Прызыў як анахранізм: Нямеччына рыхтуецца да адмены вайсковай павіннасьці
Міністар абароны Нямеччыны Карл-Тэадор цу Гутэнбэрг рыхтуецца пахаваць адзін з сымбаляў эпохі халоднай вайны — усеагульную вайсковую павіннасьць. Законапраект, прапанаваны міністрам, прадугледжвае пераход на прафэсійнае войска на працягу 2011–2014 гадоў.
Экспэрты лічаць, што служба па прызыву — у Нямеччыне зь нядаўняга часу яна доўжыцца шэсьць месяцаў — не дазваляе падрыхтаваць прафэсійнага салдата, здольнага ўдзельнічаць у міжнародных місіях. Цяпер 5200 нямецкіх ваенных нясуць службу ў Аўганістане.
«Вопыт бундэсвэру ў Аўганістане і ў іншых місіях паказаў, што нашы ўзброеныя сілы дзейнічаюць недастаткова эфэктыўна», — цытуе газэта Die Zeit ваеннага экспэрта Яну Пуглірын.
«Нам больш не патрэбная армія рэкрутаў, вялікая армія, каб абараняць нашу краіну ад нападу Савецкага Саюзу. Нам патрэбная прафэсійнае войска, здольнае падаўляць паўстаньні, якое можна накіраваць куды заўгодна», — заявіла яна журналістам.
Немцы лічаць вайсковую павіннасьць ня толькі састарэлай, але і дастаткова дарагой. Карэнная перабудова ўзброеных сілаў (войска будзе скарочанае на траціну да 163 тысячаў чалавек) дапаможа зэканоміць да 8 мільярдаў эўра.
Хто яшчэ захаваў вайсковую павіннасьць? Чырвоны - прызыў ёсьць. Аранжавы - прызыў будзе хутка адменены. Схема wikipedia.org
Хаця і цяпер прызыў у Нямеччыне асабліва не працуе. На 250 кантрактнікаў прыходзіцца 30 прызыўнікоў. Але немцы яшчэ не гатовыя разьвітацца ня столькі з вайсковым прызывам, колькі зь людзьмі, якія праходзяць альтэрнатыўную службу. Знайсьці добраахвотнікаў, якія за капейкі згадзіліся б даглядаць за сталымі людзьмі ў дамах састарэлых і сьмяротна хворымі ў хоспісах, гуляць зь дзецьмі у дзіцячых садках ці ўпакоўваць гуманітарную дапамогу для ахвяраў заморскіх катастрофаў немагчыма.
Дарэчы, менавіта на нямецкім прыкладзе грунтуецца беларускі закон аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе, які ніжэйшая палата парлямэнту можа разгледзіць ужо ўвосень.
Тым ня менш, міністар Гутэнбэрг абяцае дамагчыся адмовы ад прызыву. Рашэньне па законапраекце ўрад краіны прыме ў лістападзе. Калі гэта адбудзецца, Беларусь разам зь некаторымі краінамі СНД рызыкуе застацца ў абсалютнай меншасьці, працягваючы захоўваць адзін з анахранізмаў Другой сусьветнай вайны.