Адкуль у ЭГУ грошы?

Нядаўна Эўракамісія пералічыла Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту у Вільні чарговы 1 мільён эўра, павялічыўшы яго траставы (спонсарскі) фонд на трэцюю частку. Аднак год ад году фінансаваньне беларускага ўнівэрсытэту ў выгнаньні скарачаецца. Колькі каштуе Захаду ўтрыманьне ЭГУ?

Буйнейшы донар ЭГУ, Эўрапейская камісія, унесла ў траставы фонд ЭГУ адзін мільён эўра. Агульная сума, якую пералічыў выканаўчы ворган Эўрапейскага зьвязу за час існаваньня ўнівэрсытэту ў выгнаньні, склала ўжо 3 мільёны.

Эўрапейская камісія застаецца найбуйнейшым асобным донарам унівэрсытэту: ёй належыць больш за палову ўсіх укладаў у траставы фонд ЭГУ, і кожны год унівэрсытэт стабільна атрымлівае па 1 мільёну эўра ад Камісіі. А яшчэ да заснаваньня фонду ў 2008 годзе Эўракамісія пасьпела прафундаваць апальны беларускі ўнівэрсытэт на 6.7 мільёнаў. Такім чынам, супольнай Эўропе Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт каштаваў ужо амаль 10 мільёнаў эўра.

Сярод найбуйнейшых спонсараў ЭГУ значацца Швэцыя (за 2008–2010 гады пералічыла 600 тысячаў) і Літва (460 тысячаў, да таго ж яна разьмяшчае ў сябе ўнівэрсытэт). Грошы ўнівэрсытэту давалі таксама такія далёкія ад Беларусі краіны, як Грэцыя і Гішпанія (па 100 і 50 тысячаў эўра ў 2008 годзе).


Якія краіны даюць грошы ў фонд ЭГУ?

Траставым фондам ЭГУ кіруе Рада міністраў Паўночных краін, а пералічыць у яго грошы можа кожны жадаючы, нават празь Інтэрнэт. Аднак гэта не адзіная крыніца фінансаваньня ўнівэрсытэту. Таксама ЭГУ фундуюць Open Society Institute Джорджа Сораса, фундацыя Робэрта Боша, амэрыканскі фонд Джона Д. і Кэтрын Т. МакАртур (гэта, дарэчы, самая шчодрая ў адносінах да ЭГУ прыватная фундацыя: у 2009 годзе яна пералічыла каля 430 тысячаў эўра ў траставы фонд).


Рэктар ЭГУ прафэсар Анатоль Міхайлаў

У 2008-2009 гадах году бюджэт ЭГУ раўняўся 5.68 мільёнам эўра, але ў наступным годзе ён зьменшыўся на 410 тысячаў. Траставы фонд, у які за паўтары гады яго існаваньня паступіла 5.1 мільёна эўра, у 2008 годзе забясьпечыў толькі 29% бюджэту ЭГУ, яшчэ 11% далі плата студэнтаў за навучаньне.


Студэнты ЭГУ

За 2009 год унівэрсытэт атрымаў меншую падтрымку, параўнальна з 2008. Ці захаваецца гэта тэндэнцыя ў 2010? Поўнай інфармацыі ў адкрытым доступе, на жаль, няма. Аднак скарачэньне фінансаваньня ўнівэрсытэту ў часы крызысу выглядае натуральным. Так ці інакш, ЭГУ год ад году павялічвае кошт навучаньня на сваіх праграмах.

«Яны зрабілі цяжкі выбар. І ім патрэбная падтрымка»

ЭГУ сапраўды ўнікальны для Беларусі ўнівэрсытэт. Хаця б тым, што ўзроўвень валоданьня яго студэнтамі ангельскай моваю параўнальны з унівэрсытэцкімі стандартамі Швэцыі, Нідэрляндаў і іншых краін ЭЗ. Гэта дазваляе адміністрацыі часьцяком ладзіць сустрэчы фундатараў з навучэнцамі, на якую можа прыйсьці кожны і задаць любое пытаньне, напрыклад, міністру адукацыі Даніі.

Аднак студэнты цікавяцца ў асноўным адукацыйным магчымасьцям за мяжой: «А ці ёсьць нейкія праграмы абмену з краінамі Паўночнай Рады?» — тыповае пытаньне гучыць на сустрэчы з прадстаўнікамі Рады міністраў Паўночных краін.

Напярэдадні лютаўскай сустрэчы міністры абвясьцілі, што Рада, у якую ўваходзяць Данія, Швэцыя, Фінляндыя, Нарвэгія і Ісьляндыя, уносіць дадатковыя 300 тысячаў эўра на «будучыню Беларусі».

«Яны зрабілі цяжкі выбар. І ім патрэбная падтрымка», — кажа пра студэнтаў ЭГУ бязьзьменны рэктар унівэрсытэту Анатоль Міхайлаў.

Як доказ цяжкага выбару перад міністрамі выступае абаяльная 19-гадовая новасьпечаная студэнтка ЭГУ Тацяна Шапуцька, якая пасьля скандалу зь яе ўдзелам у Форуме Ўсходняга партнэрства была адлічаная з другога курсу БДУ. За два тыдні да сустрэчы з фундатарамі пасьля сумоўя з рэктарам Міхайлавым Тацяна стала завочніцай ЭГУ.

«Мы можам працягваць абмяркоўваць зьмены ў Беларусі на працягу дзесяцігодзьдзяў, — кажа на выдатнай ангельскай Шапуцька. І неўсьвядомлена паўтарае адзін зь любімых лёзунгаў перадвыбарчай кампаніі добра вядомага ў ЭЗ Аляксандра Мілінкевіча: «Зьмены мусяць адбывацца ў нашых галовах, у нашай сьвядомасьці».

«А колькі агулам тут студэнтаў, адлічаных у Беларусі?» — пытаецца ў залі, дзе нягледзячы на сэсію сабраліся каля сотні студэнта ЭГУ, адзін са спонсараў.

У залі не зьяўляецца ніводнай рукі.

«Шмат хто з палітычных актывістаў, адлічаных зь беларускіх унівэрсытэтаў, адпраўляюцца ў войска», — ратуе становішча прэс-сакратарка Ірма Жукаўскайтэ. І пераводзіць размову на іншую тэму.

Вяртаюцца 95%

З часу пераезду ЭГУ у Вільню зь Менску, дзе ён быў зачынены ў 2004 годзе, выпускнікамі «ў выгнаньні» сталі 300 чалавек, у тым ліку 120 скончылі бакаляўрыят, першы выпуск якога адбыўся ў мінулым годзе. Кіраўніцтва ЭГУ сьцьвярджае, што «95% выпускнікоў магістэрскіх праграмаў вярнуліся ў Беларусь і збольшага працуюць на грамадзянскую супольнасьць». Але колькі бакаляўраў вярнулася, не паведамляецца.

Дарэчы, вылучыўшы грошы, фундатары ЭГУ чарговы раз зьвярнулі ўвагу на повязь унівэрсытэту зь Беларусьсю. Як паведамляе прэс-служба ЭГУ, кіруючая рада на сваім апошнім паседжаньні «ўхваліла прапановы па пашырэньню прысутнасьці ўнівэрсытэту ў Беларусі ў бліжэйшыя гады».

Навучаньне ў ЭГУ каштуе беларусам 1 200 эўра ў год, грамадзянам іншых краін, якіх там вучыцца ня надта шмат, — 1 500 эўра. Завочнае навучаньне каштуе 600 эўра. Студэнты магістэрскіх праграмаў таксама павінны плаціць па 600 эўра за год (2200 для небеларускіх студэнтаў). Для асабліва пасьпяховых і разумных прадугледжаная невялікая колькасьць стыпэндыяў, якія могуць пакрыць кошт усяго навучаньня.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0803 seconds.