Беларуская студэнтка на Мальце. Частка 1: Культурніцкі шок.

Куды толькі не заносіць беларускіх студэнтаў улетку падчас вакацыяў! У гэты раз – кароткі агляд жыцьця на Мальце, а таксама знаёмства зь мясцовымі студэнтамі.

Адным з найбольш прыемных плюсаў працы ў міжнароднай студэнцкай арганізацыі зьяўляецца магчымасьць вандраваць і бачыць розныя краіны. Але ў большасьці выпадкаў гэта зводзіцца да вандроўкі па маршруце: аэрапорт-гатэль-офіс-гатэль-аэрапорт. І з-за таго, што часу на звычайны турызм не застаецца, то паступова нават не заўважаеш, што ты прыехала ў новую краіну. Але гэтым разам ўсё па-іншаму.

Гэтым разам я трапіла на Мальту!..

Тое, што ты знаходзісься ў іншай краіне, разумееш на Мальце зь першай сэкунды, калі робіш першы крок па-за межы самалёта. Гэта адчуваньне прыходзіць зь першай дозай паветра, якое ўдыхаеш (вельмі вялікая вільготнасьць), другі этап – твая скура трапляе пад пякучае сонца Мальты, наступны крок – ты бачыш як востраў выглядае (архітэктура, розныя гарадкі, якія хутчэй падобныя да кварталаў, чым асобных гарадоў, і мясцовы пейзаж наагул).

Мэта прыезду – сустрэча студэнцкай арганізацыі, трэнінг па міжнародных тэндэнцыях у вышэйшай адукацыі, сустрэча зь мясцовымі студэнтамі. Але гэтую рэдкую магчымасьць вандроўкі немагчыма не выкарыстаць, каб пазнаёміць наведавальнікаў studenty.by з тым, як жывуць студэнты на Мальце. Для пачатку некаторая агульная інфармацыя пра краіну-востраў.

Краіна Мальта – гэта прынамсі тры больш-менш буйныя востравы ў Міжземнамор'і на поўдні ад Італіі – сам востраў Мальта, таксама востраў Гоза, жыхарам якога характэрна моцнае пачуцьцё аўтаноміі, і востраў Каміна. Агульная колькасьць насельніцтва – 400 000 жыхароў. Зь іх колькасьць студэнтаў – ля 10 000. Вучацца яны ўсе ў адзіным унівэрсытэце. Пачынаючы расповяд пра Мальту варта зазначыць, што гэта бадай адзін з самых старажытных асяродкаў цывілізацыі. На востраве Гоза, напрыклад, знаходзіцца самы старажытны храм, які старэйшы за егіпецкія піраміды і на 1000 год старэйшы за брытанскі Стоўнхэндж.

 

Значную частку мальтыйскай культуры складае рэлігія і ўхваленьне Бога. Тут дагэтуль існуюць рыцарскія ордэны (напрыклад, знакаміты ордэн Мальціёскіх рыцараў, якія па легендзе выратавалі расейскага царэвіча ў 1917-м). Стаць сябрам ордэну можна і зараз, але ж я не стала запытвацца больш падрабязна, бо не маю такіх плянаў. Праходзілі мы побач з будынкам аднаго ордэну, жанчыны-удзельніцы якога маюць права пакідаць сьцены будынку ордэну толькі ў адным выпадку – пасьля сьмерці... Рыцарская тэматыка паўсюль – металёвыя дасьпехі, пушкі лічы на кожным куце, крэпасьці. Рэлігійнасьць таксама выражаецца ў вялізнай колькасьці статуяў Хрыста, альбо Маці Боскай (некалі быў закон, што калі чалавек будаваў дом на рагу вуліцы, то мусіў абавязкова там паставіць статую Хрысту). Кожнае мястэчка мае свайго сьвятога, неаторыя нават два ці тры.

У моўным пляне Мальта мае сытуацыю, чымсьці падобную да беларускай. Тут размаўляюць на двух мовах – ангельскай і мальтыйскай. Ангельскай – бо Мальта доўгі час зьяўлялася брытанскай калёніяй і ўплыў Брытаніі тут вельмі моцны (напрыклад чырвоныя тэлефонныя будкі, левабаковы рух, двухпартыйная палітычная сыстэма і г.д.). Але таксама ў іх ёсьць і свая мова, якая мае агульныя карані з арабскай мовай. Мова даволі занядбаная ў адукацыі, хоць на ёй размаўляюць большасьць людзей у жыцьці. Таму на ЭСІБаўскіх сустрэчах, калі справа заходзіла пра мовы ў адукацыі мальційцы і беларусы заўсёды разумелі адзін аднаго.

Але больш за ўсё маю беларускую душу ўразілі прыродныя пейзажы, якіх няма на Беларусі і якія ўвасабляюць экзотыку для мяне – мора, скалы на ўзьбярэжжы, пляжы, горы...

Падчас вандроўкі пашчасьціла трапіць на сустрэчу да прэмьер-міністра Мальты (мальтыйскі Тоні Блэр). Ён пачаў сваю прамову са словаў аб тым, што на Мальце няма прыродных рэсурсаў, няма нават вады, бо яны яе здабываюць з мора (ачышчаюць ад солі, нават з кранаў тут цячэ салёная вада). Мой калега па ЭСІБ пасьля сустрэчы заўважыў, што ўвогуле не разумее, як можна працаваць на Мальце, бо гэта месца створана для АДПАЧЫНКУ! Але як аказалася людзі тут і працуюць, і вучацца.

Дагэтуль ня веру, што мне пашчасьціла там пабываць. Мая скура ўпершыню ў жыцьці набыла залацістае адценьне. Але найбольш важна, што я сутыкунулася там з трохі іншай культурай, на мяжы паміж Эўропай, Афрыкай і Азіяй. Для мяне вучыцца на Мальце гэтак жы экзатычна, як і жыць там. Але больш падрабязна пра тамтэйшых студэнтаў чытайце ў наступнай частцы!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0575 seconds.