«Беларускія народныя казкі» для дзяцей і дарослых на 10 дысках

У выніку шматгадовай працы, у часе якой былі сабраныя каля 70 народных казак з розных беларускіх мясьцінаў, запісаныя 10 кампакт-дыскаў. У запісе ўнікальнага аўдыёпраекту ўдзельнічалі лідэр «Палацу» Алег Хаменка, радыёвядучая і пісьменьніца Тамара Лісіцкая і адзіная ў Беларусі прафэсійная апавядальніца менавіта беларускіх народных казак Людміла Рыжкова. Пра тое, каму можна слухаць казкі з апошняга дыску, а каму — не, распавёў Generation.bY ініцыятар праекту Алег Хаменка.


Алег Хаменка з гуртом «Палац» на Басовішчы 2007.

Алег Хаменка прызнаецца, што «ў першую чаргу гэтыя казкі разьлічаныя на маленькіх дзяцей, якія збольшага слухаюць і адчуваюць эмоцыі, а ўжо самастойна пачынаюць чытаць ў цінэйджэрскім узросьце; іншая справа, што іх з задавальненьнем слухаюць і дарослыя».

Але апошні — 10-ты дыск — розьніцца ад сваіх папярэднікаў, яго аўтары ад пачатку вырашылі зрабіць у фармаце «казкі для дарослых».

«Адметнасьць апошняга дыску ў тым, што можа й ня ўсім дзецям трэба слухаць беларускія казкі пра папоў, якія сябе ня вельмі добра паводзілі ці пра дзяўчат, якія маглі пёрднуць ці нешта нядобрае сказаць у бок пана — такія казкі патрапілі толькі на апошні дыск. А дзецям дарослыя змогуць даваць паслухаць гэтыя казкі ўжо ў тым узросьце, калі можна глядзець усе каналы на тэлебачаньні», — разважае Алег.

Праца толькі над тэхнічнай часткай ішла амаль год, а зьбіраліся казкі вельмі доўга. Невялікую частку сабраў Алег Хаменка сам. А ёсьць сярод запісаў і казкі, якія зьбіраліся яшчэ ў XIX стагодзьдзі і былі апублікаваныя. Таксама на дыскі патрапілі казкі, якія даўна былі сабраныя рознымі людзьмі, але нідзе дагэтуль не былі апублікаваныя. 

«Вельмі добра, што захаваліся якраз першапачатковыя запісы гэтых казак — там ёсьць дыялектныя словы, якія можа не зусім зразумелыя, прысутнічаюць і розныя такія адметнасьці, якія варта паслухаць у самым натуральным выглядзе». 

Алег і кампанія вырашылі спыніцца на роўнай лічбе — 10 дыскаў, але будуць радыя, калі хтосьці іншы працягне працу. 

Зараз жа стваральнікі дыскаў «Беларускія народныя казкі» запрашаюць усіх на казачна-сьвяточную прэзэнтацыю 8 чэрвеня ў кінатэатры Перамога ў 13:00 з вольным уваходам. Лідэр «Палацу» Алег Хаменка зладзіць міні-канцэрт, а Тамара Лісіцкая і Людміла Рыжкова будуць чытаць казкі. Завершыцца прэзэнтацыя паказам мультфільмаў, зьнятых па матывах беларускіх народных казак. На сустрэчу запрашаюць і сяброўскія кампаніі, і бацькоў зь дзецьмі. 

Дарэчы, «злую казку» пра ўзгаданага Алегам папа можна паслухаць ўжо зараз. Яшчэ ў сьнежні мінулага году аўтары аўдыёпраекта выклалі на сайт гурта «Палац» адну з казак і патлумачылі: «Самыя сьмешныя недарэчнасьці пры запісу адной з казак аб’ядналі ў стужку «злая казка». Атрымалася вельмі «прышпільна». Слухаем!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0619 seconds.