У чацьверты раз на Be2gether

Чацьверты фэстываль музыкі і мастацтваў Be2gether адгрымеў традыцыйна ля замку Нарвілішкес і сабраў болей паўсотні артыстаў з усяго сьвету. Пакуль у Менску ішлі дажджы, надвор’е каля беларускай мяжы ў Літве радавала сьпёкай, ад чаго самай папулярнай вопраткай сталі купальнікі і каляровыя гумовыя боты. Тры дні музыкі, гульняў, прыгодаў ды размоваў з музыкамі беларускімі і замежнымі ў дзёньніку з фэстывалю.

«На „бітугезу“ едзеце?» — ад частасьці гэтага пытаньня напярэдадні фэсту падавалася, што на Be2gether зьедзе добрая частка Менску. Сёлета, як і ў папярэднія гады, беларусы маглі трапіць на фэст у Літве, атрымаўшы шэнген бясплатна. Паехалі цягнікамі, аўтобусамі, аўто, на фэст і міма яго — далей да мора.

У пятніцу па абедзе машынкі зь беларускімі і літоўскімі нумарамі шчыльнымі ланцужкамі сьцякаліся ў «кішэню» на сучаснай літоўскай мапе — да замку Нарвілішкес, з трох бакоў аточанага беларускай мяжою. Там на знаёмых ужо па ранейшых Be2gether зялёных палях раскінулася аграмадная паркоўка, намётавы гарадок ды пляцоўка зь некалькімі вялікімі сцэнамі і колам разнастайных шапікаў зь півам-ежаю.

На ўзвышшы ў замку, які на час фэсту ператвараецца ў віп-зону з кавярняй, падрыхтавалі адмысловы сюрпрыз — настойку падавалі ў кавалках лёду. «Посуду няма з-за крызысу», — жартавалі наведвальнікі. «Такія шклянкі і біць не шкада на радасьцях!» — падхоплівалі беларускія музыкі, якія сёлета выступілі на ўсіх сцэнах фэсту. Беларусь прадстаўлялі CherryVata, Akute, Open Space і Лявон Вольскі. Яшчэ зь дзесятак беларускіх творцаў прэзэнтаваліся ў адмысловых намётах кампаніі «Будзьма» і галерэі «Ў».

Cherryvata на Be2gether

Электроншчыкі CherryVata зладзілі пазытыўны мэлядычны выступ на «замкавай сцэне» пад актыўныя танцы прыхільнікаў. Сюрпрызам стаў выступ разам з музыкамі Русі.

«Вельмі люблю nu juzz, гэтую эстэтыку, пераасэнсоўваньне джазу ў электронным варыянце. Ды й не хапае мне з часоў Indiga вось гэтага паху гастрольных бусікаў, калі адзін на адным сядзяць, і трэба недзе наруліць ежы ды знайсьці сабе месца паспаць… Сумую па гэтым!» — распавяла нам пасьля выступу Руся.


Цэлым бусікам прыехаў на Be2gether і Лявон Вольскі з кампаніяй: сьпяваў песьні зь «Белай яблыні грому», весяліў «Крамбамбуляю», прэзэнтаваў народныя песьні ў рокавай апрацоўцы ды сьпяваў па-француску, сабраўшы пад сцэнаю ці ня ўсіх беларусаў на фэсьце.

Open Space на Be2gether

Выступ Open Space, якія ў першы дзень спрабавалі заінтрыгаваць літоўцаў, разьлепваючы надпісы «Who the fuck are Open Space?», распачаў другі дзень фэсту. Прамоцыя працягнулася раздачай бясплатных дыскаў усім ахвочым, аднак пад сцэнаю затрымліваліся нямногія.

Akute на Be2gether

А вось магілёўцы Akute дабіраліся з сапраўднымі рокавымі прыгодамі. — прыйшлося пакінуць аўто ўначы на мяжы, і рушыць зь гітарамі празь плячо на фэст пешшу, аднак іх уначы падхапіў гурт з Расеі. Akute пасьпяхова прэзэнтаваліся на клюбнай сцэне. Хоць канкурэнцыя ў магілёўцаў была сур’ёзная — на іншых пляцоўках у гэты час выступалі папулярныя літоўскія ньюджазмэны Brassbastards ды поп-рокеры Biplan.


Але найперш Be2gether — магчымасьць пабачыць у адным месцы шмат цікавых гуртоў розных стыляў з розных куткоў сьвету. Пабачыць было што! Датчане «Who Made Who», мэлядычныя нарвэгі «Casiokids», вясёлыя ўкраінцы «Гайдамаки», дзёрзкі расейскі Шнур з «Рублём», харызматычныя гішпанцы з танцавальнай музыкай і баскімі этна-матывамі Сrystal Fighters, якія потым захапілі нас расповедамі пра жыцьцё пад адным дахам, брытанскія рэпэры «Roots Manuva», пранікнёная Аліна Арлова, фрыкаватыя і эпатажныя аўстралійцы «Empire of the Sun» ды многія іншыя.

Аглушальнай кропкаю на Be2gether 2010 стаў выступ брытанскіх хэдлайнэраў Skunk Anansie, адноўленых амаль пасьля 10-гадовага перапынку, зь непаўторнай Скін на вакале.

Skunk Anansie

Гнуткая, моцная, дзёрзкая і бязьмежна пазытыўная Скін літаральна ўварвалася на сцэну зь вядомымі гітамі гурта. Публіка выбухнула, калі сьпявачка кінулася ў натоўп і проста пайшла па далонях фэнаў. Напэўна, гэта быў самы магутны выступ з усіх чатырох Be2gether.

Skunk Anansie

Трэці дзень фэсту працягнуўся таксама напоўніцу, але праграма пястрэла пераважна маладымі літоўскімі гуртамі. «Раю застацца паслухаць Freaks on Floor», — падаючы каву тлумачыў гаваркі прадавец-літовец. Аднак машыны зь беларускімі нумарамі ўжо выяжджалі па пыльнай дарозе ў бок Вільні працягнуць адпачынак шопінгам альбо «дагуляць» дзень па візе на Балтыйскім моры.

Музыка розных стыляў, гульні, магчымасьць «пажаніцца» ў намёце, паваляцца ў гразюцы, размаляваць цела ці вопратку, забацаць модную сьмелую фрызуру, паглядзець футбол ці проста таньчыць у адным з музычных намётаў да раніцы. Такім атрымаўся чацьверты Be2gether, які ладзіцца зь ініцыятывы нястомнага літоўскага бізнэсоўца Гедруса Клімкявічуса.

«Музыка бурыць межы!» — узгадваецца першы сьлёган Be2gether. Аптымістычныя мары Клімкявічуса пасьля фэсту 2007 году пабудаваць сцэну над літоўска-беларускай мяжой пакуль ня спраўдзіліся, аднак межы сапраўды крыху пахіснуліся. Сярод гасьцей фэсту пад гукі сьпеваў Лявона Вольскага нясьпешна прагульваўся беларускі амбасадар у Літве ў кампаніі свайго літоўскага калегі.

«Ну распавядайце, як там аўстралійцы выступілі, як Skunk Anansie, а нашы як?» — сустрэлі нас па дарозе назад зацікаўленыя і ўсхваляваныя беларускія памежнікі. «Усё было супэр! Стомленыя, уражаныя, адпачыўшыя і загарэлыя, але ўжо чакаем юбілейнага Be2gether — пятага!»

Фотаўражаньні Generation.by з фэсту ў тэматычных фотарэпартажах: 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0742 seconds.