Лявон Вольскі прадставіў альбом «Псіхасаматыка»

Новы дыск Вольскага складаецца з 16 песень, падзеленых на дзве цалкам розныя па гучанні часткі: «Горад» і «Лес». Канцэртная прэм’ера альбома адбудзецца 3 снежня ў Вільні. Беларусы маюць магчымасць атрымаць бясплатныя візы.

– Гэты альбом для мяне нязвыкла асабісты. Шмат у якіх песнях сканцэнтраваныя вельмі асабістыя думкі, пачуцці, эмоцыі і перажыванні, – распавядае Лявон Вольскі. – У ім шмат новага для мяне – у падыходзе да тэксту, мелодыі, гармоніі. І, разам з тым, шмат майго традыцыйнага. Так атрымалася, што «Псіхасаматыка» – гэта водападзел паміж тым, што было і тым, што (спадзяюся!) будзе. А яшчэ дзве паловы альбому, дзве плыткі – гэта і дзве паловы беларуса: Каляды і Раство, Новы год і стары Новы год, Вялікдзень і Пасха, паганства і хрысціянства. Два бакі аднаго медалю, дзве душы.

Уся студыйная праца была зроблена ў Вільні з нарвежскім саўндпрадусарам Снорэ Бергерудам, які таксама адказваў за мінулы альбом Вольскага «Грамадазнаўства» (2014). Менавіта ён і запрапанаваў Лявону канцэпцыю з двух альбомаў у адным. Менавіта так, на двух CD, будзе надрукаваны фізічны наклад «Псіхасаматыкі», які можна будзе набыць 3 снежня на прэзентацыі ў Вільні.

– З таго часу, як я ўпершыню сустрэў Лявона і пачуў яго песні, я заўжды адчуваў, што ён як артыст і чалавек мае два асобных бакі, – кажа Бергеруд. – Першы – панк- і рок-музыка, з «наждачным» голасам і агрэсіўнымі, сатырычнымі тэкстамі. Другі – бард, аўтар-выканаўца, паэт. Супрацьпастаўланне паміж халодным цвёрдым горадам і старажытнай лірычнай натурай яго роднай зямлі. На гэтым альбоме я хацеў паказаць абодва гэтыя бакі, але без змякчэння колераў любога з іх. Я не хацеў шукаць сярэдзіну. Я хацеў каб песні ішлі па тым шляху, які для іх будзе натуральным да самага фінала. Таму менавіта падвоены альбом стаў лагічным працягам канцэпцыі.

Альбом «Псіхасаматыка» быў запісаны на грошы, сабраныя падчас краўдфандынгавай кампаніі, у якой узялі ўдзел больш за 600 чалавек з 30 краін свету. Пералік удзельнікаў праекта разам з іх геаграфіяй і асабістымі словамі падзякі ад Лявона Вольскага змешчаны на сайце www.lavonvolski.com. Там жа можна бясплатна спампаваць альбом.

3 снежня падчас канцэртнай прэзентацыі Лявон Вольскі выканае новы альбом і лепшыя песні разам з нарвежскімі музыкамі, якія запісвалі «Псіхасаматыку» і «Грамадазнаўства». Канцэрт адбудзецца ў абноўленым клубе Loftas. Квіткі: 65 рублёў (танцпол), 77 рублёў (балкон, стаячы), 110 рублёў (месца за столікам + дыск з аўтографам). Продаж: на сайце і ў касах Kvitki.by , а таксама ў салонах «Связной» і «Евросеть» па ўсёй Беларусі.

Бясплатная віза (без консульскага збору) з тэрмінам дзеяння з 2 да 4 снежня ўключна выдаецца грамадзянам Беларусі на падставе набытых у Беларусі квіткоў на мерапрыемства. Падаць дакументы на бясплатную візу трэба да 24 лістапада ўключна. Пакрокавая інструкцыя.


09:50, 15.11.2016 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0307 seconds.