Дасьледваньні studenty.by. Студэнцкія сталоўкі: частка першая
Studenty.by распачынае сэрыю матэрыялаў пра неад’емную частку беларускіх ВНУ – студэнцкія сталоўкі. Асартымэнт, кошты і смак , інтэр’ер, час працы – нішто не засталося па-за ўвагай Яні Бурай і Волі Вітушкі. Першыя па маршруце – унівэр культуры, пэдагагічны і БДУ. Прыемнага чытаньня і… смачна есьці!
Студэнцкая сталоўка... сталовая... сталовачка... Так шмат успамінаў зьвязана з гэтай надзвычай важнай часткай унівэрсытэцкай інфраструктуры! Гэта месца ня толькі падсілкаваньня смачнымі (часам і ня вельмі), таннымі, па-хатняму зваранымі стравамі, але і пэрыядычных прагулаў нецікавых лекцыяў, рамантычных сустрэчаў, шчырых сяброўскіх размоваў, сьвяткаваньня значных унівэрсытэцкіх падзеяў і проста адпачынку.
Што ж уяўляюць сабой нашыя ўнівэрсытэцкія сталоўкі? Што паміж імі агульнага і што адрознага? Што прапануе кожная зь іх сваім вечна галодным студэнтам? Як выглядае звонку? Ці карыстаецца любоўю сваіх наведвальнікаў? Гэтыя пытаньні мы – Яня Бурая і Воля Вітушка – і вырышалі дасьледваць, узброіўшыся добрым настроем, воўчым апэтытам, вялікім энтузіязмам, лыжкай і відэльцам.
Прачуўшы пра незвычайныя прысмакі ў сталоўцы Акадэміі кіраваньня, мы рашуча накіраваліся туды з мэтай высьветліць, чым жа частуе сваіх студэнтаў такая афіцыйная ўстанова. Але нашыя грандыёзныя пляны бязьлітасна зьнішчыла ўсяго толькі адно слова пагрозьлівага выгляда ахоўніка... “Вашыя пропускі!”... Эх..., іх безумоўная адсутнасьць сарамліва выправадзіла нас за дзьверы...
Не разважаючы доўга над маршрутам нашага сталоўкавага рэйду, мы рушылі ва... Унівэрсытэт культуры (фота a). Нас сустрэла прасторная заля ў бэзава-карычневых танах са шматлікімі вольнымі месцамі (відаць, большасьць студэнтаў унівэрсытэта ўсе ж такі добрасумленна наведваюць заняткі) (фота b).
Дзённае меню гасьцінна і даволі стандартна прапаноўвала наступныя стравы. З халодных закусак варыяцыі кілбасы вэнджанай, доктарскай, вяндліны рубленай і загадкавага філея каляднага з салатам з квашанай капусты – 670 – 1640 р.; карысная капустачка марская па-карэйску - 660 р.; салат “Восеньскі” - 440 р; і да болю знаёмае яйка пад маянэзам - 530 р (фота с).
Выбар супоў небагаты – усяго толькі адзін боршч, да яшчэ й халодны (580 р.).
Самае смачненькае і дарагое – мясныя стравы. Сярод іх катлеты з філе сайды (што гэта такое, хто ведае?), пячонка сьвіная смажаная (фота d) (ня надта апетытна выглядае); шніцэль палескі (фота e)...Вау! Галубцы “Аматарскія” і нацыянальныя беларускія бульбяныя аладкі, фаршаваныя мяскам. Усе гэта ад 820 р. да 1570 р.
Нарэшце тое, чым можа падсілкавацца зусім незаможны студэнт – гарніры! Родненькае бульбяное пюрэ – усяго толькі 290 р.; капуста сьвежая тушаная – 470 р. (фота f); каша расыпчатая грэчневая – 180 р. Але жаданьне набыць танную кашку можа адбіць яе ня надта сьвежы выгляд (фота g).
Прапануецца і дыетычнае харчаваньне – тварог са сьмятанай і цукрам, супчык малочны грэчневы, сырнічкі са сьмятанкай – ад – 230 р 980 р. (фота h).
Папіць можна кампот з курагі – 400 р., гарбата “Ліптан” даражэйшая за кампоцік на 20 р., кава чамусьці на згушчаным малацэ і каштуе ўсяго толькі 330 р., сок жа таматны, ананасавы і апельсінавы – 470 і па 660 р. адпаведна.
Заўседы цікавіла пытаньне: колькі ж каштуе кавалачак звычайнага беларускага хлеба? – аказваецца 30 р.!
Ну а для аматараў салодкага прапануюцца яблыкі печаныя з цукрам – 500 р., вяршкі ўзьбітыя з шакалядам – 540 р. і разнастайныя булачна-кандытарскія вырабы.
Пасьля падрабязнага вывучэньня меню нашыя нешырокія студэнцкія кішэні і страўнікі вырашылі выбар стравы для дэгустацыі на карысьць салата “Бела-зяленага” – 650 р. (фота i). Агульнымі намаганьнямі ў здаровым салаціку былі знойдзеныя капустачка, гарошак і неймаверная колькасьць цыбулі (па нашых назіраньнях паўсюдная прысутнасьць пякучай цыбулькі сьведчыць пра гарачую любоў павароў да студэнтаў і чульлівы клопат аб іх здароўі).
Знайшлі мы ў самай “культурнай” сталоўцы і буфет (фота j)... А яшчэ ў навакольлі сталовай паліць забаронена вельмі цікавым знакам (фота k).
Наступнай на нашым дасьледніцкім шляху ляжала сталоўка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэта. Час працы – з 9 да 16, галодная субота і адпачынкавая нядзеля - выходныя. Прачытаўшы абвестку пра тое, што наведвальнікі ў верхняй вопратцы не абслугоўваюцца, мы паслухмяна пазбавіліся ад куртак. Сталовая цікавая, рознакаляровая, але памеры яе для такога вялікага ўнівэра здаюцца зусім не адпаведнымі (фота а).
Вывучэньне меню выявілі наяўнасьць у якасьці халодных закусак ужо знаёмых варыяцыяў кілбасы і вяндліны са сьвежым памідорам і агурком – 930-1360 р., для аматараў востранькага – спэцыяльны салат з сырам, часныком, морквай, яйкам, маянэзам за 700 р., таксама салат “Далекаўсходні” – 420 р.
З супоў можна выбраць расольнік ці зацірку – 600 і 410 р., з другіх страваў – рыбу адвараную ці адвараных куранятаў за 1040 і 2250 р., катлету “Нясьвіж”, асаблівыя біточкі і сасіскі “Доктарскія” ад 1030 да 2250 (фота b i c). Гарніры – каша пшонная, макароны ці традыцыйная тушаная капуста, якая дарэчы таньнейшая за капусту са сталоўкі ўнівэрсытэта культуры на 30 р.!
Мы ж не мяняючы сваіх правілаў абіраем салацік з памідорам, капусты і салодкага перцу за 610 р.... Пасьля доўгіх намаганьняў мы ўсе ж такі перчык знайшлі!!! (фота d i e) Салацік апынуўся смачнейшым за салат унівэра-канкурэнта. З размовы зь мясцовымі дзяўчатамі-студэнткамі мы даведаліся, што самая смачная страва ў меню – булачкі, бульбяное пюрэ часам падаюць з камкамі, а добра паесьці тут можна прыблізна на 3000 р. (фота f i g). А яшчэ тут ёсьць асобная заля для выкладчыкаў і супрацоўнікаў (фота h).
Ух, месца ў жыватах яшчэ засталося – накіроўваемся ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, дзе нас чакае студэнт Юрась Гецэвіч. Даведваемся, што ў БДУ, аказваецца, 3 сталоўкі – афіцыйная, паўафіцыйная і неафіцыйная! Поўныя цікавасьці крочым у афіцыйную, якая (фота а) працуе з 9.30 да 17 (на гадзіну больш, чым у пэдагічным ўнівэрсытэце) і зноў жа з выходнымі па суботах і нядзелях.
Заўважаем, што меню нашмат болей разнастайнае і сучаснае, чым у папярэдне наведаных унівэрах. Халодныя закускі дапоўненыя запечанымі канапкамі па 320 і 620 р.(фота b), салатам “Сталічны”, “Хвілінка”, салатам вострым з языком, адзіным па-беларуску названым салатам “Сонейка” за 450 р. і самай незразумелай для мяне стравай – селядзец з цыбуляй. Яйкі ж пад маянэзам прыпраўленыя зяленым гарошкам. Суп – украінскі боршч – 440 р. (фота с). Іншыя стравы – рыба, плоў, сьвініна “Апетытная”, біфштэкс “Смак”, філе з птушкі ад 1660 да 2220 р. З гарніраў – уплыў заходняй культуры - бульба фры - і каша грэчневая. Напоі – какао, кампот, сок, нектар, мінеральная вада. Есьць адмысловая студэнцкая страва – чэбурэкі “Студэнцкія”. А таксама дыетычныя стравы, самая танная зь якіх – кефір – 200 р. Аб’ектам жа нашай дэгустацыі быў салат востры зь языком – такая распаўсюджаная цыбуля, агурок, язык... Смачна, хоць і сапраўды востра.
Насядзеўшыся ў афіцыйная сталовай, мы накіраваліся ў больш цікавую паўафіцыйную... Апынулася, што гэта буфет на першым паверсе (фота h i g), дзе студэнты набываюць булачкі, напоі і зьядаюць іх проста стоячы.
А неафіцыйны – гэта звычайныя аўдыторыі, у якіх і падсілкоўваюцца студэнты падчас і паміж стамляльных лекцыяў.
Такім чынам, падводзячы вынік насычанага і сытага дня, робім наступныя высновы:
Самы смачны салацік — сталовая ўнівэрсытэта культуры;
Самыя ветлівыя супрацоўнікі — сталовая БДПУ;
Самае цікавае наведваньне — сталовая БДУ;
Самая ўтульная заля — сталовая ўнівэрсытэта культуры.
Наперадзе яшчэ шмат унівэраў і шмат прысмакаў, таму наш сталовачны рэйд працягваецца! А справаздачу мы зьмесьцім у наступным артыкуле.Смачна есьці!!!
Фота Волі Вітушкі