Легендарныя Gods Tower вяртаюцца на сцэну: «Выступім ужо гэтым летам!»

Культавыя гомельскія мэталісты абвесьцілі пра аднаўленьне свайго гурта ў «залатым складзе». «Людзі занадта жадаюць рэінкарнацыі Gods Tower, і ігнараваць вокліч народу стала проста бессэнсоўным. Ды і ня бачыліся мы дзесяць год, засумавалі па Gods Tower ня менш вашага», — цешыць прыхільнікаў вакаліст гурта Lesley Knife.


Адноўлены Gods Tower | 2010

Чуткі пра магчымае аднаўленьне гурта зьявіліся яшчэ ў пачатку году, калі ў суполцы прыхільнікаў гурта ў vkontakte зьявілася абмеркаваньне, хто б зь дзейсных беларускіх музыкаў мог паўтарыць «залаты склад» Gods Tower. Цяпер інтрыга раскрытая. У шэрагі гурта вярнуліся ўсе музыкі, а новым удзельнікам стаў экс-гітарыст гурта «Бан-Жвірба».

«Ён адзіны рэальны вучань Уракава. Даволі шмат людзей прыпісвае сябе да ліку яго вучняў ці нават лепшых сяброў, насамрэч ня будучы такімі. А ў Зьмітры мы былі ўпэўненыя адразу», — распавядае у інтэрвію metalscript.net Lesley Knife.

«Актыўная дзейнасьць пачнецца летам. Але я не прарок, каб абяцаць нейкія дакладныя рэчы», — прагназуе першыя канцэрты адноўленага Gods Tower Lesley Knife. Пачнуць музыкі з працы над сваімі вядомымі гітамі і нерэалізаваным матэрыялам.

Gods Tower плянуе працягнуць дзейнасьць у поўным фармаце — з канцэртамі, турамі і відэа-працамі. Як паведамляе xlam.by, ужо гатовы паўтарагадзінны канцэртны матэрыял і гурт рыхтуецца да запісу альбома дзесяцігадовай вытрымкі «Steel says last».

Gods Tower утварыўся ў 1989 годзе ў Гомелі зь ініцыятывы вакаліста Ўладзіслава Наважылава (Lesley Knife) і гітарыста Аляксандра Уракава і лічыцца легендарнейшым мэтал-гуртом беларускай сцэны. У дыскаграфіі гурта тры альбомы: The Eerie (1993), The Turns (1995), Abandon All Hope (2002). За час дзейнасьці каманда выступала з канцэртамі у Эўропе і краінах СНД, дзяліла сцэну з такімі сусьветна вядомымі гуртамі як In Flames, Primordial, Behemoth, Crystal Age, Paradise Lost.

У 2002 годзе Gods Tower распаўся з прычыны алькагалізму Аляксандра Уракава, які праз год памёр. Пасьля распаду гурта некаторыя яго ўдзельнікі заснавалі свае праекты ці перайшлі ў іншыя гурты. Дзьмітры Аўчыньнікаў і Юрый Сіўцоў гралі ў гурце Rasta, Лэсьлі Найф рабіў праект The Regent, зараз удзельнік Distortion, а Ўладзіслаў Сальцэвіч граў у гурце Misanthrope Count Mercyful.

tarka 15:30, 14/05/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0786 seconds.