У Беларусі нарэшце можа быць уведзеная альтэрнатыўная служба

У 2013 годзе ў Беларусі можа быць прыняты закон: «Аб альтэрнатыўнай службе». Ён дазволіць хлопцам, што адмаўляюцца служыць у войску, замест службы працаваць на непапулярных пасадах, і такім чынам «адпрацоўваць» абавязак перад радзімай.

Законапраект «Аб альтэрнатыўнай службе» трапіў у лік чатырох новых законаў, якія сёлета плануецца распрацаваць у Беларусі. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Па некаторых дадзеных, праект закону «Аб альтэрнатыўнай службе» грунтуецца на нямецкім прыкладзе. Да нядаўняга часу ў Нямеччыне тыя, хто адмаўляўся служыць у войску, за мізэрны заробак адпраўляліся даглядаць за сталымі людзьмі ў дамах састарэлых і смяротна хворымі ў хоспісах, гуляцца з дзецьмі ў дзіцячых садках ці ўпакоўваць гуманітарную дапамогу для ахвяраў заморскіх катастрофаў. Цяпер прызыў у нямецкае войска ўвогуле адменены.

Верагодна, тэрмін службы «альтэрнатыўшчыкаў» можа быць падвоены: замест 1 году ўладальніку дыплому аб вышэйшай адукацыі прыйдзецца «служыць» два, астатнім — тры гады.

Прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу ў Беларусі» доўгі час прасоўвалі ідэю ўвядзення ў Беларусі такога віду службы ў войску. Цягам апошніх гадоў адразу некалькі гучных крымінальных справаў прызыўнікоў аказаліся звязанымі з адмоваю ісці служыць у войска і патрабаваннямі права на альтэрнатыўную службу, што адпавядае Канстытуцыі Беларусі.

Да прыкладу, тры гады таму вернік габрэйска-мэсіянскай суполкі «Новы запавет» Іван Міхайлаў быў пакараны трыма месяцамі турмы за адмову служыць у войску. Міхайлаў тлумачыў ухіленне сваім веравызнаннем і патрабаваў даць яму магчымасць праходзіць альтэрнатыўную службу.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0718 seconds.