«Палітыка-паралітыка»: N.R.M. прэзэнтуе новую песьню

Пасьля доўгага перапынку адзін з мастадонтаў беларускага року гурт N.R.M. запісаў новую песьню, якую з 5 па 7 лютага можна спампаваць с парталу TUT.BY. Першымі навінку — песьню «Палітыка-паралітыка» — у канцэртным выкананьні пачуюць наведнікі чаканага ў Беларусі больш чым год электрычнага канцэрту гурта.


Фота з выступу N.R.M на Басовішчы-2009. Аўтар фота Юра Сідун.

Новы твор N.R.M — адказ на сёньняшнія рэаліі, у якіх палітыка настолькі шчыльна пераплялася з жыцьцём, што пачала яго паралізоўваць.

«У нас усё — палітыка: літаратура — палітыка, музыка — палітыка, эканоміка — палітыка, журналістыка — яшчэ якая палітыка!» — кажа Лявон Вольскі, фронтмэн гурта N.R.M

Менавіта гэтая беларуская асаблівасьць падштурхнула гурт вярнуцца жанрава ў вірлівыя 90-я, калі, паводле Лявона Вольскага, песьні кшталту «Палітыкі-паралітыкі» называлі пагардліва «песьнямі-аднадзёнкамі».

«Тады асабліва папулярна было казаць, што музычны твор ня мусіць замяняць газэтны артыкул, — узгадвае лідар N.R.M. — Таму я кваліфікую „Палітыку-паралітыку“ паводле жанру — „песьня-аднадзёнка“. А колькі дзён (месяцаў, гадоў?) ужо яна будзе актуальная ў спэцыфічнай беларускай рэальнасьці, паглядзім».

Пакуль жа музыкі з задавальненьнем прэзэнтуюць свой новы твор усім карыстальнікам беларускага парталу TUT.BY: «Пампуйце на здароўе і прыходзьце на канцэрт у „Рэактар“ 10 лютага!»

Паводле TUT.BY

12:50, 05/02/2010 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0631 seconds.