МЗС Літвы двойчы адмовіла ў візавай падтрымцы канцэрту Змітра Вайцюшкевіча, але выступ будзе

Зміцер Вайцюшкевіч

14 траўня Зміцер Вайцюшкевіч ладзіць у Вільні канцэртную прэзентацыю альбома «Камета». У візавай падтрымцы МЗС Літвы гэтым разам адмовіла, але не маючы магчымасці выступаць на радзіме, выканаўца гатовы працаваць нават у такіх умовах, каб пабачыцца з беларускім гледачом.

Альбом «Камета» – адна з найбольш лірычных і пяшчотных прац у аб’ёмнай дыскаграфіі Вайцюшкевіча, якую можна паставіць у адзін шэраг з «Паравінамі году» (2003) і «Танга з ружай» (2006). Новы дыск запісаны на словы культавага чэшскага паэта і барда Яраміра Ногавіцы, які пачаў сваю кар’еру на пачатку 80-х і дагэтуль збірае залі па 10-15 тысяч гледачоў у Чэхіі, Славакіі, Польшчы.

– Гэта вельмі мяккі і лірычны альбом – пра каханне ў розных складаных абставінах і розным узросце. Менавіта гэтая жыццёвасць у тэкстах Ногавіцы мяне вельмі падкупіла, – тлумачыць Зміцер. – У другім аддзяленні выканаем самыя лірычныя песні з іншых альбомаў – будзе такі вялікі вясновы канцэрт у прыгожай залі гарадской ратушы. Здаецца, з беларусаў там яшчэ ніхто не выступаў.

Зміцер Вайцюшкевіч з вясны 2011 года практычна не мае магчымасці выступаць на радзіме. Адзіны за гэты час сольны канцэрт адбыўся ў кастрычніку 2014 у ДК МАЗ. Да і пасля гэтага выступы па розных прычынах зрываліся, у тым ліку праз афіцыйныя адмовы. Дайшло да таго, што ў ліпені 2015 Вайцюшкевіч атрымаў адмову са спасылкай на ўказ №257, які забараняе канцэрты, што «ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян».

– Мы двойчы падавалі заяву на бясплатныя візы ў МЗС Літвы, але абодва разы атрымалі адмову без тлумачэнняў, – распавядае Зміцер. – Я хачу бачыцца з беларускімі гледачамі, таму нягледзячы на ўсе абставіны мы робім гэты канцэрт. Зала на 200 гледачоў, будзе вельмі шчыра і ўтульна.

Зміцер Вайцюшкевіч з новым альбомам "Камета"

14 траўня – Вільня, Ратуша – 19.00

Квіткі: ад 275 000 да 450 000

Продаж:

– Тэатральная каса (вул. Калініна, 5), з 10 да 19, тэл.+375 29 331 69 66

– касы і сайт Kvitki.by – http://www.kvitki.by/ru/event/33828

– касы і сайт Bilietai.lt (Літва) - http://www.bilietai.lt/en/event/30003

Інфалінія: +375 29 628 4114



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0384 seconds.