Вольскі запрасіў на «Белую яблыню грому» жывых клясыкаў белліта

Канцэрт 16 сьнежня на вершы клясыкаў беларускай літаратуры зьбіраюцца наведаць Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Васіль Сёмуха.

Лявон Вольскі

«Белая яблыня грому» — праграма Лявона Вольскага на вершы беларускіх клясыкаў: Чачот, Міцкевіч, Багушэвіч, Багдановіч, Купала, Колас, Броўка, Танк, Куляшоў, Геніюш, Панчанка, Барадулін. Прэм’ера праграмы адбылася ў сакавіку ў Купалаўскім тэатры пры поўным аншлягу.

— Нас тады папракалі, што была абраная такая маленькая заля, — кажа Лявон ВОЛЬСКІ. — Але камэрны тэатар — выдатнае месца для такіх імпрэзаў!.. Цяпер, калі мы вырашылі прадставіць публіцы пашыраную вэрсію канцэрта, супалі 2 рэчы — Купалаўскі тэатар зачыніўся на рэстаўрацыю, і заля мусіла быць ужо большая. Таму 16 сьнежня «Белая яблыня грому» будзе прадстаўленая ў канцэртнай зале «Мінск»!

Тыя, хто быў на прэм’еры — сьмела могуць замаўляць квіткі зноў. Па-першае, дадаліся новыя сьпевы: на вершы Ўладзіміра Караткевіча і Анатоля Сыса. Па-другое, на канцэрце Лявон засьпявае шмат новых песень, якія ня чулі яшчэ нават самыя адданыя фанаты.

— Пакуль што мы трымаем гэта ў сакрэце, каб зрабіць большы сюрпрыз!.. — усьміхаецца Вольскі.

Дарэчы, з дванаццаці паэтаў, на чые вершы напісаная «Белая яблыня грому», цяпер жыве толькі адзін — народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, на чый верш была створаная загалоўная песьня праграмы. Таму Вольскі проста ня мог не запрасіць Дзядзьку Рыгора на канцэрт.

— Мы запрашалі Рыгора Іванавіча яшчэ на першы канцэрт у сакавіку, але тады ён толькі выйшаў зь лякарні і прысутнічаць ня змог, — кажа Лявон Вольскі. — Гэтым разам, спадзяюся, у клясыка атрымаецца.

Апроч Барадуліна, Вольскі вырашыў запрасіць на канцэрт яшчэ двух клясыкаў сучаснай беларускай літаратуры — паэта Генадзя Бураўкіна (сярод іншага, аўтара славутай «Калыханкі») і перакладчыка Васіля Сёмуху («Біблія», «Фаўст» і г.д.). Перадача запрашэньняў адбылася ва ўрачыстай абстаноўцы і атрымалася вельмі сымбалічнай.

— Я ўдзельнічаў у прэзэнтацыі першага непадцэнзурнага твора Ўладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы», — распавядае Лявон Вольскі. — Там жа былі шаноўныя Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Васіль Сёмуха. І ўсё выйшла сымбалічна, амаль як у Дантэ: сама «Белая яблыня грому» створаная на вершы клясыкаў, і падчас імпрэзы ў памяць клясыка Караткевіча я запрасіў на канцэрт жывых клясыкаў!..

Лявон Вольскі запрашае на канцэрт і Вас — у атачэньні клясыкаў, напярэдадні Калядаў атрымаць зарад клясычнага беларускага пазытыву!

«Белая яблыня грому». 16 сьнежня (чацьвер) а 19-й гадзіне ў КЗ «Мінск». Квіткі: (017) 2801510, (029) 6555596, www.soundline.by.

15:00, 07/12/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0887 seconds.