У «лазьні» з Нэйра Дзюбелем

Neuro Dubel

Свой 21-ы дзень народзінаў легендарны гурт адсьвяткаваў музычным паходам «у лазьню» з сотняй прыхільнікаў. Менавіта такая атмасфэра лунала на канцэрце Neuro Dubel у менскім Jolly Roger Cafe: нерэальная гарачыня, халоднае піва, любімыя гіты й прэм’еры. А музыкам прыйшлося выступаць у майтках і рушніках.

Neuro Dubel

І ўсё гэта не адмысловы сьвяточны сцэнар, а вымушаная імправізацыя. На вуліцы ўжо звыклая тэмпэратура «за трыццаць». У калідоры папрахалодней, аднак за дзьвярыма клюба была сапраўдная саўна, што й ня ўбіцца — ніякія кандыцыянэры не спраўляліся.

Аднак «дзюбяля» й ня думалі спыняцца. Хіба што давялося распрануцца й зладзіць на сцэне незаплянаваны паказ майткоў: ад палітызаваных СССР і ЗША да міралюбівых камуфляжных і спакойных «сямейных».

Горача, але весела. Каб ахалодзіцца, разгарачаныя танцамі фэны ўжывалі піва ня толькі ўнутр, але й спрабавалі прымаць «піўны душ». Для прыхільнікаў гурта гэты канцэрт запомніцца як самы шчыры, сяброўскі і, вядома, самы гарачы. «Ня інакш як у саўне з добрай кампаніяй!» — дзяліліся ўражаньнямі людзі, выбягаючы астудзіцца на вуліцу (дзе гэтым часам было вышэй +30-ці) у вымушаным антракце.

Neuro Dubel

У душэўнай атмасфэры «Нэйра Дзюбель» зайграў вядомыя гіты, узгадаў даўна ня граныя кампазыцыі і прэзэнтаваў некалькі песень з новага альбому, які выйдзе ўжо гэтай восеньню.

«Чакайце песень, якія заменяць „Время распрощаться“», — анансаваў эсклюзівы Кульлінковіч. Да таго ж, у новым альбоме будзе яшчэ адна „Воля“ — трэцяя, у дадатак да „развратной блондинки Оленьки“ і „Волі, што ў вечным вышуку“.

Па ходу, Neuro Dubel умее выкручвацца з усіх непрадбачаных сытуацыяў. На рахунку гурта пасьпяховыя клюбныя канцэрты ў разгар фінансавага крызысу, вулічныя выступы пры адсутнасьці электрычнасьці, а цяпер і душэўнейшы канцэрт пры нерэальнай тэмпэратуры й вільготнасьці.

«Калі шчыра, гэта самы складаны і цяжкі канцэрт ва ўсім жыцьці», — падзяліліся потым уражаньнямі музыкі.

«Нырнуць» у атмасфэру самага гарачага канцэрту Neuro Dubel можна ў фотаблогу Generation.bY

tarka 12:30, 26/07/2010 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0588 seconds.