Студэнты расейскай ВНУ правялі акцыю супраць ператварэньня інтэрнату ў "бардэль"
16 чэрвеня ля будынку прэфэктуры Ўсходняй акругі Масквы прайшла несанкцыянаваная акцыя студэнтаў МДТУ імя Баўмана, у якой прынялі ўдзел каля 30 чалавек.
Студэнты патрабавалі ад перфэкта акругі высяленьня з студэнцкага інтэрнату прадпрымальніка Аляксандра Папова, які, зь іхных словаў, незаконна акупаваў плошчу. Бізнэсмэн адчыніў у будынку інтэрната рэстарацыю, бар, саўну, начны клюб.
Акцыя пачалася ў 11:00. Студэнты ўсталявалі насупраць будынку прэфэктуры тры мэталёвыя бочкі, па якіх сталі біць палкамі. Такім чынам яны прадэманстравалі шум, у якім жывуць у сваім інтэрнаце. Праскандаваўшы лёзунгі “ня хочам жыць у бардэлі, шум і гам нам надакучылі”, студэнты раскідалі ўлёткі, у якіх паўтарылі свае патрабаваньні да пэрфэкта, а таксама падпалілі некалькі файераў, паведамляе polit.ru.
Акцыя працягвалася 3 хвіліны, пасьля чаго ейныя ўдзельнікі разьбегліся ў розныя бакі.
Аналягічная акцыя была праведзеная студэнтамі МДТУ імя Баўмана і ў лістападзе мінулага году. Але тады праз хвіліну ўсіх затрымалі, на гэты раз ніхто з удзельнікаў ня быў затрыманы.