Шапуцька пойдзе вышэй

Адлічаная з другога курсу БДУ Тацяна Шапуцька не дамаглася аднаўленьня праз суд Маскоўскага раёну. Былая студэнтка юрфаку рыхтуе скаргу ў вышэйшую інстанцыю і зьбіраецца, пры неабходнасьці, дайсьці да ААН.

Тацяна Шапуцька
Тацяна Шапуцька рыхтуе дакумэнты для абскарджаньня рашэньня суда, які стаў на бок БДУ і Мінадукацыі

Скончыўся двухдзённы судовы працэс па скарзе моладзевай актывісткі Тацяны Шапуцькі, адлічанай напрыканцы мінулага году зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Былая студэнтка імкнулася адстаяць незаконнасьць свайго адлічэньня. Суд Маскоўскага раёну стаў на бок БДУ і Міністэрства адукацыі.

Тацяна Шапуцька называе рашэньне суду чаканым, хаця, на яе думку, аргумэнты і прадстаўнікі студэнткі выглядалі значна больш упэўнена:

«БДУ і асабліва Міністэрства адукацыя ня здолелі падрыхтаваць поўную якасную абарону сваіх інтарэсаў».

Падставай для адлічэньня сталі 22 гадзіны пропуску заняткаў, у час якіх Тацяна, якая вывучала ў БДУ паліталёгію і раней трапляла пад арышт з-за ўдзелу ў акцыі Маладога фронту, знаходзілася на форуме «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі. Празь месяц пасьля форуму рэктар унівэрсытэту Сяргей Абламейка, нягледзячы на пазыцыю дэкана юрыдычнага факультэту, які раіў абысьціся вымовай для Шапуцькі, падпісаў загад аб адлічэньні.

На судзе Тацяна імкнулася давесьці, што рэктар парушыў правілы ўласнага ўнівэрсытэту і адлічыў яе незаконна. Але суд вырашыў, што «ў рэктара БДУ меліся падставы для ўжываньня да заяўніцы дысцыплінарнага ўзьдзеяньня ў выглядзе адлічэньня».

У час працэсу Тацяна называла адлічэньне палітычна матываваным:

«Ад пачатку ўсе дзеяньні, зьвязаныя з гэтай справай, мелі палітычны характар. І любы вынік суда, станоўчы ці адмоўны, быў бы цьвёрдым палітычным рашэньнем і індыкатарам», — пракамэнтавала Тацяна рашэньне суда.

Тацяна Шапуцька

Як гаворыцца ў рашэньні, суд «не здабыў доказаў пра тое, што сапраўднай прычынай адлічэньня стала яе дзейнасьць» у Маладым фронце.

Цяпер Тацяна настройваецца прайсьці ўсе магчымыя інстанцыі, хаця б для таго, каб зьвярнуць увагу на гучныя выпадкі адлічэньня зь беларускіх унівэрсытэтаў актыўных студэнтаў:

«Бясспрэчна, я буду падаваць касацыю, пасьля буду праходзіць празь Вярхоўны суд. Калі прыйдзецца, справа дойдзе да Камітэта па правах чалавека ААН», — кажа Тацяна.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.073 seconds.