«Белая яблыня грому» — вечар прэм’ераў ад Лявона Вольскага

Купалаўскі тэатар, аншляг, Лявон Вольскі з новым альбомам і новай камандай — такім быў вечар 23 сакавіка. Напярэдадні Дня Волі Вольскі прэзэнтаваў «сакрамэнтальна-сур’ёзны» альбом на вершы беларускіх клясыкаў.

Лявон задумаў гэты праект яшчэ 7 год таму. За гэты час музыка выдаў ці не дзесятак разнастайных музычных праектаў. Адгрымела «Крамбамбуля» зь, лічы, ужо народнай на сёньня песьняй «Госьці» (2003). NRM выдаў доўгачаканы шосты альбом «06», запісаны пад уплывам палітычных падзеяў вясны 2006-га. На гэты час прыпадаюць і тры гады «чорных сьпісаў». У апошнія гады пабачыў сьвет першы сольны альбом Вольскага — трэш-шансонавыя «Куплеты і прыпевы», а таксама супольныя музычныя праекты — беларускія 60-я «Такога няма нідзе» і тэлеспэктакль «Аднойчы ў Барахляндыі». «N.R.M.» і «Крамбамбуля» разыйшліся на творчыя вакацыі, а Лявон вярнуўся да даўняй задумы наноў адкрыць творы ўсім вядомых беларускіх паэтаў.

Альбом «Белая яблыня грому» стаўся адначасова і лягічным працягам, і чаканым вяртаньнем, і пачаткам новага Лявона Вольскага. Заля Купалаўскага тэатру запоўнілася ў імгненьне. Тут і моладзь, і сем’і зь дзецьмі, і сівыя бабулі, і цэлая дэлегацыя амбасадараў. Лявон хваляваўся, а зь ім і публіка, але хваляваньне тое толькі завяршала цэльнасьць падзеі і падкрэсьлівала адказнасьць задумы. Новае бачаньне вядомых твораў выяўлялася і музыцы, і ў стылістычнай падачы, і ў адмыслова падрыхтаваных да праекту фоташэрагах ад маладых беларускіх фатографаў, якія трансьляваліся ў час выкананьня на вялікі экран.

Мэлядычны «Сон» ад «беларускага хлопца з Наваградку» Адама Міцкевіча, багаты на сюжэт і рэзкі ажно да дрыжыкаў па целе рэп на верш Францішка Багушэвіча «Немец» у дуэце з Аляксандрам Памідоравым, рамантычны «Пахне чабор» ад «савецкага клясыка беларускай літаратуры» Пятруся Броўкі, эмацыйны й актуальны «Вецер радзімы» Максіма Танка — кожная песьня ў сваёй стылістыцы, а тэксты ўспрымаюцца зусім па-новаму.


Але Лявон сьпяшаецца адзначыць: «Зьмяняюцца акалічнасьці і зьмяняецца эпоха, а сэнс актуальны вечна ў такіх вершаў». Аднак пасьпявае й жартаваць: «Сёлета спаўняецца 170 гадоў з дня нараджэньня каго? Не, ня Леніна… Францішка Багушэвіча», а «Куляшоў вызначаецца ня толькі „юнакамі на дапросе“ і „сьцягамі брыгадаў“, але й тонкімі лірычнымі вершамі».

Усяго ў праекце 12 песень на вершы розных беларускіх паэтаў XIX–XX стагодзьдзяў: ад Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча праз Максіма Багдановіча, Янку Купалу, Якуба Коласа да Максіма Танка, Пімена Панчанкі і Рыгора Барадуліна.

Да прэм’еры новых песень прыпала й прэм’ера абноўленага складу «Крамбамбулі», якая дамапагала Лявону ў запісе альбому й на канцэрце. Стылёвы бэнд цяпер прадстаўляюць гітарыст Павал Трацяк, басіст «Без Билета» Алесь Мышкевiч, бубнач Сяржук Штэндэр і гітарыст Алег Гарус.

Прэм'ера альбому прайшла як прэзэнтацыя здабыткаў беларускай культуры апошніх стагодзьдзяў — ад Францішка Багушэвіча да сучаснага клясыка Рыгора Барадуліна, у гонар верша якога і названы альбом — «Белая яблыня грому». Лепшае месца, чым Купалаўскі тэатар, для падзеі цяжка вынайсьці.

А ўвесь канцэрт прайшоў як прэзэнтацыя творчасьці Лявона Вольскага, хоць відавочна зьмясьціць у трохгадзінную праграму усе задумы, праекты і гіты музыкі немагчыма. «Першая частка канцэрту — сакрамэнтальна-сур’ёзная, другая — разнастайная», — азначае пасьля антракту са сцэны Купалаўскага Лявон. Рэп, мэтал, тэхна, блюз на вершы беларускіх пісьменьнікаў у першай частцы і мікс з новых і вядомых прыхільнікам песень з розных праектаў Вольскага. Тут і «Я нарадзіўся тут», і дуэт з Уладзімірам Пугачам, і гіты «Крамбамбулі», і новы сьпеў з Ганнай Хітрык. Сьпяваў увесь Купалаўскі. І біс быў непазьбежны — «Старыя гіпаны» і «Абсэнт». А ў галаве ўжо гучыць «Белая яблыня грому».

Вялікі фотарэпартаж з канцэрту глядзіце ў фотаблогу Generation.bY

Generation.bY і музычная праграма «У адзіным экзэмпляры» Сяргея Паўлянковіча на радыё «Сталіца» пачынаюць супрацу па супольным аглядзе культурніцкіх падзеяў у Менску. Мы рыхтуем тэкставы і фотарэпартажы, а Сяржук выкладае аўдыё-размову з музыкамі. Усё разам глядзім, чытаем, слухаем на generation.by, а таксама слухаем у эфіры «Сталіцы». Пачынаем!

Лявон Вольскі пра падрыхтоўку да прэм'еры «Белай яблыні грому»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.