Лукашэнка ня хоча Балоньскай сыстэмы

На вышэйшым узроўні чарговы раз узьнятае пытаньне аб далучэньні Беларусі да Балоньскага працэсу. Прэзыдэнт ня хоча мяняць сыстэму адукацыі і зьбіраецца пакінуць яе на тым шляху, які «мы вызначылі». Далучэньне да працэсу адкладаецца на нявызначаны тэрмін.


Лукашэнка баіцца рэформаў і таму ня хоча далучацца да Балоньскай сыстэмы. Фота СТВ

Беларускі прэзыдэнт называе Балонскую дэклярацыю «так званай», хаця падпісалі яе ўсе краіны Эўропы. Акрамя Беларусі. А наша краіна працягвае будаваць «нармальную сыстэму адукацыі»:

«У свой час мы праводзілі нараду на гэтую тэму, падрабязным чынам разабралі сутнасьць так званай Балоньскай дэклярацыі, мы заявілі аб далучэньні да гэтай дэклярацыі, прааналізавалі істотна гэты працэс, […] і прыйшлі да высновы, што нешта магчыма ў нашай краіне з Балоньскага працэсу і патрабаваньняў дэклярацыі, нешта непрымальна, і агулам заявілі аб тым, што мы прымаем пэўныя меры, якія фактычна нас робяць удзельнікамі Балоньскага працэсу і не супярэчаць ні аднаму з пунктаў гэтай дэклярацыі», — перадае словы Лукашэнкі Інтэрфакс-Захад.

«Нам ня трэба бегчы ні за якімі дзяржавамі і краінамі», — дадаў ён.

Як год таму казаў міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў, Беларусь рыхтуецца да таго, каб афіцыйна ўвайсьці ў Балоньскі працэс, бо гэта не закране ідэалёгію адукацыі. Аднак, як бачна па сёньняшняй сустрэчы, Лукашэнка ўспрымае ініцыятыву міністра скептычна.

Прэзыдэнт асьцерагаецца рэформаў, а таксама лічыць, што далучэньне да працэсу можа не адпавядаць «нацыянальным інтарэсам Беларусі». Па яго словах, улада ўжо «дарэфармавалася», і таму асьцерагаецца пратэстаў з боку выкладчыкаў у выпадку далучэньня да працэсу.

Сярод плюсаў далучэньня да Балоньскага працэсу Радзькоў называе магчымасьць распрацоўваць новыя адукацыйныя праграмы, а таксама павялічваць колькасьць замежных студэнтаў. Нагадаў міністар і аб шанцах ўдзелу ў праграмах абмену, якія зараз збольшага зачыненыя для Беларусі.

У Адміністрацыі прэзыдэнта лічаць, што Беларусь выконвае ўсе патрабаваньні Балоньсканай дэклярацыі. Але Лукашэнка прапанаваў Радзькову яшчэ раз «узважыць», на колькі далучэньне да Балоньскай сыстэмы будзе адпавядаць нацыянальным і эканамічным інтарэсам.

Хаця рэформа беларускай адукацыі яшчэ ня скончаная. У палаце прадстаўнікоў у другім чытаньні знаходзіцца праект Кодэксу аб адукацыі. Паводле яго ў Беларусі будуць асобна існаваць сыстэмы «вышэйшай адукацыі» і «пасьлявнуўшнай адукацыі». Вышэйшую адукацыю прапануецца падзяліць на дзьве формы: 1-ую (дыплём спэцыяліста) і 2-ую (магістратура). Адпаведна з Кодэксам аб адукацыі, сыстэму «пасьлявнуўшнай» адукацыі падзеляць на асьпірантуру і дактарантуру.

Балоньскі працэс прадугледжвае наяўнасьць трох ступеняў адукацыі: бакаляўр, магістар і доктар. Назвы ступеняў як і правілы іх атрыманьня могуць адрозьнівацца ў залежнасьці ад краіны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0569 seconds.