Доўгачаканы альбом Gods Tower будзе прэзэнтаваны вялікім канцэртам у Менску 11.11.11

Чацьверты альбом Gods Tower «Steel says last», які мусіў выйсьці яшчэ 10 гадоў таму, цяпер нарэшце дасяжны прыхільнікам. Гурт зладзіў канцэртную прэзэнтацыю ў родным Гомелі і ў межах вялікага туру выступіць па гарадах Беларусі, Украіны, Расеі і краін Прыбалтыкі.

Gods Tower

«Steel says last» меў выйсьці болей 10 гадоў таму. Тады Gods Tower меў за плячыма тры альбомы і болей чым 10-гадовую гісторыю актыўнай канцэртнай дзейнасьці па Беларусі і па сьвеце, будучы легендарнейшым мэтал-гуртом беларускай сцэны. Аднак у 2002 годзе Gods Tower распаўся, а праз год памёр гітарыст, адзін з заснавальнікаў гурта, кампазытар Аляксандар Уракаў. Астатнія музыкі гурта перайшлі ў іншыя ці заснавалі свае праекты. Пры аднаўленьні Gods Tower у залатым складзе ў 2010, музыкі так і адзначалі: «Мэта цяпер — сыграць як Уракаў тое, што ім напісана, і запісаць тое, што не запісана ім».

«Нягледзячы на тое, што гэта павінна было адбыцца яшчэ вясной, і затрымка здаецца каласальнай, мы тым ня менш, лічым, што гэты тайм-аўт пайшоў толькі на карысьць, бо ў нас зьявілася магчымасьць абдумаць многія дэталі больш старанна. У выніку, атрымалася нешта, што нас саміх зьдзівіла. І хутка прыйдзе ваша чарга зьдзіўляцца», — анансавалі альбом музыканты.

Пазнаёміцца з прэв’ю да новага альбому Gods Tower можна па спасылцы: generation.by/mp3/gods_tower_steel_says_last_preview.mp3.

«Нам удалося дасягнуць таго гука, які можна ахрысьціць «салярным мэталам». Наша гучаньне стала адначасова яркім, як сонца, і настолькі густым, што ўзьнікае ілюзія таго, што да гука можна дакрануцца. Час вымыў з нашай музыкі ўсё лішняе і надаў ёй жывасьці», — кажа фронтмэн гурта Lesley Knife.

Канцэрт у Менску адбудзецца ў сымбалічную дату 11.11.11 у клюбе RE:PUBLIC (Прытыцкага,62). Даведкі праз тэл. 029-6490888, 017–3103142. Кошты квіткоў: 45 000 – першыя 100, 55 000 – 70 000 папярэдне, 75 000 – танцпляц у дзень канцэрту, 85 000 – месца за столікам + CD от БМАgroup у падарунак.

Пасьля менскай прэзэнтацыі гурт выпраўляецца з канцэртамі ў Маскву і Санкт-Пецярбург, а ў сьнежні наведае Рыгу і Вільнюс.

11:30, 18/10/2011 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0791 seconds.