Мода на веганаў

Vegan food restoraunt
Новы веганскі рэстаран адкрыўся нядаўна ў цэнтры Кіева, побач з рэвалюцыйным Майданам. Фота: Юра Сідун 

Днямі самая фастфудная краіна свету адзначыла чарговы штогадовы Нацыянальны Дзень Гамбургера. Тым часам мода на адмову ад мяса і іншых прадуктаў жывёльнага паходжання авалодвае планетай і дабіраецца да Беларусі. У нас тут яе прымаюць не толькі хіпсцеры, але трошку і іх мамы, занепакоеныя ростам цэннікаў у мяса-малочных аддзелах.

Для тых, хто ў танку

Веганы — самыя-самыя тру вегетарыянцы, якія не ўжываюць не толькі мяса і рыбу, але ўвогуле ўсе прадукты жывёльнага паходжання, у тым ліку яйкі, малако, а некаторыя адмаўляюцца таксама і ад мёда.

Слова «веганства» для азначэння адпаведных людзей распаўсюдзілася ў 40 гадах XX ст. з той самай краіны, адкуль бярэ шлях сучасная мода на вузкія джынсы і музыку Indie. Тэарэтыкам субкультуры стаў заснавальнік Брытанскага Веганскага Таварыства Дональд Уотсан, які апісаў «немалочнае вегетарыянства». Сам Дональд нарадзіўся ў маленькім шахцёрскім гарадку, дзе наваколле ну ніяк не спрыяла выбару прадуктаў харчавання. Пасталеўшы, траццацігадовы Дональд вырашаў жыць у згодзе з жывёламі і стаў веганам. А 1 лістапада 1944 года яшчэ і заснаваў першае ў свеце веганскае таварыства. Таму цяпер у гэты восеньскі дзень па ўсім свеце адзначаецца Дзень веганства. Пражыў Уотсан дарэчы 95 год.

У нашы дні веганы сталі не меншым трэндам, чым акуляры Рэйбан, або ровары-фіксы. Але каб трымацца новай моды на ежу, патрэбна куды болей высілкаў, чым у набыцці апошняй мадэлі гаджэтаў.

Веган Уладзімір

«Кожны веган мусіць падыходзіць свядома да гэтага пытання, — кажа Ўладзімір, веган з пяцігадовым стажам. — У грамадстве існуе стэрэатып, калі захварэў звычайны чалавек, гэта ўспрымаецца нармальна, а калі веган захварэў нават на звычайную прастуду, некаторыя мяркуюць, што гэта абавязкова з-за формы харчавання».

Год таму ў Уладзіміра была траўма каленнага сустава, ён не мог перасоўвацца.

«Некаторыя нават казалі, што гэта з-за таго, што я не ем мяса. Але няўдачна паслізнуццца можа кожны!»

Хлопец замовіў у інтэрнэце харчовыя дадаткі і амінакіслоты і цяпер усё зноўку ў парадку.

Простыя лічбы

Кожны веган сцвярджае, што пачуваецца лепей з таго часу, як ужывае толькі прадукты раслінага паходжання. І яшчэ можа прывесці жменю іншых плюсаў веганства. Адна з самых старэйшых кніг, такая сваеасаблівая біблія веганства No Animal Food: Two Essays and 100 Recipes (Лондан, 1910) апісвае тузін прычын быць веганам. Сярод іншага, аўтар кнігі Руперт Уэлдан прысвяціў яшчэ й цэлую главу эканамічным выгодам для дзяржавы. Напрыклад, пераказваючы аднаго лонданскага прафесара, Уэлдан сцвярджае:

  • 100 акраў (40,5 га), што прызначаныя да гадоўлі авец могуць пракарміць 42 чалавека
  • 100 акраў (40,5 га), што прызначаныя да вырабу малака, могуць пракарміць 53 чалавека
  • 100 акраў (40,5 га), што прызначаныя да гадоўлі пшаніцы, могуць пракарміць 250 чалавек
  • 100 акраў (40,5 га), што прызначаныя да гадоўлю бульбы, могуць пракарміць 683 чалавека.

У якасці іншага макраэканамічнага плюса аўтар прыводзіць змяншэнне беспрацоўя, бо для вырошчвання пшаніцы ці іншых зернавых патрабуецца болей рук.

Калі паглядзець на сучасную беларускую сельскую гаспадарку, то можна таксама знайсці некалькі аргумантаў супраць жывёлагадоўлі. І рэнтабельнасць прадукцыі раслінаводства ў сярэднім вышэй за малочную і мясную, і цэны ніжэйшыя. Напрыклад, у 2012 годзе адна тона сырога мяса каштавала як дзевяць тон зернавых.

Але што да звычайнага пакупніка, то гэта досыць спрэчны момант, ці з’яўляецца веганскі лад жыцця таннейшым.

«Грошай выходзіць заўсёды па-рознаму, залежыць ад прадуктаў. Але агулам танней. Аснову майго харчавання складаюць высокакаларыйныя прадукты, крупы і бабовыя. Але я рэдка ем садавіну і гародніну», — кажа Ўладзімір.

«...но в каждом холодильнике лежит моя нога»

Але як бы хутка трэнд не распаўсюджваўся сярод беларускай моладзі, большасць народу ўсё адно есць і мясныя і малочныя прадукты. І досыць шмат. На мяса, малако і рыбу беларусы трацяць 23% усіх сваіх спажывецкіх выдаткаў. (На гародніну і садавіну да прыкладу толькі 4%). Што цікава, за апошнія гады беларусы сталі есці малочныя і мясныя прадукты значна больш.

Яшчэ і вытворчасць злых для веганаў прадуктаў вырасла. А вось збор бульбы і гародніны наадварот значна зменшыўся.

Зрэшты прыхільнікі ідэі веганскай Беларусі могуць суцешацца тым, што па аб'ёме спажывання ані мяса, ані малочных прадуктаў на аднаго чалавека, у адрозненні ад алкаголя, Беларусь не ўваходзіць нават у дзясятку краін-лідараў. Самыя мясныя краіны — Люксембург, Кітай ды ЗША, а малочныя прадукты вельмі любяць у Фінляндыі, Швецыі і Нідэрландах. Ну а рыба ніколі не была папулярным прадуктам беларусаў.

Этычнасць веганаў

Тру-веган не той, хто адмовіўся ад прадуктаў жывёльнага паходжання, але той, хто вядзе этычны лад жыцця. То бок, не купляе тавары, пры вырабе якіх пакутавалі жывёлы. Ён не носіць скураныя боты ці швэдар з воўны. А таксама не карыстаецца касметыкай, якая была апрабаваная на жывёлах.

У Заходняй Еўропе шмат фірм выкарыстоўвае гэта ў свай маркетынгавай стратэгіі. На рэкламных бордах і флаерах красуецца зялёнымі літарамі напісанае: «Веганскі абутак» ці «Этычная вопратка». Адзін з найстарэйшых такіх брэндаў у Еўропе — KNOWLEDGE COTTON APPAREL вырабляе мужчынскую вопратку з арганічнай бавоўны. Дацкая фірма прываблівае пакупнікоў сваёй філасофіяй: яны не толькі не шкодзяць навакольнаму асяроддзю, але і паважаюць працу, таму не шыюць сваю адзежу ў Кітаі, Бангладэжы і іншых краінах, дзе невыносныя ўмовы працы і адкуль прыходзяць Mango, H&M і іншыя вядомыя танныя брэнды.

У Беларусі такую нішу пакуль ніхто выразна не заняў. Некаторым даводзіцца шукаць і разбірацца ў складніках тканіны, а некаторыя, як напрыклад Уладзімір наўпрост замаўляюць абутак і вопратку за мяжой.

Сучасныя тэхналогіі ў дапамогу

21-Day Vegan Kickstart

Бясплатная iOS-праграмка для неафітаў з падрабязным рацыёнам на тры тыдні. З рэцэпцікамі і матывацыйнымі карцінкамі.

Is it vegan?

Дадатак пад Android, скануе код прадукта і піша, ці з’яўляецца прадукт веганскім. Такая сабе прыкольная забаўка. Праўда функцыянуе далёка не на ўсіх беларускіх таварах.

VEBU

Дармовы даведнік для вандровак па кавярнях і рэстарацыях з веганскай ежай. Паказвае наяўнасць побач vegan-friendly устаноў.

Vegan Recipes

Кулінарная кніга вегана.

Для тваёй мамы

Калі ты раптам наважышся змяніць свой рацыён, то хутчэй за ўсё першы чалавек, які будзе пратэставаць супраць новага ладу жыцця, гэта мама. Але Ўладзіміру пашчасціла.

«Бацькі ўспрынялі неяк нейтральна. Я жыву з імі, ежу гатую сам, таму маме не так напружна. А бацька дык увогуле, неадразу здагадаўся».

На выпадак доўгіх дыскусій з бацькамі лепей падрыхтавацца і сабраць аргументы ад аўтарытэтных людзей. Канешне, не сказаць, што ўсе дактары падтрымліваюць такое харчаванне. Напрыклад, загадчык кафедры гастраэнтаралогіі БДМУ Юры Марахоўскі мяркуе, што калі не есці мяса, то можна і не нанесці шкоды арганізму. А вось не есці малочныя прадукты немагчыма.

Аднак у свеце існуе немалая колькасць саміх дактароў-веганаў.

«Калі веганскі рацыён складзены слушна, то ў яго няма мінусаў. А плюсаў шмат: больш вітамінаў, менш тлушчаў і халесцярыну», - лічыць терапеўт-веган з Санкт-Пецярбургу Аляксандр Польшын.

Лекары папярэджваюць, што веганскі лад жыцця можа прывесці да недахопу ў арганізме некаторых мікраэлементаў і вітамінаў. Але іх можна знайсці і ў прадуктах расліннага паходжання, важна не спыняць пошукі.


Настасся Кахановіч 22:00, 04.06.2014 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0495 seconds.