Завочнікаў канчаткова адправілі ў войска

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, паводле якога студэнты-завочнікі губляюць права на адтэрміноўку ад службы ў войску. Але тыя студэнты, што яшчэ вучацца, альбо толькі паступілі, у войска пакуль ня пойдуць — ім дадуць давучыцца. Такім чынам, апошняя магчымасьць стаць студэнтам завочнага і пры гэтым не пайсьці ў войска — паступіць ва ўнівэрсытэт сёлета.

Паводле новай рэдакцыі закону «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», права на адтэрміноўку губляюць усе студэнты завочных аддзяленьняў ВНУ акрамя тых, хто навучаецца на дзённай форме навучаньня альбо ў завочнай магістратуры, асьпірантуры і дактарантуры.

Астатнія адправяцца ў войска. Але толькі ў выпадку, калі яны стануць студэнтамі завочнага да 15 жніўня.

Паводле закону, «грамадзянам, якія навучаюцца ва ўстановах адукацыі ў завочнай форме атрыманьня адукацыі, у тым ліку за мяжой, на дзень уступленьня гэтага Закона ў сілу, захоўваецца альбо даецца адтэрміноўка ад прызыву». Такім чынам, завочнікі, якія зьяўляюцца студэнтамі на гэтым момант, могуць спаць спакойна.

Больш за тое, спакойна могуць спаць і тыя, хто толькі што паступіў у ВНУ. Яшчэ напачатку ліпеня беларускія ВНУ адмыслова паведамілі, што «адтэрміноўка ад прызыву ва ўзброеныя сілы для абітурыентаў 2010 году захоўваецца».

Закон увойдзе ў сілу празь дзесяць дзён з даты яго публікацыі. Лукашэнка падпісаў яго 19 ліпеня, 27 ліпеня яго надрукавала «Народная газета». Значыць, 7 жніўня закон пачынае дзейнічаць. Цікава, што загады аб залічэньні на завочную форму навучаньня па выніках апошняй уступнай кампаніі ў беларускія ВНУ мусяць быць падпісаныя як раз 6 жніўня. То бок падпісаньне закону «прымеркавалі» да дня, калі болей за 200 тысячаў чалавек стануць студэнтамі завочнага аддзяленьня. У апошні раз па старых умовах.

У пачатку лютага дэпутат Здановіч прапаноўваў скасаваць адтэрміноўку ад прызыву і для студэнтаў-платнікаў, аднак прапанова тады не знайшла падтрымкі ў адміністрацыі прэзыдэнта. Адмену адтэрміновак ад службы Міністэрства абароны тлумачыць скарачэньнем колькасьці прызыўнікоў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0586 seconds.