Лявон Вольскі зьняў трэш-відэа пра «Эўравізію»

Лявон Вольскі зьняў трэш-відэа да песьні «Эўравізія» з будучага сольнага альбому, рэліз якога адбудзецца праз некалькі тыдняў. З 1 па 8 красавіка ўбачыць кліп можна толькі на партале TUT.BY.­

Новая песьня зьдзівіць і зьбянтэжыць нават сталых прыхільнікаў «Крамбамбулі» — гэта 100-адсоткавае мінімалістычнае трэш-дыска, запісанае з дапамогаю старэнькага сынтызатара Kurzweil. Убачыць яго можна па спасылцы на партале TUT.by.

Тэкст кампазыцыі цалкам адпавядае ейнай аранжыроўцы: «А я сьпяваю так афігіцельна, што я паеду на Эўравізію». 

Лявон Вольскі сьцьвярджае, што песьня прыйшла да яго ў сьне:

«Мне прымроілася, што я прымаю ўдзел у адборышчы на „Эўрабачаньне“. У патасным белым гарнітуры, з напаўаголенымі танцоркамі і сьпяваю нешта павольнае, у манэры Мікалая Баскава, а яны каўбасяцца, як на рэйве, — распавядае музыка. — Я прачнуўся сярод ночы ад уласнага сьмеху!» 

Здымала кліп брыгада маладых менскіх аніматараў на чале з рэжысэрам Яўгенам Новашам, працы якога трапілі да Вольскага праз знаёмых.

«Мне падалося, што іх чорны гумар і трэш-манэра вельмі пасуюць да гэтага матэрыялу, — тлумачыць Лявон. — Асабліва ўсе гэтыя псэўдажахі з таматным соусам». 

Рэжысэр кліпу Яўген Новаш прызнае, што базісам для кліпу сталі ўласныя эмоцыі ад штогадовага гармідару вакол «Эўрабачаньня»:

«Ведаеце, калі я чую пра ўсе гэтыя скандалы з адборышчамі ў нас і ў іншых краінах, мне часам здаецца, што там сапраўдныя бойкі ідуць, толькі іх ніхто не паказвае. Мы паспрабавалі павыдумляць на гэтую тэму, — гаворыць Яўген. — Наагул, мне здаецца, што пра „Эўрабачаньне“ можна поўнамэтражны фільм жахаў здымаць. Будзе круцей за „Крык“!».

Паводле прэсавай службы гурта

14:42, 01/04/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0566 seconds.