Студэнты vs Адміністрацыя гарадзенскага ўнівэрсытэта

Студэнты-стыпэндыяты праграмы імя Каліноўскага зьвярнуліся ў Эўрапейскую асацыяцыю ўнівэрсытэтаў з просьбай спыніць сяброўства Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта імя Янкі Купалы ў асацыяцыі.

Таксама студэнты ў сваёй заяве просяць забароны прысутнасьці кіраўніцтва ГрДУ імя Купалы на міжнародных канфэрэнцыях, зьвязаных з адукацыяй і навукай і просяць зьвярнуцца да Ураду Эўразьвязу з патрабаваньнем забароны ўезду на тэрыторыю краінаў-сябраў ЭЗ рэктара ГрДУ Яўгена Аляксандравіча Роўбы і прарэктара па выхаваўчай працы і сацыяльных пытаньнях Тацьцяны Аляксееўны Бадзюковай, а таксама былога рэктара ГрДУ, дэпутата парламента Сяргея Аляксандравіча Маскевіча. Як заяўляюць студэнты, “гэтыя людзі непасрэдна займаюцца перасьледам і адлічэньнем з унівэрсытэта сябраў недзяржаўных арганізацыяў”.

Былы студэнт 3-га курса беларускай філалогіі ГрДУ Яўген Скрабутан пракамэнтаваў studenty.by дзеяньні студэнтаў: 

Я лічу, што праз цэлы шэраг палітычных адлічэньняў студэнтаў Гарадзенскі ўнівэрсытэт ня мае ні маральнага, ні юрыдычнага права быць сябрам дэмакратычнай асацыяцыі – гэта проста зьдзек над прыродай! І гэта ня нейкая помста з майго боку, а натуральная спроба дамагчыся справядлівасьці. А прымаць санкцыі да беларускай навучальнай установы, ці не – вырашаць ЭАУ, прынамсі факты парушэньня правоў студэнтаў у іх ужо ёсьць.

Яўген быў двойчы адлічаны з унівэрсытэта: у 2004-м годзе – за графіці “Спынім русіфікацыю!” і ў лютым 2006-га – за захаваньне каляндарыкаў з фотаздымкам Мілінкевіча. Абодва разы афіцыйнай фармулёўкай загаду было “парушэньне правілаў унутранага распарадку ВНУ". Першы раз Яўгену ўдалося аднавіцца пры дапамозе шматлікіх скаргаў у вышэйшыя інстанцыі. Сёлета барацьба працягваецца: чарговую скаргу ў Гарадзенскую пракуратуру хлопец падаў тыдзень таму. Зараз Яўген паехаў вучыцца ў Польшчу па праграме імя Кастуся Каліноўскага пры ўрадзе Польшчы.

Са словаў студэнтаў, цягам некалькіх гадоў з ГрДУ імя Янкі Купалы па палітычных матывах былі выключаныя студэнты: Вадзім Саранчукоў, Алесь Курсевіч, Ігар Шчэкарэвіч, Алесь Зарэмбюк, Юля Касьпер і Яўген Скрабутан.

Зараз Беларусь прадстаўленая ў ЭАУ толькі Гарадзенскім унівэрсытэтам імя Янкі Купалы і Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэтам. Нагадаем, што яшчэ меньш году таму сябрам асацыяцыі быў і БДЭУ. Але сяброўства ўнівэрсытэту ў ЭАУ было спыненае з-за парушэньня правоў студэнтаў у межах навучальнай установы. А менавіта – выключэньне студэнткі Тацяны Хомы з-за ейнага выезду за мяжу, дзе яна была абраная ў кіраўніцтва буйнейшай эўрапейскай студэнцкая арганізацыі. Тады Асацыяцыя прыняла рашэньне аб выключэньні ўнівэрсытэта зь ліку сябраў праз зварот эўрапейскай студэнцкай арганізацыі ESIB і спробы весьці перамовы з рэктарам БДЭУ сп. Шымавым, які адмовіўся прызнаць факты парушэньня правоў студэнтаў у навучальнай установе з боку адміністрацыі.

 

Зьвязаныя спасылкі:

Поўны тэкст заявы студэнтаў у ЭАУ

 У Горадні студэнта выключылі з унівэрсытэту за каляндарыкі са здымкам А.Мілінкевіча

Эўрапейская асацыяцыя ўнівэрсытэтаў прыпыняе супрацоўніцтва зь Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэтам

Выключэньне Тацяны Хома з БДЭУ выклікала хвалю абурэньня сярод беларускіх студэнтаў і эўрапейскіх структураў (падрабязьнасьці)

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0602 seconds.