Беларускія айцішнікі зарабляюць амаль як шахцёры

Пакаленьне Y «акупавала» беларускую IT-сфэру. Сярэдні беларускі праграміст зарабляе ў сярэднім $600, жыве ў Менску, мае ўзрост да 25 гадоў і можа з гонарам назваць сябе мужчынай. Такіх у краіне як мінімум 20 тысячаў чалавек, кажуць дадзеныя статыстыкаў.


Жанчыны ў меншасьці

Адпаведна з дасьледаваньнем dev.by, тыповы працаўнік сфэры IT — мужчына (92.5% ад агульнай колькасьці), які жыве ў Менску (86%), мае ўзрост да 25 гадоў і зусім невялікі працоўны стаж — каля трох гадоў. Агулам, па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, каля 20 тысячаў чалавек займаюцца «дзейнасьцю, зьвязанай з вылічальнай тэхнікай». Пры гэтым большасьць айцішнікаў шукаюць новую працу, хаця цяперашняя ім, у прынцыпе, падабаецца.

Паводле дадзеных статыстычнага камітэту, сярэдні заробак IT-спэцыялістаў дасягнуў 1.8 мільёна рублёў (каля $600). Гэта трэці паказчык па краіне. Айцішнікі саступаюць толькі нафтавікам ($730) ды шахцёрам ($650). А па краіне сярэдні заробак зусім невысокі: каля $365.


Большасьць беларускіх праграмістаў належаць да пакаленьня Y

Хаця $600 — далёка ня столь у гэтай сфэры. Кампаніі, якія працуюць пад дахам Парку высокіх тэхналёгій, могуць прапанаваць сваім супрацоўнікам у сярэднім амаль $1100 у месяц. Па дадзеных сайтаў рэзюмэ, сярэдні заробак, які прапануюць праграмістам беларускія працадаўцы, складае цяпер $1882.

Цікава, што большасьць беларускіх IT-кампаній адпаведна кіруюцца з-за мяжы. Але іх заснавальнікі — збольшага беларускія эмігранты, што арганізуюць працу ў Беларусі, але прадаюць прадукт на Захад.

Хаця сярэдняя зарплата ня самы аб’ектыўны паказчык. Як у свой час адзначаў былы міністар працы Аляксандр Сасноў:

«Адзін ня еў курыцы, другі зьеў. Абодва зьелі па паўкурыцы ў выніку. Гэта тое ж самае, што і сярэдні заробак».

Як адзначаюць аўтары дасьледаваньня, цяпер крызыс ў беларускім IT скончыўся: варта чакаць росту заробкаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0677 seconds.