Дасьледваньні studenty.by: cтудэнцкія сталоўкі па-француску

Падарожжа ў Парыж апынулася багатым на ўражаньні ня толькі ад скрадаючых подых відаў самога Парыжу, але і ад уладкаванасьці студэнцкага побыту. У працяг сэрыі артыкулаў studenty.by пра студэнцкія сталоўкі вырашана апісаць сыстэму харчаваньня францускіх студэнтаў. Усе прыведзеныя ацэнкі ежы, выгляду і ўсяго іншага зьяўляюцца суб'ектыўнымі.

Сталоўкі па-француску

У Францыі існуе дзяржаўная кампанія, якая займаецца студэнцкім побытам, а значыць інтэрнатамі, сталоўкамі і некаторымі іншымі рэчамі сацыяльна-эканамічнага характару. Сыстэма харчаваньня – гэта найперш сыстэма студэнцкіх рэстарацыяў, якія зьяўляюцца звычайнымі сталоўкамі. Ежу там студэнты атрымоўваюць па талонах. Нечым нагадала мне гэта пачатак 90-х гадоў, калі я маленькай дзяўчынкай стаяла ў чарзе за хлебам і малаком з купкай рознакаляровых паперак у руках.

Кніжкі з талонамі можна набываць адразу на месяц, альбо на тыдзень, альбо наўпрост пры ўваходзе ў сталоўку перад ежай. Асаблівасьцю зьяўляецца тое, што адзін такі талон каштуе 2,7 эўра пры тым, што самы танны абед у Парыжы каштуе 10 эўра (гэта сапраўды вельмі танна, прынамсі, па парыжскіх стандартах). Пры гэтым, натуральна, за такія грошы ежа не зусім адпавядае нашым уяўленьням пра вытанчаную французскую кухню з жаб'імі лапкамі і віном збору 18ХХ году. Але агулам ежа даволі прыстойная. На мой густ дык трохі лепей за тое, што даюць у сталоўках БДЭУ (у маім уяўленьні гэта адна зь лепшых студэнцкіх сталовак у Менску).

З такімі талонамі студэнт можа паабедаць альбо павячэраць у любой са студэнцкіх рэстарацыяў у Парыжы. Думаю, гэта вельмі добрая ідэя, бо мне прыватна заўсёды было цяжка зразумець, чаму падобныя беларускія талоны (пры харчаваньні ў час праходжаньня лекаваньня ў студэнцкім прафілякторыі) можна было выкарыстоўваць толькі ў галоўнай сталоўцы БДЭУ, хаця сама сыстэма харчаваньня ўключае і кафэтэрыі, і інтэрнацкія сталоўкі.

І вось мы маем жаданы талон. Што далей? Далей – звычаная чарга ўздоўж прылаўка зь ежай. На такі талон студэнт можа ўзяць 1 галоўную страву і тры рэчы ў дадатак да яе.

Галоўную страву можна выбраць з 2-3-х. Яна ўяўляе зь сябе аб'яднаньне на ваш густ наступных страваў: бульба фры, рыс, якая-небудзь каша, мяса, рыба, шпінат, брусэльская капуста, вараная морква і г.д..

Дадатак: кавалачак францускага сыру, салата, якая-небудзь сьвежая гародніна, ёгурты, дэсэрты, пудзінгі, фрукты (яблыкі, грушы, кавуны, дыні, ананасы, ківі), марозіва.

Запіваецца гэта ўсё вадой, якая наліваецца з крану (мне прыватна пагадзіцца з гэтым было цяжка, настолькі моцныя ўражаньні ад беларускага трубапроваду). 

І усё гэта завяршаецца прыгожым рознакаляровым інтэр'ерам памяшканьня і гоманам францускай студэнцкай публікі.

Натуральна, гэта не дарагая рэстарацыя, і часам паднос можа быць не ідэальна чыстым, але агулам давер да ежы ёсьць у студэнтаў, бо гэта даволі смачна, хутка (ня трэба гатаваць самім), весела (можна сустрэць новых сяброў) і зручна. А гэта – самае галоўнае для студэнцкай сталоўкі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0617 seconds.