Чуеце суседзяў, а яны – вас?
Будуючы вялікія дамы з маленькімі кватэрамі, якія пры гэтым дрэнна гукаізаляваныя, улады ўсіх часоў імкнуцца задаволіць патрэбы людзей у сваім «куточку». У выніку, акрамя свайго «куточка» і асабістага жыцьця, уладальнікі такіх кватэраў бонусам атрымоўваюць гісторыі жыцьця сваіх суседзяў, расказаныя ім сьценамі… :)
Жыхары дома N адной ноччу не маглі заснуць ад храпа бамжа, які «прылёг» у іх пад’езьдзе. У гэтым выпадку хочацца пашкадаваць гэтых людзей і падумаць, што лепш бы ім не давалі спаць суседзі, захопленыя сэксам ці бой гадзіньніка бабулі зьнізу. А можа проста пажадаць ім спакойнай і ціхай ночы, калі такое, канешне, магчыма.
«Хто плаціць, той замаўляе музыку», а у нас часта наадварот
Найбольш часта людзі чуюць працуючы тэлевізар сваіх суседзяў. Магчыма ня самы горшы варыянт? Можна, напрыклад, скарыстацца гэтай магчымасьцю на сваю карысьць і выявіць ў твары сваіх суседзяў апанэнтаў ці аднадумцаў па стылі жыцьця, поглядах ці грамадзка-палітычных перакананьнях. Накоплены досьвед можна скарыстаць на выпрацоўку стратэгіі камунікацыі ці ўплыву на суседзяў. Тое ж самае можна казаць і пра музыку. Але часта шматпакутная талерантнасьць і вывучэньне густаў сваіх суседзяў пераходзіць ўсе межы.
З крыкам, плачам і шумам, якія сыходзяць ад суседзкіх дзяцей змагацца ці зьмірыцца складаней, лічаць многія. У такіх выпадках суседзі сям’і зь дзецьмі задумваюцца, што бацькі тыя зьвяры ці проста балуюць сваё дзіця, а можа і зь дзіцём штосьці ня так. Выбачацца за шум за сьценкай прыходзіць мала хто і мала калі.
Тамара, выкладчыца, узгадала свайго юнага суседа і з усьмешкаю назвала яго «вождём краснокожих»:
«Бывае, што чую, як бацькі прымушаюць сваё актыўнае дзіця, што падымае вэрхал у кватэры, сядзець спакойна. Аднойчы завіталі да мяне выбачыцца. Я іх выслухала і шчыра параіла ім выхоўваць дзіця, але не перашкаджаць хлопцу разьвівацца, не ствараць у дзіцяці комплексаў :)».
Крыкі і разборкі сямейных, ўлюблёна/неўлюблёна параў таксама хочацца часам прыпыніць. Ня ўсе адважваюцца пазваніць ў дзьверы й міла папрасіць «размаўляць цішэй». Яшчэ меншая колькасьць людзей у час апагею набірае нумар міліцыі. Выклік дзяржаўных службаў заўсёды зьвязаны з шэрагам бюракратычных працэдураў. Хто, што, чаму, вашы дакумэнты і прапіска, якія адносіны маеце да сваіх суседзяў, падпішыце тут і там, будзеце сьведкамі etc. Вось з чым прыходзіцца сутыкнуцца, калі проста захочаш дапамагчы суседзям і, галоўнае, пазбавіць сваё спакойнае жыцьцё ад неспакойных падзеяў за сьценкай.
Іра, дызайнэр: «У мяне была аднойчы рэальная маральная дылема. Суседзі зьверху бурна і доўга вырашалі адносіны, а пасьля грукат шкла і цішыня. У гэты момант у мяне і майго сябра была адзіная думка - набраць 02. Але ж тады будзе шмат пытаньняў да нас. Хто і як тут жывем. А жывем як большасьць моладзі у нас. Здымаем кватэру і плацім грошы наўпрост гаспадарам. Суседзям, канешне, хацелася па-чалавечы дапамагчы, але атрымоўваць з-за гэтага шэраг пытаньняў ад супрацоўнікаў у форме, а пазьней і падатковай - жаданьня не было. 02 не выклікалі. Суседзяў бачылі на наступны дзень. І здаецца, што ўсё ў іх абышлося.»
Выйсьце заўсёды ёсьць
Ня варта пад «выйсьцем» адразу разумець дзьверы сваёй кватэры, якія вядуць на вуліцу ці дзьверы тых суседзяў, ад якіх сыходзіць крыніца гуку.
Доўгі час пытаньне гукаізаляцыі ў грамадзянскім будаўніцтве ня ўлічвалася. Галоўнай задачай быў разьлік тэхнічнай трываласьці. Таму ўладальнікам ці жыхарам такіх кватэраў мінулага стагодзьдзя прыходзіцца клапаціцца пра шумаізаляцыю самастойна.
Праблемы гукаізаляцыі ў сучасным сьвеце вырашаюцца рознымі шляхамі. Як прынята шмат дзе ў Эўропе, можна пачаць прытрымлівацца правілаў грамадзкага парадку. Прапісаных і непрапісаных правілаў… Шумець да 23.00 – значыцца да 23.00. А пазьней, толькі ў тым выпадку, калі суседзяў гэта таксама задавальняе.
Розныя ўзроставыя групы фармуюць свае «жылыя кварталы». Моладзі не прыходзіцца сябе абмяжоўваць, калі ў іх як раз працоўны ўздым ці час для актыўнага адпачынку, бо за суседнімі сьценамі такія ж аднадумцы. А бабулям, дзядулям, ды наогул людзям іншага пакаленьня і сьветаўспрыняцьця жывецца таксама лёгка і ціха ў сваім асяродку са сваімі разборкамі.
Усякага роду пакрыцьцё (паркет, дывановае пакрыцьцё etc) таксама спрыяюць гукаізаляцыі. Пры магчымасьці можна заняцца і перабудовай кватэры, а дакладней сьценаў і зрабіць іх шматслойнымі з дапамогай спэцыяльных матэрыялаў. У такім выпадку жылая плошча пакоя можа зьменшыцца на пару сантымэтраў, але прыбавіцца колькі цішыні! :)
Неаб’ёмным, але дзейсным ратаваньнем могуць быць бірушы і навушнікі з добрай музыкай! А яшчэ на дапамогу ідзе сама вясна зь яе вабячым сьвежым паветрам і прыграваючым сонейкам і зорным начным небам! Выбар заўсёды за вамі! :)