Алег Хаменка пра выступ на Эўрафэсьце: «Можам сябе адчуваць упэўнена нават на папсовай сцэне»

­­

«Пал­ац» на Эўрафэсьце заняў трэцяе месца паводле галасаваньня гледачоў, але ў чацьверку фіналістаў не патрапіў. Каманда Generation.by была на здымках­ Эўрафэсту на Першым канале. Як гэта было? Глядзіце фота. А па выніках канцэрту на тэму Эўрабачаньня і Беларусі, «Палацу» і Эўрафэсту у размове з Generation.by разважае лідэр «Палацу» Алег Хаменка.

­

15 паўфіналістаў 21 сьнежня выступілі ў простым эфіры Першага каналу. У фінал патрапіў пераможца галасаваньня гледачоў і тры выступоўцы паводле выбару журы: Руслан Аляхно, Gunesh, гурты «Litesound» і «По глазам». 

Галоўнай інтрыгай Эўрафэсту быў удзел гурта «Палац», які ўжо тры гады не зьяўляўся ў эфіры дзяржаўных тэлеканалаў з-за негалоснай забароны. Большасьць паўфіналістаў Эўрафэсту прапанавалі на Эўрабачаньне ангельскамоўныя сьпевы, частка — расейскамоўныя. «Палац» апынуўся адзіным гуртом, які выканаў сьпеў па-беларуску. Дарэчы, непасрэдна ў час простага эфіру гурт «Dali», які выступаў пасьля «Палацу» з ангельскамоўным сьпевам «Silver Sky», выканаў апошні куплет па-беларуску.

Паводле галасаваньня гледачоў, якое адбывалася напрыканцы трансьляцыі канцэрту ў суботу позьнім вечарам, першыя месцы ўзялі Руслан Аляхно (6089), «Litesound» (3967) і «Палац» (2438). Але яшчэ напачатку канцэрту старшыня журы Эўрафэсту Міхаіл Фінберг паведаміў, што ў фінал пройдуць два, тры ці чатыры выканаўцы — у залежнасьці ад таго, як вырашыць журы. І, зрэшты, саміх пераможцаў таксама абірала журы.


Алег Хаменка ў размове з Generation.by пасьля выступу адзначае, што адчувае сябе і разважае «не як удзельнік, а, хутчэй, як чалавек, які папрысутнічаў на гэтай справе».

Як і да пачатку беларускага адборачнага туру на Эўрабачаньне, так і зараз лідэр «Палацу» адзначае, што «заяўку падалі, па сутнасьці, выпадкова і ставіліся да гэтага скептычна»:

«Пайшлі для таго, каб былі ўласныя ўражаньні аб самім фэсьце і выканаўцах. З гэтага пункту гледжаньня, мы ўсё атрымалі і гэта галоўны плюс. Штосьці было адкрыцьцём, мы ўбачылі, як яно насамрэч адбываецца, штосьці сапраўды не спадабалася.»

«Сярод знакамітых на беларускай поп-сцэне выканаўцаў далёка ня кожны можа ў Эўрабачаньні паўдзельнічаць»

Праз два дні пасьля выступу Алег разважае ня столькі пра ўласна выступ «Палацу», колькі пра ролю фэстывалю, фармат Эўрабачаньня і беларускіх выканаўцаў наагул: 

«Я ўпэўнены, што магчымая беларускамоўная песьня на фэстывалях такога накірунку. На жаль, пакуль і грамадзтва, і музыкі не зусім падрыхтаваныя да таго, каб прапанаваць беларускамоўную песьню на фэстываль такога кшталту як Эўрабачаньне.

Пасьля ўдзелу ў Эўрафэсьце мы маем сваё ўражаньне і меркаваньні пра ўзровень беларускіх маладых выканаўцаў, пра тое, хто і як можа прасьпяваць. Разумеем, што сярод знакамітых на беларускай поп-сцэне выканаўцаў далёка ня кожны можа ў ім паўдзельнічаць. І не таму, што яны не падалі заяўку, а таму, што яны не ў стылістыцы і не ў фармаце. Яны проста ня ў стане там якасна выступіць.»


«Граючыя трэнэры»

Найбольшае станоўчае ўражаньне Алега Хаменкі ад Эўрафэсту — гэта маладыя музыкі:

«Litesound — гурт, які быў для мяне адкрыцьцём. Я яго ня бачыў ніводнага разу. У гэтым станоўчы бок фэстывалю — ён можа даць больш увагі для маладых гуртоў.»

Далей з жартам дадае:  

«Усе разумелі, што Алег Хаменка старэйшы за самага сталага ўдзельніка больш чым на 12 год і па сутнасьці быў бацькам кожнаму выканаўцу. І некаторыя ўдзельнікі журы маладзейшыя за мяне, і яшчэ я бы мог творчасьць кагосьці з журы сам пажурыць:). Але тое, што мы граючыя трэнэры — песьціць наша самалюбаваньне.»

«Гэта ж ня проста такі гарадзкі конкурс самадзейнасьці — гэта можа быць першы штуршок для прадусараў»

Сам факт удзелу «Палацу» ў адборачным туры на Эўрабачаньне прыцягнуў увагу да фэстывалю аўдыторыі, якая ня так уважліва сочыць за падзеямі ў поп-музыцы. У блогах многія выкладалі заклікі галасаваць за «Палац» і разьмяшчалі банэры. Хаця амаль ні ў кога ня было ілюзіяў наконт празрыстасьці адбору гуртоў. Паглядзеўшы на кухню беларускай падрыхтоўкі да Эўрабачаньня, Алег Хаменка разважае пра недапрацоўкі. І найбольшай недапрацоўкай лічыць закрытасьць адбору ўжо на першай стадыі конкурсу, калі з пададзеных заявак абіралі 15 выканаўцаў на паўфінал:

«Гэты этап адбору, безумоўна, павінен быць з прысутнасьцю і журналістаў, і кампазытараў, і прадусары абавязкова павінныя былі б паглядзець, хто падае, якія ёсьць вынаходкі. Таму што гледачы і людзі, якія прафэсійна займаюцца музыкай, ня могуць пабачыць гэтыя адборачныя туры, а там былі сапраўды цікавыя зьявы. Канешне, ня ўзроўню Эўрабачаньня, але гэта ж ня проста такі гарадзкі конкурс самадзейнасьці — гэта можа быць першы штуршок для прадусараў, напрыклад, які б зьвярталі ўвагу, што наагул ёсьць, якія людзі, якія можна зрабіць праекты.

Другі момант — гэта недастатковы час паміж першым і другім конкурсам. За якіясьці 12 дзён свой нумар дарабіць практычна немагчыма. Напачатку ўсе няўпэўненыя, ці патрапяць у лік паўфіналістаў. Усе спадзяюцца: калі нас назавуць — тады мы дапрацуем. Нумары амаль як былі на адборачным — так і патрапілі ў эфір. Выступы адбываліся не ў канцэртнай залі, а на тэлебачаньні. Зразумела, на якасьць карцінкі гэта адбіваецца станоўча. Але на саміх выканаўцаў — не. Адна грымёрка для ўсіх 15 камандаў. Усе стомленыя, нэрвовыя — і на экране бачна нэрвовасьць.

Ну і па-трэцяе, незразумелае тэлефанаваньне з галасамі гледачоў. Гэта ж зусім не адмоўна, калі можна патэлефанаваць за пэўнага выканаўцу. Але былі вельмі спрэчныя вынікі і тое, што гэтыя вынікі і зараз нідзе не камэнтуюцца, сьведчыць аб тым, што там гэта ня толькі не дапрацавана, але, магчыма, што і некарэктныя ёсьць моманты. Прысутнічае непразрыстасьць.»

 

«Можам сябе адчуваць упэўнена нават на папсовай сцэне»

Ці будзе «Палац» надалей спрабаваць патрапіць на Эўрабачаньне?

«Мы будзем спрабаваць адсочваць, назіраць, куды і да чаго гэта мяняецца. Але самі ўдзельнічаць не зьбіраемся. Хаця ніколі не кажы ніколі:)

Зараз, пасьля перапынку, які быў у нас у эфірах на дзяржаўных каналах, „Палацу“ трэба было ўпэўніцца, што мы можам вельмі ўпэўнена сябе адчуваць як на магутных рок-фэстывалях побач са сталымі знакамітымі зоркамі як Крама, NRM ці Крамбамбуля, так і побач з зусім маладымі выканаўцамі. Таксама можам сябе адчуваць упэўнена нават на папсовай сцэне. І гэта нам важна для ўласнага сьцьверджаньня сваёй моцы, свайго меркаваньня ці свайго шляху.»

­­­ ­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.