«Чарнобыльская калыханка» — новы кліп ад Naka (+відэа)
«By you» ці «Чарнобыльская калыханка» — так называецца вядомы трэк менскага гурта Naka, прысьвечаны Чарнобыльскай катастрофе. Кампазыцыя доўга шукала рэжысэра, які адважыўся б ўзяцца за складаны матэрыял, і, нарэшьце, песьня атрымала сваё візуальнае ўвасабленьне.
Тым самым рэжысёрам, і, адначасова, мастаком новага відэа стала маладая дызайнэрка Насьця Шастак. Пачуўшы кампазыцыю, яна прапанавала гурту зрабіць ролік ў камбінаванай анімацыйнай тэхніцы, якая спалучае моманты перакладкі, маляванай анімацыі і пескаграфію. Яе творчы падыход спадабаўся музыкам.
Відэа, якое складаецца з сотні малюнкаў, стваралася на працягу года. Насьця працавала ў творчым тандэме са сваім мужам аніматарам Данілам Жугждом і гэта зусім невялікая каманда, улічваючы маштаб праекту.
«Ахопліваць такую колькасьць задач, замяняючы сабой цэлую творчую групу людзей, было няпроста, — пракамэнтавала ўражаньні ад працы Насьця Шастак. — Тым ня менш, я атрымала задавальненьне ад кожнага этапу стварэння фільма».
Паводле яе слоў, усё ў роліку ў выніку падтрымала і ўзмацніла адзін аднаго — тэкставы і музычны моманты, сама тэхніка перасыпкі, у якой выкананы кліп, сюжэтная лінія.
«Пескаграфія тут не даніна моднай тэхніцы, а форма, якая найбольш падыходзіць для ўвасабленьня ідэі, — падтрымала рэжысёра кліпа лідэр гурта Naka Насьця Шпакоўская. — "By you" — гэта апошняя калыханка, якую маці сьпявае свайму дзіцяці. "By you" — гэта ўсё матчыныя пачуцьці ў адрас родных — сына, брата, бацькі, блізкіх людзей, які сышлі ў нябыт. Гэта спроба нешта зьмяніць, якая, на жаль, скончыцца нічым. Гэта надзея, якая як пясок сыходзіць скрозь пальцы».
Тэлевізійная Прэм'ера кліпа «By you» адбудзецца на ўкраінскім канале канале A-ONE 26 красавіка. 16 траўня гурт Naka выступіць з сольным канцэртам у маскоўскім клубе China-Town-Cafe (Лубянскі пр-д, 25).