Новае месца і новыя даты адборачнага туру на Басовішча: "Адборышча-2006" пройдзе 23-24 чэрвеня ў Палацы мастацтваў
У выніку праблемаў з электрычнасьцю ў парку Dreamland, заплянаваны на 9 чэрвеня адборачны тур быў перанесены на 23-24 чэрвеня ў іншае месца. У новым варыянце "Адборышча-2006" будзе праведзенае ў два дні. У Палацы мастацтваў выступяць 20 маладых камандаў з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама адмысловы госьць – гурт-легенда беларускага рока.
Каардынатарка сёлетняга Басовішча зь беларускага боку Воля Кузьміч:
“У зьвязку з тым, што мы знайшлі магчымасьць правесьці адборачны тур не ў адзін дзень, а ажно ў два, то мы пашыраем колькасьць гуртоў, якія выступяць на Адборышчы-2006. Да заплянаваных 16-ці камандаў далучаюцца яшчэ 4, якія раней паводле рэйтынга, складзенага сябрамі журы ў выніку праслухоўваньня дэма-запісаў, займалі лаўку запасных”.
Такім чынам, да ўдзелу ў “Адборышчы” запрошаныя:
Авангардшкола,
Band A,
Vodar Susviet,
Голая MaNaшка,
Erectus,
Krok,
Lilith,
Людзі сьвятла,
Nevma,
Nothing to lose,
Parason,
ReliKt,
РоСтра,
S.D.M.,
SKA!RB,
Soulsides,
Sok,
Termin X.,
ZigZag,
Wanted!
Калі ў адной з камандаў ўзьнікнуць праблемы з пашпартамі (штампікі з дазволам на выезд за мяжу былі сярод умоваў удзелу ў конкурсе), на яе месца будзе запрошаны гурт, які знаходзіцца ўверсе дадатковага рэйтынга камандаў зь ліку 37 першапачатковых, якія ня трапілі ў асноўны сьпіс 20-ці.
У выніку галасаваньня судзьдзяў, якія ўваходзяць у журы Адборышча-2006, будуць вызначаныя 9 гуртоў, якія паедуць на сёлетняе Басовішча. Дадаткова 10-ы гурт ўжо абраны ў выніку інтэрнэт-галасаваньня на Тузіне Гітоў – гэта гурт “Моцарт”.
Выніковая 10-ка маладых беларускіх гуртоў 21-22 ліпеня ў Гарадку (Польшча) будзе змагацца за адну з галоўных ўзнагародаў фэстывалю – запіс у прафэсійнай студыі ў Польшчы (прыз “Радыё Беласток”) і шэраг іншых прызоў: фінансавыя ўзнагароды БАС, гміны Гарадку, Радыё Палёнія, Зьвязу беларусаў у Польшчы і інш.
Новая праграма Адборышча-2006 зараз дапрацоўваецца аргкамітэтам, але ўжо вядома, што заплянаваная легенда беларускага року, імя якой не агучваецца дзеля сюрпрызу, выступіць на закрыцьцё “Адборышча-2006” – 24 чэрвеня. Арганізатары плянуюць запрасіць на першы дзень адборачнага туру яшчэ адну рок-зорку, яе імя будзе агучанае пазьней.
Інфармацыя пра кошт квіткоў на Адборышча-2006 і месцы, дзе іх можна будзе набыць, зьявіцца на Studenty.by 16 чэрвеня (пятніца).