Гісторыю Беларусі будуць выкладаць па-расейску
Гісторыя Беларусі ў 9-10 клясах расейскамоўных школаў з новага навучальнага году будзе выкладацца на расейскай мове.
Пра гэта сьведчыць інструктыўна-мэтадычны ліст Міністэрства адукацыі "Аб выкладаньні гісторыі ў 2006-2007 навучальным годзе", які быў днямі надрукаваны. Нагадаем, што на расейскай мове зараз навучаецца каля 77% школьнікаў.
"Гэта працяг антынароднай палітыкі супраць усяго, што працуе на нацыянальную ідэю, супраць усяго, што аб'ядноўвае людзей на зьмены ў краіне. За гэтым рашэньнем бачыцца намер улады згуляць на палітычным полі саюзнай дзяржавы, нават не саюзнай, а расейскай. Уладзе не патрэбная Беларусь, як паўнавартасная краіна з сваімі нацыянальнымі каштоўнасьцямі, дзе гісторыя займае першае месца. Для іх Беларусь - гэта толькі пляцдарм. Але я думаю, што нічога ў іх не атрымаецца", - лічыць вядомы пісьменьнік Уладзімер Арлоў.
Варта таксама адзначыць, што апроч мовы выкладаньня прадмету зьмененая і
праграма курсу гісторыі Беларусі. Усе тыя ж навучэнцы дванаццацігодкі цяпер
будуць ў большых аб'ёмах вывучаць дваццатае стагодзьдзе, якое падзялілі на два
пэрыяды - для 9 і 10 клясу адпаведна. Але пакуль невядома, ці пасьпеюць
надрукаваць новыя падручнікі.
Многія яшчэ не губляюць надзею, што пад уплывам неабыякавай грамадзкасьці Міністэрства адмовіцца ад абсурдных новаўвядзеньняў.