КУЛЬТурныя людзі: слухай Русю
Русін дзень пачынаецца...
Вельмі цяжка... Я люблю прачынацца недзе а 10 раніцы, а спаць класьціся а трэцяй-чацьвертай ночы. Звычайна я адразу ўключаю тэлефон, гляджу, колькі там смс-ак напрыходзіла за ноч, абавязкова іду ў інтэрнэт, бо я internet-addict проста жудасны. Спрабую па раніцах не забывацца на вакальныя практыкаваньні. На сьняданак звычайна часу не хапае.
Калі я на працы, то інтэрнэт валіць нон-стопам... Але часам хочацца наўпрост ад усяго гэтага ўцякчы, зрабіць паўзу, на некалькі тыдняў нават. Першыя дні адбываецца ломка, а потым цяжка зноўку прызвычаіцца да сучасных тэхналёгіяў.
Дробязі, якія робяць Русю шчасьлівай
Мяне робяць шчасьлівай памаранчавыя герберы. Калі я прачынаюся раніцою, а ў вакенца глядзіць сонейка і птушкі сьпяваюць. І гэта такое шчасьце, што хочацца вакно расчыніць і зь імі прасьпяваць нешта. Ці калі хтосьці наўпрост тэлефануе спытацца, жывая я там ці не. Люблю, калі мама, брат і сястра тэлефануюць мне вельмі рана і пачынаюць сьпяваць у слухаўку «мы цябе любім, ты наша сонейка». Спачатку хочацца прыбіць таго, хто так рана тэлефануе. А потым мілыя дзіцячыя галасы ў слухаўцы поўняць шчасьцем кожны мой уздых.
Пытаньні сямейныя
Мая маці заўсёды зьдзіўляецца маім заняткам і майму стылю жыцьця. Маўляў, чаму ты жывеш так, як табе ў галаву стукне. Яна шмат пытаецца «Чаму? Чаму? Чаму?» А я ёй нагадваю, што, маці, ты сама ўцякла ад бацькоў у 14-15 год, выйшла замуж у 19 за нейкага беларускага хіпі і бубнача, які горача любіў моцныя мужчынскія напоі. І зараз ты ў мяне пытаесься, чаму я такая ў цябе нарадзілася?
Маці займаецца ўсялякім мастацтвам: вельмі добра малюе, робіць шыкоўныя фотаздымкі і прыгожыя дэкорскія штукі для дома. Калі я была маленькай, у нас не было грошаў на шпалеры – маці папросту на сьцянох рабіла вялікія малюнкі.
Бог інтымнага боку жыцьця
На дзьвярах сваёй спальні маці намалявала карціну, якая паўплывала на маё стаўленьне да мужчын: на каленях стаіць прыгожы мужчына ўсходняга тыпу, такі чарнявы, з барадой, і ўздымае рукі да месяцу і напрост глядзіць на яго. А жанчына таксама на каленях, але вельмі нізка, хіліцца да мужчыны і абдымае яго за талію, а галаву кладзе перад каленямі. І я вырашыла, што мужчыну трэба любіць, быццам ён твой першы і апошні на ўсё жыцьцё. Трэба наўпрост дзякаваць яму за існаваньне ў тваім жыцьці. І калі ў мяне завязваецца новы раман – бывае, што ён працягваецца некалькі год, а бывае – некалькі гадзін – я заўсёды вельмі шчыра кахаю, нібыта гэта галоўны і апошні мужчына майго жыцьця.
Мая бабуля, калі памірала, сказала: «Каханьне і жарсьць – гэта падарунак ад Бога. Таму калі ў тваім жыцьці яны сустрэнуцца – ніколі не адмаўляйся».
Пачынаючая фэміністка Руся
Аднойчы Лявон Артуравіч Вольскі – такі заўсёды галянтны, падае мне руку з аўтобусу выйсьці. А мне неяк так сорамна стала – сам Лявон Артуравіч, як-небудзь сама зьлезу. І ён мне зрабіў заўвагу: «Што, Маруся, Вы таксама пачынаючая фэміністка? Зараз гэта модна – не адклікацца на дапамогу з боку мужчын».
Шмат хто ўяўляе, што фэміністка – гэта абавязкова вар’ятка, якая люта ненавідзіць усіх мужчын. Гэта ня так. Гэта жанчына, якая разьлічвае не на мужчыну, які здабудзе мяса і прыцягне ў пячору, а разьлічвае выключна на сябе і адказвае за свае ўчынкі таксама сама.
У мяне дзесяцігадовая сястра і я заўсёды кажу ёй, што ня трэба зь сябе рабіць нешта кшталту сацыяльнага тавару: тыпу я самая прыгожая – трэба знайсьці якога багатага мужа. Я звяртаю яе ўвагу на тое, што яна павінна сама быць самастойнай, упэўненай у сабе – і гэтым прыцягваць людзей. Мне падаецца, што многія бацькі так і выхоўваюць дзяцей: дзевачку можна выгадна «прадаць», а мальчыка ажаніць на якой-небудзь дурачцы з багатымі бацькамі.
Павіч, відэльцы ці супадзеньняў не бывае
Я веру, што супадзеньняў не бывае і што ўсё вызначана лёсам. Мой талісман – гэта пярсьцёнак са звычайнага відэльца. Мне яго зрабіў на вуліцы ў Сан-Францыска нейкі дзядзька. А потым я чытала Міларада Павіча (якога вельмі люблю), і там у адным з апавяданьняў быў пярсьцёнак зь відэльца.
Штогод я лістую і віншую Павіча з Днём Народзінаў. Я пісала, што мы з гуртом Індыга зрабілі песьню па ягонаму апавяданьню – у ранішняй Індыгі была песьня пра чалавека, у якога замест сэрца быў месяц, і ён жыў прылівамі ды адлівамі. Як я :)
Насамрэч, усе жаданьні могуць рэалізавацца, бо лёс – гэта як кіроўца таксі. Уяві сабе: ты сядаеш у таксоўку і кажаш: «Адвязіце мяне, калі ласка, на вуліцу Ўсходнюю... не-не-не, пачакайце, адвязіце на Сурганава... не, давайце я яшчэ падумаю, давайце на вуліцу Бяды». А таксіст табе: «Ведаеш што, давай-ка ты вылазь адсюль». Так і з лёсам. Калі ты ведаеш дакладна, што табе трэба, то лёс табе гэта дасьць. Галоўнае, не паляніцца ўзяць.
If you're going to San Francisco, be sure to wear some flowers in your hair...
Некалькі год у мяне на паперцы, у сакрэтным такім нататнічку было напісана «мару пачуць акіян». Прайшло пяць-шэсьць год – і ў мяне атрымалася. Я паехала ў Каліфорнію і пачула, як шуміць акіян. Я была ў легендарным горадзе Сан-Францыска, на вуліцы, дзе нарадзілася першая камуна хіпі. Паветра там пахне свабодай, рок-н-ролам і каханьнем.
Маё пакаленьне
Маё пакаленьне мне падабаецца. Гэта з большасьці людзі постмадэрнізму, якія жывуць мэтафарамі, праз іх бачаць сьвет і ўспрымаюць сябе. У людзей майго ўзросту сінематычнае мысьленьне – яны адчуваюць, быццам жывуць у кіно. Гэта для мяне. Так можна скрэатывіць шмат сцэнароў. Глядзіш... і жыць ужо ня так сумна. Можна трываць :)
Натхненьне
Мы ж усе – дзеці постмадэрнізму, таму і сьпяваем мэтафарычна :)... Часам натхняюць людзі: дзіцёнак усьміхнуўся табе – адразу штосьці прачынаецца ў душы. Кожны чалавек, зь якім ты сустракаесься – гэта носьбіт нейкага ўроку або выпрабаваньня для цябе. Якая-небудзь дзяўчынка на прыпынку, зь якой ты паразмаўляла дзьве-тры хвілінкі, можа зьмяніць усё тваё жыцьцё... Таму трэба быць вельмі асьцярожнымі, уважліва прыглядацца да тых людзей, якія побач, бо ніколі ня ведаеш, хто будзе твой наступны настаўнік.
Двойчы Індыга імкнулася на ўсё забіць і больш не сустракацца. Але зараз усё зьмянілася ў лепшы бок, мы перамаглі ўсе канфлікты. Вырашылі зграць альбом «Дні» інакш: будзе новае бачаньне старых песень і некалькі новых кампазыцыяў. Пачуць гэта можна на цёплай сустрэчы ў клюбе Графіці, што мае хутка адбыцца.
Увага, зараз вылеціць птушка
Я пагадзілася ўдзельнічаць у праекце часопіса РИО. Спачатку я вырашыла пазьдзекавацца з рэдакцыі і праасацыявала сябе зь вялікім такім, незвычайным індыйскім барабанам, бяздашным такім. Потым мне захацелася адчуць сябе віялянчэльлю. Але ў рэдакцыі яе не знайшлося. Тады я абрала сапрана-клярнэт. Фотасэсія ішла неяк сумна – і фатограф кажа: Руся, такая ты прыгожая, мо давай зробім ню? Я ніколі не саромелася свайго цела, я ведаю, што яно ў мяне прыгожае і прывабнае... На фотаздымку, што застаўся ў гэтым праекце, я выглядаю як «пацанка», якая вось так вось на слабо ўзяла ды зьняла зь сябе цішотку. Ніякіх эратычных фантазіяў гэты фотаздымак ня можа выклікаць.
Але ж выклікаў...
Пасьля здымкаў пачаліся лісты на электронную скрыню «Руся, я люблю цябе, я кахаю, ці магу я пазмагацца за тваё сэрца». Я атрымала некалькі прапановаў ажаніцца, але не прыняла аніводнай. Таксама было шмат зайздросьнікаў: хтосьці крычэў: «гэта ўсё фоташоп, гэта не яна, яна насамрэч не прыгожая». Не, насамрэч прыгожая, такая ж як на фотаздымках.
Дзіўна, што людзі не прызвычаеныя і саромеюцца цела... Я ня ведаю, што за комплексы такія. Мне ўвогуле падабаюцца ню фотасэсіі і мы дамовіліся зь Ветрам Механічным зрабіць такую ўжо шчырую, фэмінную фотасэсію, з усялякімі інтымнымі перажываньнямі.
Што тычыцца здымка на Тузіне, то ва ўсім сьвеце, калі грудзі прыкрытыя, гэта ўжо ня лічыцца нейкай хард-кор эротыкай. Маці мая таксама чытае Тузін, малодшыя брат зь сястрой. Мне не хацелася б сур’езна турбаваць іх эмацыйны стан, таму на сайце фатаздымак размешчаны з невялічкай цэнзурай.
Мая тэрыторыя – толькі для сяброў. Або як не стаць ахвярай глямуру.
Я адчуваю, што радыё – гэта ўвогуле мая плыня. Калі ты прыходзіш на радыё, з табой ёсьць твой голас, твае думкі і зусім ня трэба зьвяртаць увагі на свой зьнешні выгляд. Я раблю тут пяць праграмаў: некаторыя я люблю шчыра, некаторыя – ня вельмі люблю, але ўсё роўна іх раблю.
Дзьве мае ўлюблёныя праграмы – «Мая тэрыторыя» і «Friends only»
«Мая тэрыторыя» – шчырая размова зь цікавымі людзьмі пра тараканаў, што жывуць у іх галовах: чаму людзі займаюцца творчасьцю, чаму ігнаруюць стэрыятыпныя каштоўнасьці, кшталту шыкоўнай кватэры, аўто, кар’ернага росту і г.д. Бо каб займацца мастацтвам, мне падаецца, трэба быць у сваім родзе мэнтальным вычварэнцам, бо аднойчы ты апынесься перад выбарам: або справа тваёй мары, або зямныя каштоўнасьці.
А другая праграма - «Friends only» – гэта агляд дзёньнікаў, жж. І мне гэта вельмі падабаецца, таму што гэта абсалютная свабода. Ніхто з майго начальства ня ведае дакладна, што адбываецца ў блогах. Таму я магу прыдумляць што заўгодна і размаўляць пра што заўгодна. Адну праграму я прысьвяціла мона- і полігамнасьці асобы. Які сэнс мы надаем інстытуту шлюбу і сям’і. І шмат было пытаньняў пра каханьне. Я пісала гэтую праграму ў студыі, дзе было шмат людзей. Калі я дачытала свой тэкст, то сарвала аплядысмэнты, нібы на нейкім канцэрце. Мне было насамрэч вельмі прыемна, што людзей кожную хвіліну клапоцяць пытаньні каханьня і ўзаемаадносінаў. То бок я не адна такая.
Ёсьць таксама тры невялічкія праграмы – адна завецца «Ахвяры глямуру». Мяне папрасілі рабіць агляды розных дыетаў і ўсяліх дробязяў датычна здароўя, прыгажосьці. Але мне тое было ня вельмі цікава – я зусім не глямурная дама. Таму вырашыла прыдумаць нешта такое... з гумарам. З дапамогаю спэцыялістаў я ўшчэнт разьбіваю прапанаваныя інтэрнэтам ды Косма дыеты. Таксама пляную у некалькіх выпускаў зьвярнуць увагу слухачоў на тое, што трэба ў жанчынах шанаваць прыгожае цела, здаровае, а не проста там скуру і косткі, і што ўсе ідэалы глямуру ды Галівуду – гэта, насамрэч, не прыгожа.
Ёсьць праграма «Смачная паліцыя» і праграма кшталту радыё-даведніка для турыстаў.
Слухай Русю
10 траўня – канцэрт у Мазыры
Апошні тыдзень траўня –Аўстрыя, горад Лінц
P.S. Руся, посьпеху неверагоднага ва ўсіх распачатых творчых праектах, найвышэйшых адзнакаў у навучаньні і каханьня. Гарманічнай, харызматычнай і неверагодна прыгожай ва ўсіх адносінах асобе – падарунак ад generation.by.
Аўтар фота Юра Сідун