«Усе беларусы патанулі», — Gods Tower прэзентаваў першы беларускамоўны трэк

Gods Tower

Культавы гомельскі гурт заўсёды акцэнтаваў сваю беларускасць, але ўпершыню сярод ангельскамоўных трэкаў каманды з’явілася песня, праспяваная на беларускай. «Людзі на балоце» — гэта пераклад кампазіцыі ”People in the Swamp” з альбому ”Steels says last”, які выканала Ганна Аўчыннікава.

Сапраўдны край маўчання —
Балотны край з насельніцтвам сваім.
Адмовіўшы змаганне,
Ці ж ты, як корч, не стаў зусім глухім?
Казаць далей не варта.
За «дабрабыт» прадаў свой дух дарма.
І час прамовіць праўду:
Жывы тапелец, шанцаў больш няма.




Леслі Найф прадставіў новую песню на Тузіне Гітоў з песімістычным каментаром:

«У ёй вядзецца пра тое, што беларусаў як нацыі папросту не існуе. Калі гэта не так, можаце мяне абвергнуць. Пакуль што нацыяй можна назваць украінцаў — ані беларускія, ані тым больш расейцы нацыямі не з’яўляюцца. Грамадзянскай самасвядомасці не маюць, толькі бы жэрці было чаго.

Нельга адмаўляць праўду, трэба зрабіць так, каб яна сышла ў нябыццё. Пакуль што гэта робяць адзінкі. Нацыя? Саннікаў, Дашкевіч, Пазняк — гэта нацыя. Астатняе альбо распіл грантаў, альбо прыстасавальніцтва. У гэтай песні мы пра большасць кажам, а яны ўсе патанулі. А хочаце аптымізму — дык вось вам „Ляпіс“. Калі ўсе пра аптымізм спяваць будуць, дык гэта будзе БТ».

14:06, 08/01/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0749 seconds.