Gods Tower: «У нас шок у трох ступенях: у Гомелі, Маскве, а цяпер і Менску!»

Gods Tower

Для сучаснага пакаленьня прыхільнікаў мэтал-музыкі Gods Tower сапраўдная легенда: «жылі-былі гадоў 10 таму ў Гомелі музыкі, якія праславілі Беларусь далёка за яе межы…» Рызыкоўная і дзёрзкая ідэя аднавіць легендарных «таўэраў» вылілася ў магутны канцэрт у Менску. «Ня было ніякай надзеі на тое, што гэта магчыма», — гледзячы на сцэну клюбу «Рэактар» пасьля першага менскага канцэрту адноўленага гурта, распавядае Generation.by фронтмэн Gods Tower Lesley Knife.

Long live heavy metal!

«Гэта мой першы канцэрт Gods Tower!» — «І мой!» — дробнымі і буйнымі групкамі, папіваючы піва, абмяркоўвалі ў чаканьні пачатку падзеі фэны пад «Рэактарам», апранутыя ў старыя пацертыя цішоткі і ў новыя ўзору году 2010-га, але зь нязьменным лягатыпам.

За амаль дзесяцігодзьдзе, што мінула з апошніх канцэртаў легендарных гомельскіх мэталістаў, многае памянялася. Культавыя цішоткі цяпер не абавязкова замаўляць праз пошту, за гадзіну лёгка можна надрукаваць сваю, унікальную і асабістую. У чаканьні навінаў пра ўлюбёны гурт, не абавязкова скупаць усю музычную друкаваную прэсу ці пісаць папяровыя лісты ў фан-клюб. Лёгка даведацца ўсё ў Сеціве.

Gods Tower

Gods Tower сышлі са сцэны на хвалі посьпеху. Сышлі раптоўна, так і ня выдаўшы свой трэці альбом, які доўга абяцалі прыхільнікам. Вярнуліся цяпер, каб выканаць абяцанае. І вярнуліся ў шыкоўнай музычнай форме.

Gods Tower

Аднаўленьне культавага гурта справа боязная і рызыкоўная. Не расчараваць бы старых фэнаў ды ня зьнішчыць легенду пра «непахісных багоў мэтал-сцэны». Не расчаравацца б у ідэалах ды не пачаць шкадаваць куміраў юнацтва ці недасяжных няісных зорак.

Вяртаньне Gods Tower стартавала ў лепшых традыцыях канцэртаў легендарных гуртоў з паўцемрай, дымам на сцэне і інтрыгоўнай музыкай пад воклічы фэнаў. Заля ўзарвалася зь першых нотаў. У нейкі момант дзея нагадвала фінальную сцэну зь фільма «From Dusk Till Dawn» — мэталёвыя дзяўчаты таньчаць на стойках і кідаюцца са сцэны ў разгарачаны натоўп, ад шалёнай энэргетыкі давялося адчыняць форткі, адкуль у куток залі нязвыкла біла дзённае сьвятло.

Gods Tower

Gods Tower падаросьлелі, заўважна пашырэлі, часткова пастрыгліся, аднак ня страцілі сваёй брутальнасьці. Тое, што гурт шмат гадоў ня выступаў, выдавала хіба лёгкая неразьбярыха ў перасоўваньнях музыкаў па сцэне.

«Нічога, што я тут так нараспашку са сваімі тлушчыкамі? Я не саромеюся!» — храбрыўся са сцэны «вялікі» Lesley з аголеным тату на пузе, гатовы на другі біс паўтарыць «Rising Arrows».

Ня «Pagan metal rules», даўна стаўшы лёзунгам колішніх «таўэраў», аднак ня менш вядомы покліч «Long live heavy metal!» прымусіў адгукнуцца ў залі амаль кожнага. Gods Tower, які грае ў дастаткова вузкім стылі, мае ўнікальную асаблівасьць прыцягваць да мэтал-музыкі людзей шырокіх колаў. Каманда ў выдатнай музычнай форме. А гледзячы на тое, як выкладаюцца музыкі на канцэрце, яшчэ дзесятак выступаў, і гурт верне форму фізычную. Час прызвычайвацца казаць пра Gods Tower ня «быў», а «ёсьць».

Gods Tower

«Выявілася, што на сцэне бяз нас нічога добрага не атрымаецца»

Па заканчэньні канцэрту прыхільнікі доўга не разыходзяцца. Музыкі ўсхвалявана пакуюць інструмэнты, блытаючыся ў цеснай грымёрцы «Рэактару», і нарэзваюць бутэрброды. Схапіўшы адзін, Lesley Knife выходзіць на другі паверх «Рэактару» і распавядае першыя ўражаньні «па вяртаньні», зьбіваючыся і задаючы пытаньні ў адказ.

«Для мяне гэтыя 10 год па-за Gods Tower былі як на другіх ролях. Я не хацеў зьвязвацца з аднаўленьнем Gods Tower. Калі б я адзін сказаў „Я буду рабіць Gods Tower“, гэта была б спэкуляцыя, і я сам бы сябе не паважаў. Аднак зусім іншая справа, калі зьбіраецца ўвесь Gods Tower, той наш залаты склад, і ўсе кажуць: „А давайце зробім!“ Чым чорт не жартуе? І мы зрабілі».

Утварыўшыся 1989 годзе ў Гомелі зь ініцыятывы вакаліста Ўладзіслава Наважылава (Lesley Knife) і гітарыста Аляксандра Ўракава, Gods Tower стаўся легендарнейшым мэтал-гуртом беларускай сцэны, выпусьціўшы тры альбомы і паезьдзіўшы з шэрагам канцэртаў па Эўропе. Гурт дзяліў сцэну з такімі сусьветна вядомымі гуртамі як In Flames, Behemoth, Paradise Lost ды іншымі. Аднак у 2002 годзе Gods Tower распаўся з прычыны алькагалізму Аляксандра Ўракава, які праз год памёр. Пасьля распаду гурта яго ўдзельнікі перайшлі ў іншыя ці заснавалі свае праекты.

Gods Tower

«Калі пачалася ўся гэтая гісторыя з аднаўленьнем, я толькі паўсьміхаўся, бо ня было ніякай надзеі на тое, што гэта магчыма. Ініцыятыва прыйшла звонку — усе вакол запытваліся і падстракалі. Ды мы й самі ўжо засумавалі па Gods Tower».

На месца Ўракава прыйшоў колішні ягоны вучань — гітарыст Зьміцер Лазарэнка. Музыкі прадумана падышлі да свайго вяртаньня — чуткі зьявіліся яшчэ ў пачатку году ў сацыяльных сетках. У працяг навіны пра аднаўленьне Gods Tower, якія ад пачатку стварэньня заўжды ішлі ў нагу з часам, музыкі выклалі відэа з першай рэпэтыцыі і такім чынам «паказалі» сябе.

«Зьяўленьне ў сацыяльных сетках — цалкам заслуга маёй жонкі, якая мяне туды загнала. Яна мне стварыла акаўнт, але я год туды не вылазіў. Аднак калі туды трапіў і даведаўся, што там ёсьць людзі, якіх ня бачыў ці ня ўбачу яшчэ гадоў 10–20, дык зразумеў, што трэба і мне там нешта рабіць. Тады ў мяне і пачалося знаёмства з сацыяльнымі сеткамі ўвогуле. Але многае я там толькі інтуіцыяй даганяю. Усё гэта мне нагадвае тэлеграф».

Праз такі «тэлеграф» многія прыхільнікі і даведаліся пра аднаўленьне гурта і канцэрты. Першы выступ адроджаны Gods Tower даў у родным Гомелі 1 ліпеня, а на наступны дзень музыкі гралі ўжо ў Маскве.

«Для мяне было шокам, што сабралася столькі народу ў Маскве. Ёсьць у мяне там стары знаёмы — яшчэ з 90-х гадоў. Дык ён кажа, калі б ні Gods Tower, дык ніхто б і ня ведаў беларусаў. Для мяне гэта такі гонар — калі маскаль кажа, што Беларусь — гэта моц, ты сабе ўявіць ня можаш».

З часоў распаду Gods Tower беларуская мэтал-музыка сышла яшчэ ў большы андэграўнд. За гэты час не зьвілася ніводнага заўважнага па-за тусоўкай новага мэтал-гурта. А больш частыя прыезды ў Менск замежных зорак толькі памяншаюць шанцы беларускіх музыкаў зьбіраць поўныя залі.

«Беларуская сцэна хварэе хваробаю „іn ass“ — няма свайго. То там нешта возьмуць, то там — у выніку атрымліваецца нейкая „калавая“ маса. Карацей кажучы, зараз шмат колькасьці, а якасьці амаль ніякай».

Канцэрты і запіс падрыхтаванага яшчэ ў часы Ўракава альбому — такая найпершая задача стаіць цяпер перад музыкамі. Пра далёкую будучыню пакуль ня кажуць — «запішам, а там паглядзім, што з гэтага атрымаецца».

«Мы ўжо дарослыя дзядзькі, у кожнага свая сям’я, свой праект. Калі мы й разыдземся зноўку, то не раней чым празь некалькі год. А зараз ня будзем каркаць!»

Lesley гаворыць на «смачнай» беларускай мове і, аглядаючы ўжо амаль пустую залю, распытвае пра менскае музычнае жыцьцё, мэталёвую сцэну, аншлягі і правалы ў «Рэактары», час ад часу змаўкаючы і з усьмешкаю думаючы пра нешта сваё, узгадваючы моманты з канцэрту.

«У нас атрымаўся шок у трох ступенях: першы быў у Гомелі, другі — у Маскве, трэці — цяпер у Менску. Сёньня наагул было нешта — нас два разы на біс выклікалі! Мы ўжо сышлі і пачалі пераапранацца, а выявілася, што на сцэне бяз нас нічога добрага не атрымаецца».

Глядзіце таксама вялікі фотарэпартаж з канцэрту Gods Tower

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.063 seconds.