Людзі засумавалі па «Краме»

Гурт «Крама» нарэшце прэзэнтаваў свой новы альбом «Усё жыцьцё — дзіўны сон». Падзея наколькі чаканая, настолькі ж неверагодная, адбылася ў Менску 25 верасьня.

Сапраўдныя блюз-рокеры

Калі апошні раз у «Крамы» быў такі вялікі сольны канцэрт у Беларусі, ужо ня памятаюць нават закасьцянелыя фанаты гурту. Але гэта не перашкодзіла ім прыйсьці аўторкавым вечарам у адзін зь менскіх клюбаў, каб адчуць знаёмую, і з-за таго — яшчэ больш дарагую іх фанацкім сэрцам атмасфэру «самага сапраўднага англа-амэрыканскага блюз-року».

Менавіта такое азначэньне музыцы гурта даў легендарны расейскі блюзмэн Мікалай Аруцюнаў, які адмыслова дзеля гэтага канцэрту прыехаў у Менск.

Крама і Аруцюнаў

Новымі альбомамі «Крама», калі ня лічыць складанку «Будзь разам з намі — The Best», ня радавала з 2001, а запіс гэтай плыты расьцягнуўся ажно на цэлы год. Пры чым сродкі на запіс і выданьне дыску зьбіралі ўсім сьветам. Таму тым каштоўней і тым істотней для музыкаў стаў гэты альбом, у некаторым сэнсе выніковы, як адзначыў лідэр гурту Ігар Варашкевіч. Зьмяшэньне стыляў, спляценьне сьцёбных песень тыпу загалоўнай «Стэфка праз 20 гадоў» і больш сур’ёзных, напрыклад «Неба — лёс арла», як у музычным сэнсе, так і ў паэтычным, паказвалі намер «Крамы» «стрэліць» як мага далей, прадэманстраваць увесь прафэсіяналізм, што атрымалася назапасіць за апошнія 15 год існаваньня гурту.

Эпапэя пра сарваныя прэзэнтацыі дыску цягнулася яшчэ зь вясны. Прадусар гурта Павал Кашырын казаў пра магчымае судовае разьбіральніцтва з чыноўнікамі Менгарвыканкаму, якія не дазвалялі адзін канцэрт за другім, спасылаючыся на быццам бы «нізкі мастацкі ўзровень гурту».

«Дзякуй Іне Афанасьевай, за тое, што прыйшла сёньня на наш канцэрт!» — абвясьціў шчасьлівы вядоўца.

Іна Афанасьева на "Краме"

Сталыя дзядзькі ў гальштуках, моладзь у рваных джынсах і цішотках з палітычнымі лёзунгамі — для кожнага «Крама» значыць нешта сваё. Але музыкі ніколі не абмяжоўвалі сваю творчасьць нейкай пэўнай аўдыторыяй.

«Музыка, якую мы граем, мае права на існаваньне і яна не састарэла. Але я ніколі не разьлічваю спэцыяльна на тых, хто будзе слухаць: моладзь гэта будзе ці больш сталая публіка. Штучна мы ніколі нічога не прыдумваем — гэта галоўны прынцып «Крамы» — зазначыў лідэр гурту Ігар Варашкевіч.

It’s only rock and roll but I like it!

Стыль музыкаў застаўся нязьменным: усё той жа сталы Варашкевіч за мікрафонам з гітарай ці губным гармонікам, усё тыя ж дзевяцібальныя хвалі на мяжы рока, блюза і фолка.

Разнастайнасьць у выступ унесьлі запрошаныя музыкі. Новую праграму, у якую ўласна і ўвайшлі песьні з альбому «Усё жыцьцё — дзіўны сон», музыкі выконвалі разам з «запрошанымі зоркамі». Руся выйшла сьпець разам з Варашкевічам кампазыцыю «Неба», на якую ўжо зьняты кліп, праўда, без удзелу вельмі занятай Русі. А бубнач джаз-гурту «Apple Tea» Алесь Сапега заклікаў з дапамогаю свайго ўлюблёнага інструмэнта «Рушыць на піва», седзячы на месцы Андрэя Філатава — афіцыйнага бубнача «Крамы».

Акрамя вышэй адзначаных беларускіх музыкаў у запісу альбома прымаў удзел стары сябра «Крамы» Мікалай Аруцюнаў. З яго выхадам на сцэне пачалося сапраўдная бура. Бо блюзмэн, які, як любяць казаць вядоўцы канцэртаў, «граў з самім B. B. Kіng’ам».

Зараз гэты цудоўны выканаўца можа дадаць да сваёй біяграфіі яшчэ адну слаўную старонку — ён граў з самім Ігарам Варашкевічам і сьпяваў па-беларуску «Выпі са мной да дна». У альбоме Аруцюнаў выканаў «Бяжы, бяжы, хлопец». А на сцэне дапасаваў да гэтых дзьвюх беларускамоўных песень «It’s only rock and roll but I like it!» «Rolling Stones» і песьню «The Doors». Ды прасьпяваў іх так, што самому Джыму Морысану, калі б той быў зараз жывы, ня сорамна было б выканаць той кавэр з музыкамі «Крамы» на адной сцэне.

Энэргія Аруцюнава, яго непаўторная ўсьмешка, манэра сьпяваць і заводзіць залю файна спалучалася з хітовымі хуткімі песьнямі гурту. Але вось больш павольная «Выпі са мной да дна» неяк не пасавала да вобразу звышрухомага маскоўскага блюзмэна.

Той сумесны выступ Аруцюнава з музыкамі надоўга запомніцца фанатам гурту. Але яшчэ болей ім запомніцца сама прэзэнтацыя, бо, як зазначыў блюзмэн:

«Людзі засумавалі па «Краме», гэта бачна. Таму сёньняшні канцэрт — адзін зь лепшых за апошні час для мяне».

«Мы перамаглі, таму што мы зрабілі канцэрт», — патлумачыў Ігар Варашкевіч. «Мы не рабілі агульную рэкляму, толькі мінімальна ў Інтэрнэце, па тэлефоне. Але для такой рэклямы ў клюб прыйшло добра людзей. Пры большай рэкляме мы б сабралі і КЗ «Менск». Нягледзячы на самы сумны і жахлівы час канцэрт адбыўся!»

І гэта сапраўдная перамога. Пасьля чэргі няўдачаў і перашкодаў. Але тое ня першая перамога музыкаў, і, вядома ж, не апошняя.

Фота - Алесь Bezuher, Полі

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0596 seconds.