«Палац» спачатку забаранілі, а пасля дазволілі

«Палац» праверыў на трываласць спіс забароненых беларускіх музыкаў. Вялікі канцэрт гурта спачатку забаранілі, а пасля дазволілі. Як лічаць адмыслоўцы, не без умяшальніцтва розных уладных структур.

Алег Хаменка
Алег Хаменка сам у шоку

Гурту «Палац» споўнілася 20 гадоў. З гэтай нагоды гурт меўся адсвяткаваць падзею вялікім канцэртам у менскім Тэатры беларускай драматургіі. Усё ішло добра, пакуль 23 кастрычніка, за тры дня да выступу, тэатр нечакана вырашыў адмовіцца ад канцэрту.

«Па абставінах, незалежных ад адміністрацыі тэатру і музыкантаў, паўсталі арганізацыйныя праблемы, у выніку якіх правядзенне мерапрыемства стала немагчымым», — заявілі музыкам у тэатры. Як піша «Тузін гітоў», лідэр «Палаца» каментаваць сітуацыю адмовіўся. І параіў фанатам гурта звяртацца ў касы, каб вярнуць грошы за квіткі. Апошнія, па дадзеных парталу, былі раскупленыя яшчэ за 2 тыдні да канцэрту.

«Я шакаваны…»

Але ўжо на наступны дзень сітуацыя карэнным чынам змянілася: канцэрт зноўку дазволілі. Паводле інфармацыі «Тузіна гітоў», да «дазволу» спрычыніўся міністр культуры Павал Латушка, якога музыкі збіраліся запрасіць на канцэрт. Менавіта Мінкульту непасрэдна падначальваецца тэатр.

Паводле словаў дырэктару Тэатра беларускай драматургіі, вядомага беларускага актору Ігара Сігава, адбылося непаразуменне. Было нейкае тэлефанаванне, якое ён няправільна зразумеў. Цяпер праблема вырашана, і канцэрт абавязкова адбудзецца, піша Радыё Свабода.

Сам Алег Хаменка кажа, што цяпер ён разгублены і нават шакаваны:

«Ніхто пакуль нічога канкрэтна не можа патлумачыць. Адміністрацыя тэатру сапраўды заявіла, што канцэрт дакладна адбудзецца. Пакуль я ў разгубленасці. Мабілізавацца вельмі цяжка… Я шакаваны…»

Як паведамілі ў касе тэатру, квіткі на канцэрт, дзе мусіла быць прэзентаваная музычная прыпавесць «Салдат-доктар» і свежы студыйны альбом «Кола грукатала», яшчэ ёсць.

Другі год з новымі «спісамі забароненых»

«Палац» разам з 56 беларускімі і замежнымі музыкамі, пісьменнікамі і акторамі ўнесены ў ананімны «спіс забароненых». Інфармацыя аб ім з’явілася ў сакавіку 2011 году. Улады адмаўляць існаванне такога спісу, аднак многія музыкі, пазначаныя ў ім, перыядычна адчуваюць праблемы з арганізацыяй уласных канцэртаў. Ужо другі год не можа правесці ніводны публічны выступ у Беларусі гурт «Ляпіс Трубяцкой», некалькі разоў з прычыны тэлефанаванняў невядомых адмяніліся канцэрты Neuro Dubel, «Крамбамбулі», N.R.M.

За два месяцы да з’яўлення «спісу забароненых», тады яшчэ «дазволены» Алег Хаменка на пытанне Generation.bY аб новых магчымых праблемах з правядзеннем канцэртаў не выключаў магчымасці новых забаронаў:

«Забаранялі і Beatles, і Армстронга, і Высоцкага, і Цвятаеву, і Ясеніна, і „Палац“, і каго заўгодна. Дакладна такой забароны безумоўна быць ня можа. Але нешта падобнае можа здарыцца. Гэта ж было ня толькі ў савецкіх, але і ў заходніх грамадствах таксама», — казаў Алег Хаменка.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0703 seconds.