Эмоцыі Басовішча-2006
Гул у галаве, мазалі на нагах, зблытаныя валасы, асіплыя галасы, дзікія выбухі эмоцыяў на тварах, піва… Чытайце кавалкі ўражаньняў сябраў каманды studenty.by аб Басовішчы-2006.
Людзі
Сёлета колькасьць людзей, што прыехалі паглядзець на “музыку маладой Беларусі” і проста патусавацца ў добрай кампаніі стала значна большай. Уся атрыбутыка з лягатыпам Басовішча разышлася хутка, некаторыя не пасьпелі набыць сабе нават значак. У намётавым гарадку месцаў на намёты не хапала, таму прышлося яго пашыраць. Але гэта праблемы не вырашыла, бо новыя месцы былі занятыя ўмомант. У выніку, неафіцыйныя намётавыя гарадкі сёлета масава павырасталі ў ваколіцах.
Вельмі шмат беларусаў прыехалі на Басовішча ўпершыню, сямнаццаты фэстываль для іх стаў першым. Па нашай статыстыцы, палова з тых людзей, што атрымлівалі візы з дапамогай studenty.by (а гэта каля 300 чалавек), ехалі на Басовішча ўпершыню.
Надвор’е, піва ды паесьці
Надвор’е гэтым разам спрыяла. Прагнозы ня спраўдзіліся, і дождж быў толькі штучным. Пажарная каманда адмыслова паліла пляцоўку перад сцэнай, каб прыбіць пыл перад выступам зорак. Гэты працэс вельмі абрадаваў некаторых панкаў.
У мінулым жа годзе многія папрачыналіся на другі ранак Басовішча ў лужыне. Дождж тады падтапіў добрую палову намётаў – пашчасьціла толькі тым, хто стаяў вышэй.
Сёлета вырасла інфраструктура фэстывалю. Гэтым разам, акрамя традыцыйнага бігаса і келбасак можна было выгодна пахарчавацца ў іншым шапіку, дзе прадаваліся кумпячкі, курыца, бульба і нават салацікі. Але піва ад традыцыйнага спонсара Басовішча бровара Зубр сёлета падаражэла, зьніжак для вялікіх кампаніяў таксама ня было. У выніку многія “затарываліся” на запраўцы непадалёк.
Вольная сцэна
Па вяртаньні з Басовішча пра музыку многія ўзгадваюць у апошнюю чаргу.
“Піў з Васяй!”, “Бачыў…”, “А даехалі мы!... Ого-го як!”, “Шкада, што праспаў…”, -- камэнтуюць у сваіх LJ беларусы. Пра “Вольную сцэну” сёлета беларусы ня пішуць зусім. На ёй выступалі беларусам зусім невядомыя маладыя польскія гурты.
Музыка. Першы дзень.
Адным зь сюрпрызаў гэтага Басовішча было адкрыцьцё. Першым на “фэстывалі музыкі маладой Беларусі” выступаў літоўскі гурт IR. Кажуць, што гэта лепшы літоўскі гурт. Здорава – бо хлопцы ў ім граюць маладыя, а значыць пэрспэктывы рок-музыкі нашых суседзяў вельмі неблагія. IR, як аказалася, мае наўпроставае дачыненьне і да Беларусі. Герман, вакаліст гурта, вывучае беларускую мову, а яго дзед некалі кіраваў у Вільні беларускім хорам “Сябрына”.
Сёлета арганізатары Басовішча пастараліся зрабіць стыль музыкі на фэстывалі больш разнастайным. Выступ рэп-гурта Ambasadar KROU/ČpB разбавіў традыцыйна рокавы фэст правакацыяй і неблагімі міксамі. Атрымалася відовішна і цікава.
Ужо другі год на Басовішчы гралі італійцы Orchestra Arturo Piazza. На гэты раз сюрпрызу не атрымалася, але народу спадабалася ня меней, чым мінулым разам. Лідэр італійцаў вывучыў вокліч “Жыве Беларусь!” і падзяліўся сваім стаўленьне да Сільвіо Берлусконі. Вясёлыя скокі пад завадных італійцаў – вельмі здорава, але ж ёсьць думка, што ў наступным годзе замест іх лепей будзе пачуць беларускую Крамбамбулю.
Традыцыйна класна ў першы дзень адыгралі Rima. У Беларусі выступ гэтага гурта у бліжэйшы час наўрад ці давядзецца ўбачыць – тым больш цудоўна бачыць гэтых зорак заходняга беларускага року штогод на Басовішчы.
Troitsa стварыла атмасфэру шаманства і дадала Басовішчу-2006 паганскіх рысаў. Фольк на фэстывалі аказаўся вельмі дарэчы, спадзяемся наступным годам убачыць і пачуць на Басовішчы таксама Палац.
У першы дзень выступалі яшчэ 5set5, Siddhartha, Zero – 85. Neuro Dubel зачыніў праграму першага дню. Як гэта было? Канешне здарова! ;)
“Марсіяне даўно ўжо тут…”Другі дзень.
Праграма другога дню афіцыйна пачынаецца з конкурснай часткі. Але перад ёй ідзе саўндчэк зорак, пад які пачынае прачынацца намётавы гарадок. Чамусьці другі год запар запомнілася наладка менавіта IQ48. “Марсіяне даўно ўжо тут…”, а вы яшчэ сьпіце? :)
Інтрыгай конкурснай часткі быў выступ гурта “Моцарт”. Гурт правёў моцную кампанію па сваім піяры ў інтэрнэце. У выніку ён атрымаў перамогу ў інтэрнэт-галасаваньні на Тузіне Гітоў і прайшоў на Басовішча па-за думкай журы Адборышча. Хлопцы рэпетавалі шмат нават у апошнія гадзіны перад сваім выступам, але “на бягу не нацалуесься”. Глядзець на іх без шкадаваньня было цяжка.
Намётавы гарадок працягваў прачынацца. Колькасьць людзей пад сцэнай паступова павялічвалася. Але конкурсная частка ўсё адно прайшла традыцыйна ня вельмі заўважанай для большасьці слухачоў.
Тых, хто праспаў конкурсную частку, разбудзіў Imprudence, распачаўшы сэрыю выступаў пераможцаў мінулага году. Пасьля іграла Зьмяя, вакалістка Зоя зноўку ўразіла сваім моцным вакалам. Другая частка праграмы Зьмяі была выкананая з новай вакалісткай гурта “Тарпач” Вольгай Самусік.
Tav. Mauzer за год набраўся яшчэ болей ўпэўненасьці і адыграў вельмі класную праграму. Шкада толькі, што за гэты год мы пакуль так і не дачакаліся іх альбому. Але ўжо гэтай восеньню хлопцы абяцаюць выхад “Радасьці”.
На выступ Indiga сабрала пад сцэнай вельмі шмат людзей, нездарма вядучыя прадставілі Русю як сэкс-сымбаль Беларусі. Але ж амаль трэцюю частку свайго часу на выступ гурт скарыстаў пад наладку. У выніку іх праграма атрымалася скарочанай. І фанаты гурта, што не ўбачылі Indigu на Басовішчы ў мінулым годзе, сёлета не пасьпелі атрымаць поўнай асалоды
За часам гэтым разам арганізатары стараліся сачыць вельмі ўважліва. Таму настойлівыя патрабаваньні публікі выхаду Крамы “на біс”, на жаль, ня былі ўлічаныя. Але пунктуальная Крама як заўжды паказала майстар-кляс і завяла Басовішча, выканаўшы акрамя старых і любімых гітоў новыя песьні.
Конкурс і вынікі
Самая інтрыгуючая частка Басовішча была агучаная млява і незразумела. Па просьбе вядучых старшыня журы мастак Леон Тарасэвіч яшчэ раз паўтарыў пераможцаў, але ў каго які прыз – многія так і не зразумелі. З гэтае прычыны і перад сцэнай, і за ёй ўсе перапытвалі “хто ж перамог?..” Але на Басовішчы няма пераможцаў па месцах, усе гурты, якія ўзнагароджаныя, і ёсьць пераможцамі фэсту.
Сёлета журы Басовішча абрала дастаткова дзіўную сыстэму ўліку думак сваіх сябраў. Так, напрыклад, пад час Адборышча, кожны сябра журы расстаўляў гурты ў рэйтынг, і тыя атрымлівалі адпаведныя свайму месцу балы, якія потым складваліся. Але ж на Басовішчы фаварыты кожнага сябра журы былі ў роўных умовах з дадатковымі гуртамі адзначанымі гэтым жа чалавекам. Паколькі густы ў сябраў журы розныя, то й фаварыты не супадалі. Па нашых зьвестках, пасьля падліку гэтых балаў было яшчэ дадатковае абмеркаваньне.
У выніку, некаторыя фаварыты “Адборышча” ўсё ж былі адзначаныя -- гурт S.D.M. атрымаў запіс у добрай студыі і грашовую прэмію, а магілёўскі гурт Nevma атрымаў грашовую прэмію “за дэбют”. Яшчэ адныя магілёўцы Vodar Susviet атрымалі гітару. Гурт Parason, які паабяцаў перад Басовішчам, што гэта іх апошняя паездка на фэстываль у якасьці канкурсантаў, атрымаў запіс у студыі і грашовую прэмію. “Людзі сьвятла” таксама атрымалі грашовую прэмію. Дарэчы, колькасьць прызоў на сёлетнім Басовішчы была адным зь галоўных плюсаў конкурсу.
Адхапілі свае прызы на Басовішчы ня толькі гурты, але і аматары беларускай музыкі. Вядучыя – Воля Кузьміч і Макс Івашын – узнагародзілі скрынкай піва “самы крэатыўны намёт”, свой куфаль піва атрымаў і чалавек, які дакладна назваў лічбу, колькі піва было выпіта на мінулым фэстывалі – 3000 літраў. Лявон Вольскі не перастае радаваць усіх сваімі творчымі задумкамі. Маечка, намаляваная ўласнаручна Лявонам, сышла з аўкцыёну за 250 злотых (каля 80 даляраў)!
Заканчэньне
Пасьля аб’яўленьне вынікаў конкурснай часткі Басовішча ў праграме засталося яшчэ шмат гуртоў, але ўсё ж нейкі сум ад таго, што Басовішча-2006 падыходзіць да заканчэньня ўжо зьявіўся.
Польскі гурт Sjel за год здабыў яшчэ большую папулярнасьць – і гэтым разам пад сцэнай было вельмі шмат людзей, якія чакалі выступу менавіта іх.
Далей выступалі яшчэ маладыя, але ўжо моцныя зоркі B:N, бярозаўскія хлопцы адыгралі цудоўна! (іншага ніхто і не чакаў ;) ). Сюрпрызам для гледачоў стаў выхад сяброў B.N. - напрыканцы выступу гурта на сцэне зьявілася вакалістка Тарпача і хлопцы з IQ48. Наступным быў Red Emprez зь Беластоку, але ж пасьля яго на сцэне зьявіўся галоўны сюрпрыз Басовішча-2006.
DrumEcstasy – гэта сапраўдны экстаз, у якім былі як самі музыкі, так і слухачы пад сцэнаю, у піўным бары – паўсюль. Мы не маглі адарваць вачэй ад музыкаў – яны проста заварожвалі. З боку сцэны туліліся людзі з “тэхнікі”(адказныя за сцэну і гук спэцыялісты) – такое ня мог прапусьціць ніхто зь іх. Drum Ecstasy – неверагоднае дасягненьне сёлетняга Басовішча.
Пасьля барабаннага экстазу прыйшоў час экстазу ад IQ48. Самы пазытыўны гурт Беларусі дзяліўся сваімі усьмешкамі з Басовішчам. “Здаровыя лосі” здорава адыгралі і прасьпявалі. На прыканцы быў сюрпрыз: на песеньку “Кумба” на сцэне зьявіўся яе аўтар Лявон Вольскі.
Лявон Вольскі і астатнія NRMаўцы традыцыйна закрывалі фэстываль. Гэтым разам часу на выступ гурта хапіла і NRM акрамя традыцыйных і старых гітоў адыграў 7 новых песень з альбому, які зараз пішацца.
Роўна ў 4.00, калі неба ўжо пасьвятлела, Воля Кузьміч і Макс Івашын аб’явілі фэстываль зачыненым.
Пачаўся адлік да Басовішча-2007. Да Басовішча, якому споўніцца 18, якое нарэшце зможа легальна напіцца півам :)
Аўтары: Vojur, Tarka, Baj