N.R.M. адзначыў сваё 15-годзьдзе калядным акустычным канцэртам

NRM 

Ужо за два тыдні да прызначанай даты квіткі на N.R.M. набыць было фактычна немагчыма. Крыху збалаваныя незвычайна вялікай колькасьцю імпрэзаў у гэтым сэзоне менчукі тым ня менш задоўга разабралі квіткі ў адну з найбольшых канцэртных заляў сталіцы.

«Сьвяточненька тут у нас», — распачаў канцэрт нястомны лідэр N.R.M. Лявон Вольскі. Атмасфэру першай партыі хуткіх калядных сьвяткаваньняў дапаўняў шалёны мароз на менскіх вуліцах і поўная канцэртная заля «Мінск». На сцэне красаваліся некалькі выбеленых дрэўцаў, чорны раяль, ненадзейна схаваны ў гэтых самых дрэўцах, і гурт N.R.M. на белых крэслах.

Нягледзячы на вельмі рэдкія цяпер выступы N.R.M. у Менску (ужо цэлы год ня бачылі ў сталіцы Лявона Вольскага, Піта Паўлава, Юрася Ляўкова і Алезіса Дземідовіча на адной пляцоўцы), музыкі спадзяваліся правесьці канцэрт ва «утульнай і хатняй атмасфэры». Але N.R.M. акустычны ўжо само па сабе вялікая «не будзённасьць». Хутчэй, выключэньне.

NRM

Сярод іншых выключэньняў — Піт Паўлаў, які наважыўся ўзяць у рукі інструмэнт пад гаворачай за сябе назвай «бразготкі», а таксама нешта нагадваючае балалайку — «дрылі». Ён жа, дарэчы, у выніку ня вытрымаў, і сыграў песьню-другую на ўлюблёнай электрычнай гітары.

NRM

Акустыка ад N.R.M. у калядным антуражы — гэта мяшанка з усяго назапашанага за дваццаць гадоў афіцыйнага існаваньня ў іпастасях «Мроі» — N.R.M., гэта Лявон Вольскі за раялем зь песьнямі той самай «Мроі», якія музыкам «па новай прыйшлося развучваць» перад сёлетнім «Басовішчам».

NRM

NRM

А яшчэ гэта клясычны сьцёб музыкаў паміж песьнямі, заўвагі аб «працоўнай дысцыпліне» Піта Паўлава і падарункі з каляднага мяшэчка: поўны набор беларускіх культурных дасягненьняў мінулага году, ад каляндара «Партызану» да каўбойскай шляпы Лявона, якую паводле легенды прыдбаў у часе апошняга адпачынку ў Чарнагорыі. І нават калядны падарунак, канешне ж акустычны, у Каліфорнію, тамтэйшаму беларускаму эмігранту ў выглядзе простай тэлефоннай трансьляцыі кампазыцыі «Лёгкія-лёгкія».

NRM

Аднойчы напісаўшы «Рок-н-рол не ўратуе», Лявон Вольскі склаў сюжэт канцэртаў N.R.M. на гады наперад: «А заўтра клеркамі ў банку/ Стануць былыя панкі / І скончыцца маладосьць». Аматары прайсьціся настальгіяй акордамі яшчэ «мроеўскіх» «Зямлі» і «Краіны», абцяжараныя сіваватымі валасамі і гадзіньнікамі Bvlgari, сядзелі побач са школьнікамі, для якіх, магчыма, некаторыя песьні з пачатку 90-ых, як жартавалі музыкі, маглі стаць прэм’ерамі.

NRM

NRM

Напэўна з-за такога ўзроставага разнабою музыкі ўвесь час імкнуліся праэкзамэнаваць публіку: «а зь якога альбому вось гэта песенька?», «а-а-а, яшчэ з 2000 году! Ня памятаеце, так?» — не стамляліся яны сьцябацца са сваёй даўняй музычнай гісторыі.

NRM

NRM

Недзе ўсярэдзіне канцэрту публіка ня вытрымала і, зруйнаваўшы апошнія аскепкі хатняй атмасфэры і ўтульнай расслабленасьці, устала з крэслаў. Моладзь пасыпала да сцэны, музыкі зайгралі кампазыцыі з больш сацыяльнымі тэкстамі. Еднасьць паміж гледачамі, ужо панаваўшая ў залі ад пачатку, яшчэ больш ўмацавалася. Напэўна, гэта галоўнае ў канцэртах N.R.M., якія ёсьць нешта большае, чым проста гук і тэксты, нават завучаныя да апошняй коскі. Менавіта з-за гэтай еднасьці і нейкай сьветлай лагоднасьці іх канцэрты ніколі ня стануць шэраговымі.

NRM

Глядзіце ў фотаблогу яшчэ каля 40 здымкаў зь вялікага акустычнага канцэрту N.R.M. 


P.S. 10 лютага N.R.M. зайграе электрычны канцэрт у клюбе «Рэактар». Квіткі ўжо прадаюцца, але ўсе толькі на танцпол. З набліжэньнем даты канцэрту яны будуць даражэць.

Да 31 сьнежня 2009 — 30 тыс. руб.
З 1 студзеня 2010 да 15 студзеня 2010 — 35 тыс. руб.
З 16 студзеня па 31 студзеня — 40 тыс. руб.
З 1 лютага па 9 лютага — 45 тыс. руб.
У дзень канцэрту — 50 тыс. руб.
 
Дадатковая інфармацыя і замова квіткоў: Velcom 655 55 96, МТС 655 55 96, гарадзкі 280 15 10, а таксама праз сайт www.soundline.by.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0623 seconds.