Дзень сурка 26 красавіка: як Чарнобыльская трагедыя пераўтварылася ў забаўнае падарожжа

Ілюстрацыя: Воля Кузьміч, Generation.by

Хто не гуляў у «Сталкера» і не глядзеў фільм Таркоўскага – згубіў цэлы свет. Але свет гэты, відавочна, толькі варыяцыі на тэму Чарнобыля і апасродкавана звязаны з рэчаіснасцю. Аб тым, як рэпрэзентацыя зрабілася цікавейшай за катастрофу, распавёў кандыдат культуралогіі Аляксей Крывалап на канферэнцыі, прысвечанай 30-й гадавіне аварыі. Канферэнцыя прайшла 15 красавіка ў Менску.

Мы нічога не бачым самі

З драмы ў прывабнае падарожжа пераўтварылася аварыя на ЧАЭС за апошнія 30 гадоў – так акрэслівае аўтар сённяшняе бачанне катастрофы большасцю спажыўцоў інфармацыі.

Гэта адбылося паступова і звязана з імклівым развіццём камунікацыі між людзьмі:

“Сёння мы жывём у інфармацыйным грамадстве, – пачынае свой даклад Аляксей Крывалап. – І веданне аб тым, што здараецца вакол нас – гэта рэпрэзентацыя са звестак, якія мы атрымліваем праз інтэрнэт, радыё і тэлебачанне. На свае ўласныя вочы мы не бачым амаль што нічога”.

У тым ліку не бачым Чарнобыль. Ніхто не ведае, як там было падчас ліквідацыі. Туды мала хто едзе, бо гэта закрытая і небяспечная зона. Праблему не памацаеш – без спецыяльнага абсталявання нельга заўважыць радыяцыю і адрозніць цэзій ад плутонія.

Так з’яўляецца прастора для фантазіі, і на выхадзе мы бачым яшчэ адзін прадукт рэпрэзентацыі, які не абавязкова ідэнтычны рэчаіснасці.

“У гэты момант Чарнобыль можа быць прыроўнены да таго, што мы бачым у рэкламе, – кажа Аляксей. – Там нам тлумачыцца, што ў касметыцы, ежы і іншых прадметах ёсць шмат неверагодных рэчаў, якія нельга ўбачыць: супербактэрыі і вітаміны, якія дзейнічаюць фантастычным чынам. Такім жа чынам большая частка людзей не можа пабачыць наступствы Чарнобыля”.

Чарнобыль робіцца медыя-прадуктам

Нягледзячы на такую “фантастычнасць” з’явы, а можа, і дзякуючы ёй, тэма аварыі набывае рэкламны лоск. Аляксей праводзіць паралель:

“Мы можам параўнаць гэта з выпадкам “Тытаніка”, – кажа ён. – Безумоўна, розняцца маштаб і колькасць ахвяр, але абедзве гісторыі – чалавечая трагедыя, ахвяры, гісторыі кахання, згубленыя надзеі. Тэма прыдатная для кіно, кампутарных гульняў і кніг”.

Прастора для фантазіі дапаўняецца элементамі глэм-капіталізму і робіцца больш паспяховай камерцыйна – асаблівымі ўяўляльнымі атрыбутамі, якія павышаюць яе прывабнасць і ўмоўны кошт. Прадукт трапляе ў Топ-10 гульняў і кніг і такім чынам робіцца больш прэстыжным. Гэта служыць папулярызацыі тэматыкі, але не яе глыбіні:

“Мы не чытаем, мы перастаем паглыбляцца ў сутнасць праблем і абіраем рэйтынг, – кажа Аляксей Крывалап. – І Чарнобыль трапляе ў такі рэйтынг, напрыклад, праз топ гульняў ці фільмаў. Мы не задумваемся, што з людзьмі здарылася і дзе яны цяпер. Мы да гадавіны катастрофы зробім яшчэ адзін гіт-парад”.

Такім чынам, рэальную падзею зацягвае гейміфікацыя, і выніковы вобраз набывае рэшту характэрных рысаў:

“Гэта не мусіць быць сумна, гэта мусіць быць файнае, выдатнае падарожжа ў гэткі Бікіні Боттам (месца, дзе жыве Спанч-Боб)”, пры гэтым Бікіні Боттам вельмі сугучна з Атолам Бікіні – архіпелагам выспаў у Ціхім акіяне, дзе неаднойчы адбываліся выпрабаванні ядзернай зброі. – кажа культуролаг.

Вы патрапілі не пад той дождж

У выпадку катастрофы мы маем яшчэ адзін кшталт рэпрэзентацыі: не толькі файнае падарожжа ў медыях, але і пераасэнсаванне ў рэчаіснасці.

“Гэта можа быць выпадковасцю, але выглядае як тыповая з’ява: калі мы не можам забыць нейкую падзею, то можам змяніць яе сэнс. Гэта такая праца з памяццю”, – лічыць Аляксей.

Адныя азначэнні замяняюцца іншымі, а даты і сітуацыі – атрымліваюць новую афарбоўку. Так, колькі год таму у дзень, калі адбыўся ядзерны выбух у Нагасакі, у Беларусі заклалі капсулу на месцы будаўніцтва АЭС. Трагічная гадавіна зрабілася нагодай святкаваць.

Іншы прыклад – з 2012 году ўсе ліквідатары, якія жывуць у краіне, раптоўна зрабіліся ахвярамі, а не абаронцамі. Ім прапанавалі абмяняць пасведчанне на дакумент новага ўзору, паводле якога яны маюць статус пацярпелых, а не ліквідатараў:

“Гэта можна лічыць фармальнасцю, але назва змяняе значэнне, – кажа Аляксей. – Вы патрапілі не пад той дождж і самі вінаватыя. <…> І такіх варыянтаў пераасэнсавання, пераазначэння шмат. Гэта стратэгія разгортваецца паступова, і не кожны з элементаў мы бачым”.

У якасці яшчэ аднаго прыкладу Аляксей прыводзіць праект Яндэкс-мапы: да чарговай гадавіны катастрофы на сайце з’явілася магчымасць зрабіць анлайн-падарожжа ў забруджаную зону.

Праз сімулякры – да светлай будучыні

Праз суму рэпрэзентацый, паводле Аляксея, мы атрымліваем класічную бадрыяраўскую сітуацыю, калі ўжо не ведаем, дзе тут навіны, а дзе – сімулякры, мастацкая выдумка.

  • Сімулякр – копія, якая не мае арыгіналу ў рэальнасці, адлюстраванне рэальнага свету, якое не абавязкова адпавядае яму

“Гэта прыводзіць да таго, што мы ўспрымаем гадавіну Чарнобыля як Дзень сурка, – характарызуе сітуацыю Аляксей. – Кожную гадавіну мы мусім… праглядзець новы фільм пра Чарнобыль. Ад гісторыі з драмай мы пераходзім да спажывання новага медыя-прадукту”.

Чарнобыль пераўтвараецца ў тавар, бо сімулякр, у адрозненне ад навіны, прасцей зрабіць таварам для аматараў прыгодаў і гатычных вобразаў, трансфармаваўшы патрэбным чынам.

“Мы бачым, што [у падзеі] выдаляецца гуманітарнае, чалавечае вымярэнне, – лічыць культуролаг. – Мы не бачым за гэтым чалавечых жыццяў і ўспрымаем як гульню. З яе можна выйсці – і далей усё будзе класна. Але насамрэч няма такой кнопкі.

Гэта выглядае дзіўна на фоне будаўніцтва АЭС. Краіна, якая больш за ўсіх пацярпела, зрабіла нейкія дзіўныя высновы і імкнецца у будучыню, якую яна бачыць светлай”.

Чаму б будучыні не быць светлай, а інфармацыйнаму грамадству – не спажываць адначасна прывабны медыя-прадукт? – паўстае пытанне. Дарэчна на яго адказаць сумай вытрымак з іншых дакладаў канферэнцыі.

Маштабная катастрофа ёсць трагедыя і траўмай для тых, каго яна закранула. У кожнага чалавека асобна і ў грамадства ў цэлым не атрымаецца жыць так, нібыта нічога не здарылася.

Тэорыя сацыяльных навук і гістарычная практыка кажуць, што рана ці позна яны вернуцца да таго, аб чым спрабавалі забыць, і рызыкуюць патрапіць на тыя ж граблі.


Ганна Валынец 22:10, 25.04.2016 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0457 seconds.