Топ-5 танных авіякампаніяў Эўропы, карысных беларусам

Трапіць у жаданую Барсэлёну за €9, акунуцца паляжаць на траўцы Елісейскіх палёў за €23… Танныя авіяперавозчыкі прапануюць вялікія зьніжкі тым, хто любіць плянаваць свае вандроўкі загадзя. Пяць найбольш прывабных авіякампаній, самалёты якіх узьлятаюць недалёка ад Беларусі.

А чаму ён лётае?

Лоўкосты (авіякампаніі з таннымі квіткамі) зьявіліся адносна нядаўна, а да Ўсходняй Эўропы як мае быць дабраліся ўвогуле некалькі гадоў таму. У Беларусі іх яшчэ няма, але ў суседніх краінах ЭЗ, перш за ўсё Літве і Польшчы, навалам. Таму скарыстацца іх паслугамі, замовіўшы квіток празь Інтэрнэт, можа кожны шчасьлівы ўладар шэнгенскай візы.

Лоўкосты эканомяць літаральна на ўсім. У гэтым і палягае сакрэт таннасьці іх квіткоў. Болей за ўсё (да 16%) такія кампаніі эканомяць на больш шчыльнай пасадцы пасажыраў. Яшчэ 10% эканоміцца на пастаянным выкарыстаньні самалётаў. Таксама лоўкосты выйграюць дзякуючы зьніжэньню заробкаў экіпажаў, выкарыстаньню танных аэрапортаў і аднатыпных самалётаў, а таксама праз продаж квіткоў выключна ў Інтэрнэце.

У выніку атрымліваецца, што самы буйны эўрапейскі лоўкост — Ryanair — мае і самы танны сярэдні кошт квітка. Толькі €44! Для параўнаньня, сярэдні кошт квітка ў Lufthansa — €235, а ў British Airways увогуле €324. Як тут лоўкостам не паляціш?

Думай зь вечара, а рабі з раньня

Галоўная фішка ў лоўкостах — патрэба замаўляць квіткі за месяц, а то і за два да палёту. І без плястыкавай карткі, і не любой, а той, празь якую можна плаціць у Сеціве, — тут не абысьціся. Але і гэта яшчэ ня ўсё. Часьцей за ўсё сапраўдны кошт квітка на старонцы раскладу палётаў адрозьніваецца ад рэальнага. Нежаданьне лоўкостаў адразу пазначаць канчатковы кошт нядаўна нават стала прадметам разьбіральніцтва Эўракамісіі.

Для тых, хто ня ведае, дзе будзе праз тыдзень, варыянт ня самы зручны. У такім выпадку трэба будзе добра заплаціць. Затое калі Вы ня любіце есьці ў самалёце, і ня супраць адчуваць побач локаць суседу, ня маеце багажу, то за 9 эўра зьлётаць у жаданую Барсэлёну дастаткова рэальна.

Небясьпека

Пакуль няўмольная статыстыка не зарэгістравала ніводнай авіякатастрофы, зьвязанай з лоўкост-перавозчыкам. Але ў любы момант маленькі і танны авіяперавозчык можа… абанкруціцца. Так адбылося, напрыклад, са славацкім авіяперавозчыкам SkyEurope. У адзін цудоўны момант кампанія абвясьціла сябе банкрутам, пакінуўшы тысячы пасажыраў сам насам зь іх квіткамі ў пустых тэрміналах аэрапортаў ад Манчэстэру да Браціславы. Гісторыя, аднак, болей не паўтаралася, хаця, хто яго ведае?

Правілы палёту

Калі ляціш самалётам, пачынаюць дзейнічаць новыя законы, незвычайныя для зямлі. Асабліва яны адрозьніваюцца для бюджэтных авіякампаній, якія патрабуюць плату літаральна за ўсё. Напрыклад, у ручной пакладзі (торбе, якую вы возьмеце з сабой у салён) нельга правозіць вадкасьці, гелі і аэразолі, калі яны знаходзяцца ў пакунках ёмістасьцю болей 100 мл. Пры гэтым агульны аб’ём вадкасьцяў ня можа перавышаць аднаго літра на пасажыра.

Яшчэ некалькі карысных для пералёту правілаў:

  • памер ручной пакладзі абмежаваны (звычайна 10 кг і невялікія памеры). Таму вялікія торбы прыйдзецца здаваць у багаж, за які трэба, канешне ж, даплаціць;
  • варта ўзважыць сумкі перад вылетам, каб упэўніцца, ці няма пераважваньня (у кожнай авіякампаніі ліміт вагі багажу свой. Прычым часьцей за ўсё, яго кошт не ўваходзіць у першапачатковую вартасьць квітку. Кожную «адзінку» багажу трэба замаўляць асобна і каштаваць яна можа болей, чым сам квіток);
  • без абмежаваньняў можна правозіць лекі, а таксама дзіцячае і дыетычнае харчаваньне;
  • такія каштоўныя вадкасьці, як сьпіртныя напоі, прыйдзецца пакаваць у багаж (акрамя пакупак з крамаў дзьюці-фры);
  • пакупкі зь дзьюці-фры можна без абмежаваньняў праносіць на борт, але пры ўмове, што яны знаходзяцца ў пакунку крамы;
  • варта памятаць, што паводле новых мытных правілаў у Беларусь можна ўвозіць толькі 3 літры любога алькаголю (у тым ліку піва).

Tоп-5 найбольш цікавых для беларусаў лоўкостаў

  • Ryanair — таньнейшы з таньнейшых

Ірляндзкага перавозчыка называюць буйнейшым лоўкостам Эўропы. І лётае ён амаль па ўсёй Эўропе (Беларусь як звычайна за бортам). Што цікава, з крызысу авіякампанія выйшла ў выйгрышы, чаго ня скажаш пра іншыя ірляндзкя фірмы. Пашана і хвала (і самыя танныя сярэднія кошты на квіток!).

Ryanair асабліва зручны для беларусаў, бо яго тэрмінал — найбліжэйшы да нашай краіны з усіх іншых лоўкостаў (новенькі тэрмінал нядаўна адчынілі ў Коўне, да якой 280 км ад Менску). Таксама ў Ryanair даволі шмат танных рэйсаў з польскіх гарадоў: Варшавы, Познані, Кракава, Лодзі, Гданьску і іншых).

Сайт
Мапа палётаў
Куды лётае? Лягчэй сказаць, куды ня лётае: Беларусь, Малдовы, Расея, Украіна, Эстонія, балканскія краіны.
Правілы правозу ручной паклажы і норма правозу багажу
Норма для бясплатнага правозу багажу — 1 месца вагой ня болей за 10 кг і памерам ня болей за 55×40×20 см. Багаж на рэйсах Ryanair правозіць платна. Дазваляецца правоз двух месцаў багажу, кожнае вагой ня больш за 20 кг. За першае месца спаганяецца плата ў памеры 25 эўра, за другое — да 40 эўра.
  • Wizz Air — ляцім з Польшчы й Украіны

Вугорскі перавозчык цікавы тым, што лётае са шматлікіх польскіх гарадоў, да якіх ад Беларусі ня так далёка (Варшава, Катовіцэ, Гданьск, Вроцлаў, Познань). Цікава, што перавозчык працуе на прасторах СНД (мае рэйсы з украінскіх Львову, Кіева, Сымфэропалю).

Сайт
Мапа палётаў
Куды лётае? З Польшчы амаль па ўсёй Заходняй Эўропе. Ёсьць рэйсы на Балканы.
Правілы правозу ручной паклажы і норма правозу багажу
Нормы для правозу ручной паклажы ў салёне: 10 кг; сума ўсіх вымяраньняў не павінна перавышаць 115 см (55×40×20 см). Агульная норма зарэгістраванага багажу застаецца 32 кг. Болей узяць не атрымаецца.
  • Air Baltic — крылы Рыгі

Латвійскі перавозчык, які мае як даволі дарагія, так і танныя рэйсы. Цікавы тым, што лётае ў асноўным з Рыгі, а таксама зь Вільні (што зусім блізка). Зь Вільні можна дабрацца да Осла, Рыму, Парыжу, Амстэрдаму, Гановэру, Дубліну.

Сайт
Мапа палётаў
Куды лётае? Уся Заходняя Эўропа. Але ў асноўным з Рыгі.
Правілы правозу ручной паклажы і норма правозу багажу
1 месца ручной паклажы, вагой ня больш за 8 кг — эканамічны кляс (50×40×23 см). Платны багаж — да 20 кг па 20 эўра за адзінку.
  • Air Berlin — для гурманаў на Нью-Ёрк

Нямецкі перавозчык бывае шчодры на ўнутрананямецкія перавозкі (да 29 эўра, што зусім нядрэнна для тамтэйшых коштаў на цягнікі). А для гурманаў — спэцыяльная прапанова: квіток да Нью-Ёрку за 266 эўра. Дарэчы, іх авіяпарк адзін з самых сучасных у Эўропе. Лётае з Кракаву і Гданьску.

Сайт
Мапа палётаў
Куды лётае? У асноўным па Нямеччыне, але можна заляцець і на Самоа)
Правілы правозу ручной паклажы і норма правозу багажу
Ручная паклажа — адно месца вагой да 6 кг, ня болей за 55×40×20 см. Багаж — у залежнасьці ад працягласьці палёту абмежаваньне ад 20 да 30 кг. Яго правоз бясплатны.
  • easyJet Аўсянка, сэр!

У Брытаніі некалькі клёвых лоўкостаў, але easyJet лётае ў блізкія беларускаму сэрцу Талін і Кракаў, тым і цікавы. Зь Лёндану лётае амаль паўсюль!

Сайт
Мапа палётаў
Куды лётае? З Кракава лётае ў Парыж, Дзюсэльдорф, і, канешне ж, Брытанію.
Правілы правозу ручной паклажы і норма правозу багажу
Норма правозу ручной паклажы — 1 месца памерам ня болей 55×40×20 см. Багаж перавозіцца платна. Кожнае месца багажу ня можа быць болей за 20 кг. (за 11 эўра).

Карысныя лінкі

Для тых, хто прасякнуты жаданьнем знайсьці самы танны самалётны квіток у сьвеце, некалькі карысных спасылак. Лоўкосты — зьява агульнасусьветная!

  • www.flybudget.com — сайт, які дапаможа падабраць патрэбны лоўкост у залежнасьці ад краіны прызначэньня.
  • Сьпіс лоўкостаў па ўсім сьвеце, ад Індыі да Цэнтральнай Амэрыкі.
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0606 seconds.