У Нясвіжы прэзентавалі гістарычны квэст па хованках і сутарэннях палаца Радзівілаў

«Першы гістарычны тэатралізаваны Квэст «Дванаццаць апосталаў» у палацы Радзівілаў» – за доўгай і амбітнай назвай стаіць сапраўды цікавая забаўка для беларусаў і замежных турыстаў Нясвіжа. Generation.by выпрабаваў квэст, што пабудаваны вакол таямнічай гісторыі пра статуі дванаццаці апосталаў, якіх Радзівілы схавалі некалькі стагоддзяў таму.

«Музычна-тэатральны, інтэрактыўны і пазнавальны», – такімі азначэннямі апісваюць імпрэзу яе стваральнікі: Музей-запаведнік «Нясвіж», Музычны Дом «Класіка» і кампанія Shukaj.by.

Галоўная прыцягальная ідэя квэсту – удзельнікі гульні могуць самастойна патрапіць у незвычайныя месцы палаца, куды немагчыма трапіць з экскурсіяй – сутарэнні, вежы, валы.

Квэст ахоплівае часы Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Падчас розных узроўняў гульні можна сустрэць Пане Каханку (ролю выконвае той самы Юрый Жыгамонт з «Падарожжаў дылетанта»), прайсці выпрабаванні ў Радзівіла Рыбанькі, убачыць і пачуць Марыю Дароту з роду дэ Кастэлян (ролю выконвае Маргарэта Ляўчук).

Дзеля захоўвання інтрыгі ды каб не загубіць цікавасць патэнцыйным гульцам падчас праходжання квэсту паролі і яўкі ў гэтым тэксце не прагучаць. Хіба толькі маленькія падказкі.

Калі перад брамай палацу сустрэць жабрака – гэта і ёсць пачатак квэсту. Пачастуйце гаротнага чалавека, чым зможаце, і ён вас таксама ў крыўдзе не пакіне.

Далей кожную каманду будзе чакаць асабісты незабыўны маршрут па палацавым комплексе з цікавымі выпрабаваннямі. Падчас розных узроўняў гульні нашчадкі зямлі Радзівілаў будуць правяраць здольнасці і ўзнагароджваць адпаведна.

У адной з вежаў палаца чакае прыемны сюрпрыз прыхільнікаў вандроўніцкай праграмы «Падарожжы дылетанта» ў асобе Пане Каханку, ролю якога выконвае Юрый Жыгамонт. Квэст правакуе ўдзельнікаў праявіць сваю ўважлівасць, спрытнасць і мужнасць.

На прэзентацыі гістарычнага квэсту для журналістаў кіраўнік праекта Shukaj.by Яраслаў Ліхачэўскі распавёў пра ідэю і асаблівасці праекта:

«Мы выступаем з боку ІТ-сферы, спрабуем зараз нешта ствараць і галоўным кампанентам нашых прадуктаў з’яўляецца любоў да нашай краіны, нашай гісторыі, нашай культуры, якая замацоўвае ўсё разам – і ў нас атрымліваецца.

Мы прапануем не толькі новы напрамак у турызме, але таксама нашы квэсты дазволяюць арганізаваць адпачынак як для карпаратыўных мэтаў, так і для асобных праектаў і святаў. Больш за тое, мы прапануем адмысловую школу, у межах якой удзельнікі могуць навучыцца ствараць квэсты самастойна».

Першы гістарычны тэатралізаваны Квэст «Дванаццаць апосталаў» у палацы Радзівілаў адбудзецца 26 верасня. Акрамя асноўнай квэст­праграмы наведвальнікаў Палаца ва ўнутраным дворыку чакаюць тэатральная дзея, інтэлектуальны клуб, музыка ад брас­квінтэта «Няміга», прысмакі, гульні і сяброўская атмасфера.

26 верасня, пачатак а 15.00, кошт аднаго квітка 230 тысяч рублёў. Квэст прадугледжвае ўдзел асобных каманд, колькасць гульцоў каманды ад 1 да 7 чалавек. Пачынаць гульню можна ў любы час з 15.00 да 18.00 гадзін.

Гульня адбудзецца пры падтрымцы Турыстычнай кампаніі «Віаполь», а таксама ŠKODA ў Беларусі. Найлепшыя каманды атрымаюць падарункі ад «Віаполь» і ад сеткі турыстычных крамаў «Актыўная зона» і AlpinePro.

Тэлефоны для даведак: +375177020602, Vel +375291903149; MTC +375295510851, +375292366166.


Юля Сакалоўская 17:17, 09.09.2015 | Рэпартажы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0553 seconds.