Халяўны арт-брутал і трэш-шансон ад Лявона Вольскага: першы сольнік

16 красавіка на сайце www.lvolski.com адбыўся рэліз дэбютнага сольнага альбому Лявона Вольскага «Куплеты і прыпевы» — ён распаўсюджваецца цалкам бясплатна ў лічбавым фармаце mp3.­

Альбом складаецца з 10 песень, вытрыманых у стылістыцы арт-брутал і трэш-шансон. У якасьці бонуса на сайце таксама можна спампаваць трэш-відэа «Эўравізія».

«Я сам ня ведаю, чаго ў гэтым альбоме больш — чорнага гумару ці музыкі», — прызнаецца Лявон Вольскі. 

Як усё рабілася 

Ідэя альбому з’явілася ўвосень 2006.

«Я недзе прачытаў пра тое, як нейкі дэпутат прапанаваў стэрылізаваць бамжоў, алкаголікаў і злосных алімэнтчыкаў, — распавядае Лявон. — Адразу нарадзілася песьня „Дэпутаты“. Яна і дала ідэю — зрабіць гэткі брутальны трэш-шансон-праект». 

Астатнія песьні з’явіліся вельмі хутка. Ужо ўвесну 2007 альбом быў запісаны, а летам — зьведзены. Апошняй кропкай у падрыхтоўцы стаў кліп «Эўравізія», зьняты ў лістападзе 2007. Ён жа стаў першым крокам у прамоцыі дыску — прэм’ера гэтага трэш-відэа адбылася 1 красавіка. За два тыдні яго паглядзела больш за 5 тысяч інтэрнэт-карыстальнікаў

Музычны бок 

«Куплеты і прыпевы» — гіпэрмінімалістычны і гіпэрканцэптуальны праект. Амаль увесь ён зроблены Лявонам Вольскім на культавым старым сінтэзатары Kurzweil, за выняткам некалькіх партый, выкананых на гітары Паўлам Трацяком. 

«Я хацеў, каб аранжыроўкі максымальна адпавядалі канцэпцыі, — гаворыць Вольскі. — Таму што, на мой погляд, галоўнае ў гэтых песьнях ня музыка, якая грае даволі фармальную ролю, а менавіта тэкст і сама аўра. У пэўным сэнсе гэта нават ня „песьні“, а менавіта „куплеты і прыпевы“. Таму так і завецца альбом». 

Лірыка 

«Куплеты і прыпевы» — гэта сатырычныя замалёўкі на мяжы рэчаіснасьці і брутальнай фантазіі. Іх «лірычныя» героі ўзятыя з рэальнага жыцьця — алкаголікі і опэрныя сьпявачкі, дэпутаты і палітычныя камэнтатары, эстрадныя зоркі і памежныя кантрабандысты. Адзіны мітычны герой гэтага дыску — жыдамасоны. 

«Жыдамасоны, як прычына ўсіх праблемаў у жыцьці грамадзтва, — гэта бадай адзін з найбольш вялікіх гістарычных мітаў, які быў прыдуманы на пачатку 20-га стагодзьдзя ў царскай Расеі і з таго часу шмат выкарыстоўваўся нават у часы СССР», — тлумачыць Лявон. — «Насамрэч добра вядома, што габрэяў сярод масонаў было ня больш за рускіх і прадстаўнікоў іншых нацый. Зараз гэтага міту ўжо няма, але традыцыі абвінавачваць у сваіх праблемах усіх, акрамя сябе, на жаль, засталіся. Менавіта пра гэта і песьня». 

P.S.

Альбом атрымаўся брутальны і жорсткі з аднаго боку, тэатральны і гумарыстычны з другога. Шмат хто скажа, што ён абсурдны, і Лявон Вольскі першы пагадзіцца з гэтым.

«Так, ён абсурдны. Такі ж абсурдны, як наша жыцьцё! Толькі на мастацкі лад», — усьміхаецца музыка.

14:30, 16/04/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2309 seconds.