Тры гады свабоднага палёту беларускай музыкі: Што зьмянілася?

Роўна тры гады таму адбылася гістарычная сустрэча забароненых беларускіх рок-музыкаў зь ідэолягам адміністрацыі прэзыдэнта Праляскоўскім. Тады, пасьля трох гадоў існаваньня таемных сьпісаў забароненых музыкаў, Аляксандар Кульлінковіч, Лявон Вольскі, Алег Хаменка, Ігар Варашкевіч і Піт Паўлаў паспрабавалі разарваць заганнае кола адмененых канцэртаў і падпольных прэзэнтацый, дзеля чаго схадзілі на размову ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Праз тры гады «свабоды» Generation.bY вырашыў разабрацца, што сталася ў выніку таго лёсавызначальнага «паходу» і ці не шкадуюць музыкі аб зробленым.

«Рок-н-ролл мертв», «Мікалай Халезін: Дзеянні музыкаў амаральныя», «Пляски с дьяволом» — гэта далёка ня поўны пералік газэтных і сеціўных загалоўкаў, прысьвечаных сустрэчы пяці беларускіх музыкаў і тагачаснага галоўнага прэзыдэнцкага ідэоляга Алега Праляскоўскага (цяпер ён, дарэчы, стаўся міністрам інфармацыі).

Быў канец восені 2007 — трэці год з моманту правядзеньня фатальнага для некаторых гуртоў канцэрту на «Бангалёр» супраць трэцяга тэрміну прэзыдэнта Лукашэнкі. Беларускія чыноўнікі толькі-толькі пачалі завучваць слова «лібэралізацыя». У гэты момант як маланка сярод туманнага балота грымнула навіна аб сустрэчы лідэраў «Крамы», «N.R.M.», «Нэйра Дзюбеля» і «Палацу» з Алегам Праляскоўскім — кіраўніком галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта.

Тады Праляскоўскі паабяцаў музыкам падтрымку, даў тэлефон сваёй прыёмнай і спытаў, ці ня будуць яны болей «дурэць» і выступаць на няправільных мерапрыемствах. Музыкі адказалі «незразумелым мармытаньнем», але нічога ідэолягу не абяцалі. Затое забарона на іх выступы, якая існавала з таго самага канцэрту на Бангалёр у 2004, была зьнятая. Што яшчэ зьмянілася з тых часоў, і ці зьмянілася штосьці ўвогуле?

«А чаго шкадаваць?»

Большасьць наведвальнікаў намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта не шкадуюць аб сваім удзеле ў тым «паходзе» (а лідэр «Палацу» Алег Хаменка ўвогуле лічыць такую пастаноўку пытаньня недарэчнай).

«Гэта была правільная справа, і для нашых прыхільнікаў і для вельмі многіх рок-музыкаў гэтай краіны, ня толькі для ўдзельнікаў паходу», — тлумачыць сёньня Кульлінковіч. 

«А чаго шкадаваць? — кажа Лявон Вольскі. — Было і было. Зрэшты, там бы выдатна паразумеліся й безь мяне, але нічога не было зроблена такога, каб потым пакутаваць ад згрызотаў сумленьня».

Сапраўды, шкадаваць няма аб чым. Музыкі пераехалі зь менскіх задворкаў, дзе звычайна з 2005 па 2007 год праводзілі свае напаўпадпольныя канцэрты, у вялікія залі і клюбы. Большасьць музыкаў пасьпела засьвяціцца на дзяржаўным тэлебачаньні, Neuro Dubel засьпяваў з Ксеніяй Сітнік, а «Палац» нават узяў удзел у адборы на Эўрабачаньне. Піт Паўлаў дык увогуле нечакана для ўсіх заняўся арганізацыяй… турніру па грэка-рымскай барацьбе:

«Я сам калісьці займаўся грэка-рымскай барацьбой, быў чэмпіёнам гораду», — тлумачыць Піт. Музыка нават песьню да турніру новую напісаў. «Жыцьцё — гэта схватка» завецца.

Некалькі фактаў пра Піта Паўлава за апошнія тры гады...

Піт Паўлаў

«І Праляскоўскі тут ні пры чым…»

Іншы погляд на жыцьцё, гледзячы па ўсім, спавядае яшчэ адзін удзельнік той сустрэчы Ігар Варашкевіч. Апошні альбом яго гурта так і завецца «Жыцьцё — гэта дзіўны сон», які быў прэзэнтаваны ў 2007-м за некалькі месяцаў да сустрэчы з Праляскоўскім. Выхад яго, на думку музыкі, і ёсьць найбольш значны вынік апошніх гадоў. І Праляскоўскі тут ні пры чым:

«Альбом быў запісаны таму, што мы яго запісалі», — кажа лідэр «Крамы».

«Сытуацыя зьмяняецца не праз нейкую сустрэчу, а сама па сабе, праз аб’ектыўныя абставіны, — кажа Лявон Вольскі, які выдаў за гэты час некалькі зусім розных альбомаў, адрадзіў на сэкунду „Мрою“ і заняўся здыманьнем мюзыклаў. — Напрыклад, людзі цяпер не купляюць дыскі. Але мы мелі шэраг выбітных канцэртаў».

Лявон Вольскі за апошнія тры гады...

Лявон Волські

Дарэчы, дыскі цяпер сапраўды не купляюць. Але не таму, як гэта абяцалі ў роспачы некаторыя прыхільнікі гуртоў, што нехта на музыкаў пакрыўдзіўся і пакляўся плыткі ў рукі ня браць. Проста Сеціва і музыка сапраўды сталі іншымі, а найбольш пасьпяховыя рэлізы беларускіх гуртоў за апошні час (дастаткова прыгадаць тых жа «Ляпісаў») адбыліся менавіта ў Інтэрнэце.

А вось для Алега Хаменкі сытуацыя ў творчасьці, на яго думку, пасьля той сустрэчы асабліва ніяк не зьмянілася, хаця «канцэрты перасталі забараняць, і стаўленьне начальства і ўсіх астатніх памянялася на больш станоўчае».

Але вось гэта «больш станоўчае» стаўленьне, здаецца, толькі спадар Хаменка і здолеў канвэртаваць у канкрэтныя вынікі. Нагадаем, лідэр «Палаца» нават паспрабаваў пры падтрымцы Менгарвыканкаму арганізаваць першы за доўгія гады оўпэн-эйр пад Менскам. Bela Music, праўда, замачыў дождж, а журналісты зьвязалі правядзеньне выступу хутчэй не са скандальнай сустрэчай, а «лібэралізацыяй», якая якраз паўгода таму набірала абароты.

«Мы атрымлівалі прапановы і ад таго, і ад іншага боку на ўдзел у розных мерапрыемствах. Але большасьць прапаноў была нецікавая», — кажа Алег Хаменка. Цяпер для «Палацу» галоўны крытэр у дылеме выступаць\не выступаць пад пэўным сьцягам «ня сувязь з тым ці іншым бокам, а цікавасьць, значнасьць прапановы для культуры Беларусі».

«Усе залежыць ад таго, куды мы едзем, як мы едзем і што мы робім. І ці суадносіцца гэта з нашымі плянамі», — кажа спадар Хаменка.

Алег Хаменка і «Палац» за апошнія тры гады...

Алег Хаменка

  • Трапіў у паўфінал адборачнага туру да Эўрабачаньня 2008
  • Паставіў свой новы рэкорд — амаль 20 канцэртаў за верасень 2008 па ўсёй Беларусі
  • Выпусьціў аўдыё-праект «Беларускія народныя казкі» на 10 дысках
  • Выступаў на розных фэстах, зладжаных дзяржаўнымі ўстановамі і мясцовымі ўладамі («Зов Полесья», «Маладзечна-2009», «Славянскі базар» ды інш.) і правёў першы за доўгія гады менскі оўпэн-эйр Bela Music пры падтрымцы дзяржавы
  • Разам з Алесем Камоцкім запісаў гімн па просьбе хакейнай каманды «Дынама-Мінск»

Не адбіўся «дазвол на канцэрты» і на творчасьці «Нэйра Дзюбэля». Аднак гурт вярнуўся з канцэртамі ў «Рэактар», зрабіў «прыкольную песьню з Ксеніяй Сітнік», а выступы гурта траплялі ў эфір дзяржаўных тэлеканалаў.

«Забарона ціснула на выступы, камунікацыі менавіта зь беларускай публікай праз канцэрты. А песьні пісаліся і тады і цяпер. Усе зьмены тычацца толькі адсутнасьці праблем з выступамі і эфірамі, — распавядае Аляксандар Кульлінковіч. — Аднак мы ня так часта „сьвецімся“. „Нэйра Дзюбель“ гурт не камэрцыйны і асабліва не „зьвязьдзіць“. Таму пагасіць нас было складана».

Аднак канкрэтных прапановаў ні ад апазыцыі ні ад дзяржаўных установаў лідэры «Нэйра Дзюбеля», N.R.M. ды «Крамы» не ўзгадваюць.

«Не паверыце, не было [прапановаў ад дзяржаўных установаў ці ад апазыцыйных партыяў]. А-а! адзін раз прапаноўвалі ўдзел у Bela Music, але мы ня ўдзельнічалі», — кажа Лявон Вольскі.

«Ніколі і ні ад каго не было прапановаў. Думаю, абодва бакі ня мелі патрэбы ў нас альбо ведалі адказ», — мяркуе Кульлінковіч. 

Ігар Варашкевіч і «Крама» за апошнія тры гады...

Ігар Варашкевіч

  • Ігар Варашкевіч стаў мастаком і паўдзельнічаў у выставе «Дэпрэсія і Арытмія: жывапіс і графіка жывых людзей»
  • «Крама» трапіла на ТБ — узяла ўдзел у Калядным праекце ОНТ 2008
  • Ігар Варашкевіч зьмяніў стыль: клясычны чорны берэт са строгай камізэлькай саступіў месца разьняволенай паласатай кашулі і яркаму капелюшу
  • Насуперак традыцыі польскі фэстываль «Басовішча» у 2010 годзе прайшоў без гуртоў усіх наведвальнікаў Праляскоўскага

Калі будзе Лукашэнка, усё магчыма

Цікава, што нягледзячы ні на якія дазволы і прарывы, беларускія музыкі ўсё яшчэ адчуваюць, што могуць трапіць пад забарону ўлады:

«Калі зноў будзе Лукашэнка ва ўладзе, то ўсё магчыма», — адразае Варашкевіч.

Хаменка больш мякка выказвае прыкладна тую ж думку:

«Забаранялі і Beatles, і Армстронга, і Высоцкага, і Цьвятаеву, і Ясеніна, і Палац, і каго заўгодна. Дакладна такой забароны безумоўна быць ня можа. Але нешта падобнае можа здарыцца. Гэта ж было ня толькі ў савецкіх, але і ў заходніх грамадзтвах таксама».

Аляксандар Кульлінковіч і Neuro Dubel за апошнія тры гады…

«Дзякуючы сустрэчы не адбылося нейкіх сур’ёзных музычных дасягненьняў, — кажа Вольскі. — Гэта была паказальная акцыя. Прадэманстраваць пачатак лібэралізацыі, проста дазволіўшы канцэрты незалежных музыкаў — што ўжо можа быць прасьцей для паляпшэньня іміджу. Так і зрабілі. Але для нармальнага існаваньня сучаснай музыкі трэба, каб быў хоць нейкі недзяржаўны шоў-бізнэс. А тут з гэтым сур’ёзныя праблемы».

Усё можа паўтарыцца «ў любы момант», лічыць Аляксандар Кульлінковіч:

«У сьвядомасьці ўладаў нічога не зьмянілася. І, наколькі я ведаю, за межамі Менску забаранялі і працягваюць забараняць. Магчыма, ужо па асабістай ініцыятыве таго ці іншага чыноўніка. Рок ня ў гонары ў гэтай краіне, як і свабода слова, а рок — гэта свабода. Я ня маю ілюзіяў».

«21 лістапада [дзень сустрэчы ў Адміністрацыі прэзыдэнта] ў Беларусі яшчэ ня хутка забудуць», — пісаў аб тых падзеях для «Süddeutsche Zeitung» нямецкі журналіст Інга Пэц. Як паказаў час, забыцца можа ўсё. Але ад вандроўкі па новаму колу па забытых сьцяжынах ніхто ў Беларусі пакуль не застрахаваны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0663 seconds.