Новы сэзон на Generation.by + ТОП-20 публікацыяў лета
Вуліцы гарадоў актыўна напаўняюцца студэнтамі, у офісы вяртаюцца загарэлыя супрацоўнікі, у кватэры — натхнёныя адпачынкамі фрылансэры. Падобна на пачатак восені. Для тых, хто верыць, што гэтае лета адзначылася ня толькі рэкорднаю тэмпэратураю, складаем ТОП-20 самых папулярных публікацыяў Generation.by лета 2010. І адчыняем восеньскі сэзон!
TOP-20 матэрыялаў Generation.bY лета 2010 году
Рэйтынг паводле колькасьці праглядаў публікацыяў
-
Экспэрымэнтальнае Басовішча «Жыве Гарадок»
21-ы фэстываль «Басовішча» ў Гарадку (Польшча) сабраў сёлета 21 гурт, запомніўся перамогай магілёўскага Akute, пераносам намётавага лягеру і адсутнасьцю бясплатных візаў. Аднак тыя, хто паклапаціўся і патрапіў на фэст, не шкадуюць!
-
Топ-5 танных авіякампаніяў Эўропы, карысных беларусам
Хто ня любіць павандраваць, ды яшчэ й каб хутка і танна? Закладкі на артыкул разьлятаюцца палепей за гарачыя піражкі! Скараць сьвет можна ж ня толькі ўлетку;)
-
Гурт «Дзецідзяцей» прыпыняе сваё існаваньне
Летнія фэсты сапраўды прайшлі безь любімых многімі «Дзецідзяцей». Паглядзім, можа летнія ўражаньні натхняць музыкаў і паскораць завяршэньне «бестэрміновага адпачынку»?
-
Gods Tower: «У нас шок у трох ступенях: у Гомелі, Маскве, а цяпер і Менску!»
Для тых, хто праспаў у шапку навіны гэтага лета, кажам, што аднаўленьне легендарных Gods Tower стала галоўнай падзеяй ў беларускай музыцы. Pagan metal rules!
-
Гурт Rahis запісаў першы альбом у выглядзе студэнцкага сшытку
Мала хто рызыкуе выпускаць альбом у час летняга музычнага «несэзоньня». Аднак Рахісы і іх прыхільнікі чакалі першага альбому не адзін год, таму «як толькі — дык адразу»! 11 песень з «Сшытку з тэкстамі ў малюнках» — цяпер у вольным доступе ў Сеціве і ў ратацыі на радыёстанцыях.
-
Руся: «Рок-н-ролу беларускага больш няма»
Рок-князёўна Руся і вакалістка няіснай ужо Indiga гэтым летам ва ўсю выступае з электроншчыкамі CherryVata: на фэстах у Беларусі і за мяжою ды ўдзельнічае ў адкрыцьці багемных выставаў. Што яшчэ новенькага ў папулярнай сьпявачкі ды што думае Руся пра беларускі рок-н-рол — у інтэрвію.
-
У чацьверты раз на Be2gether
Мы ўжо прапісаліся на міжнародным фэсьце ў Літве Be2gether — ні году бяз нас:) Сёлета беларусы там засьвяціліся на ўсіх сцэнах: Вольскі, CherryVata, Akute ды Open Space. Аднак сэрцы найбольшай колькасьці гледачоў скарыла цемнаскурая, лысая, дзёрзкая Skin — вакалістка адноўленага Skunk Anansie. «Яна хадзіла па руках!» — дагэтуль многія з заміраньнем узгадваюць той выступ. Даводзілася тушыць жарсьць егермайстарам у кубках зь лёду.
-
Sziget. Частка2: Тут можна жыць і цэлы год!
Уражаньняў з пабачанага і перажытага за тыдзень жыцьця на востраве ў Будапэшце на адным з самых буйных эўрапейскіх фэстаў Sziget хопіць надоўга. Што казаць: 15 сцэнаў, 400 тысяч гледачоў, Muse, Iron Maiden, Ill Niño, The Hives, Bad Religion, Children of Bodom, Orquesta Buena Vista Social Club… Паверыць у тое, што мы там насамрэч былі, дапамагае наш дзёньнік з вандроўкі на фэстываль і тэматычныя фотарэпорты.
-
Новыя беларускія мэдыі сустрэлі сябе
Мода на беларускія каляайцішныя тусоўкі з выездам за мяжу толькі набірае моц. «Неканфэрэнцыя» Мэдыябаркэмп на маляўнічым беразе Балтыйскага мора забавіла ля сотні маладых беларусаў.
-
Завочнікаў канчаткова адправілі ў войска
-
У Нацыяналцы адчынілася фотавыстава «Амэрыка вачыма беларусаў»
Праўда, ужо й зачынілася:) Але фотарэпорт з адкрыцьця маем. Зацанілі заадно выгляд на Менск з аглядальнай пляцоўкі Нацыяналкі ды павіншавалі нашага фотакора Юру Сідуна з перамогай як «самага лепшага вулічнага фатографа».
-
Што цяпер можна ўвозіць з-за мяжы бяз мытаў?
Новаўвядзеньні тычыцца ўсіх: ад аматараў піва да аматараў фота.
-
Грозава і маланка
Чарговая вандроўка з аўтарскай сэкцыі «ПраДарожжа». Абмеркаваньне, узгадкі гістарычных фактаў ідуць і зараз у камэнтах.
-
Беларусь вырашыла далучыцца да Балоньскага працэсу
Але бачна, рашэньне далося ня проста — паведамленьні пра «ўдзел-няўдзел» ішлі адно за адным — цэлы адукацыйны летні сэрыял. Спачатку Лукашэнка заявіў, што «ні за якімі дзяржавамі нам ня трэба бегчы», а праз паўтара месяца аддаў загад Радзькову распачаць працэдуру далучэньня. Мяняць і мяняць беларускую адукацыю, каб адпавядаць эўрапейскім нормам, таму новы сэзон чакаем багатым на падзеі ці на новыя заявы пра «няўдзел». Дарэчы, яшчэ адна зь летніх заяваў: Радзькоў прызнаў, што бясплатнай адукацыі ў нас няма.
-
У «лазьні» з Нэйра Дзюбелем
«Нэйра Дзюбэлю» — мэдаль за сьмеласьць, вернасьць сабе і самаахвярнасьць дзеля фэнаў. У самы пік летняй сьпёкі «дзюбеля» ў адных майтках, абліваючыся потам і півам, у памяшканьні з адзіным вэнтылятарчыкам сьпявалі старыя-любімыя і новыя-чаканыя гіты.
-
У Менску затрымліваюць людзей з падушкамі
Гучыць камічна, аднак сапраўды перад пачаткам папулярнага флэшмобу «Бітва падушкамі» міліцыянты спынялі людзей, шукалі падушкі ў заплечніках — як вынік затрымалі ля паўсотні «хуліганаў». Аднак бітва прайшла, адрэналін атрыманы. Хто не пасьпеў — можна далучыцца 8 верасьня. З сабой браць падушкі і бадзёры баявы настрой!
-
Апошняе «Амбасовішча» ў Раўбічах
Вядомы фэстываль з фарматам «толькі па запрашэньнях» сёлета прайшоў у шосты і апошні раз. Ня будзе болей рэзыдэнцыі амэрыканскага амбасадара ў Раўбічах. Як «правялі» Амбасовішча — у нашым фотарэпорце.
-
Беларускія айцішнікі зарабляюць амаль як шахцёры
Прынамсі ясна, хто ўлетку не адпачываў, а працаваў ва ўсю — айцішнікі і шахцёры:) Сярэдні беларускі праграміст зарабляе ў сярэднім $600, жыве ў Менску, мае ўзрост да 25 гадоў і можа з гонарам назваць сябе мужчынам. Глядзім статыстыку!
-
Адкуль у ЭГУ грошы?
Колькі каштуе ўтрыманьне самага вядомага ў Эўропе беларускага ВНУ?
-
Пераможца «Залатой літары» Андрэй Федарэнка: «Сучаснай літаратурнай моладзі найперш не хапае начытанасьці»
Чытаем, думаем, запасаемся кніжкамі на новы сэзон, які з 1 верасьня традыцыйна асацыюецца з навучаньнем ды школамі-ўнівэрамі.
А мы сустракаем восеньскі сэзон! Натхніліся беларускімі ды эўрапейскімі фэстамі-вандроўкамі-знаёмствамі, задумалі шмат новага і часткова ўжо пачалі сьмелыя новаўвядзеньні.
У верасень заступаем з першымі абноўкамі: парэдызайнілі сайт, абнавілі нашага вожыка-талісманчыка. Аднак зьмены толькі пачынаем ;) Таму пішам-малюем-камэнтуем — абжываемся і далучаемся! Афармляйце свае незабыўныя летнія ўражаньні (вандроўкі, людзі, праца) у артыкулы ды фотарэпартажы, дасылайце — і будзем разам чакаць ТОП-20 восеньскіх матэрыялаў:) Няхай восень будзе цёплай, плённай і насычанай!