). Ні пра якія скрызьнякі тубыльцы амстэрдамскага ўнівэрсытэту слухаць не жадалі – ў іх тая свабода ў кожнай кроплі паветра, таму задавалі яны пытаньні не на радасьць бабулькам – бо ніякіх там простых трансьляцыяў па тэлевізіі не было – а граматна і адкрыта.

Я там ня была – судзіць ня маю права. Але што галоўнае – саму магчымасьць стасункаў з прэзыдэнтам іншае дзяржавы ў межах навучальнага працэсу немагчыма не адзначыць.

Напрыканцы зазначу, што ўражаньне ад Амстэрдаму засталося менавіта як ад гораду моладзі. Патрапіўшы туды, адчуваеш прагу новага, нязьведанага, прагу жыць, усё пасьпяваць і быць у цэнтры падзеяў, быць гаспадаром свайго жыцьця. Усё тое ж можна адчуць і ў нас, калі моцна захацець.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0575 seconds.