Менчук, які едзе вакол свету на ровары, распавядае пра ідэю і матывацыю дарогі

Актывіст Мінскага роварнага таварыства выехаў увесну ў кругасветную вандроўку на ровары. У яго планах адолець зямны шар ў два этапы. Першы этап стартаваў з Менску 20 красавіка 2015. Мы звязаліся з Аляксеем Ландрэсам, калі ён ехаў па Арменіі ў напрамку Ірана.

Маршрут першага этапу амбіцыйнай вандроўкі выглядае так: Менск – Украіна – Малдова – Балгарыя – Турцыя – Грузія – Азербайджан – Грузія – Арменія – Іран – Пакістан – Індыя - Непал - Філіпіны – Тайланд – Малайзія - Сінгапур. Пералёт альбо ў Японію, альбо Карэю. Пасля Кітай, Казахстан, Узбекістан, Кыргызстан, Расея, Беларусь.

Па задумцы вандроўка мусіць завершыцца ў канцы 2016, або нават пачатку 2017 года.

Аляксей мае адукацыю юрыста і крыху працаваў па спецыяльнасці, але асноўны час траціць на велавандроўкі. У 2013 годзе ён праехаў роварам 11 еўрапейскіх краін за 100 дзён. У Беларусі Аляксей займаецца цікавымі для сябе праектамі: прымае велавандроўнікаў па сусветнай сетцы гасціннасці Warm showers, дапамагае ў арганізацыі імпрэзаў Мінскага роварнага таварыства, ладзіць велавандроўкі для аматараў у Польшчу і Літву.

Проста мне хочацца каб велатурызм у нас развіваўся

«Гэта першы этап кругасветнай вандроўкі. Ёсць ідэі працягваць. Насамрэч, вельмі цяжка казаць нешта дакладнае, бо ўсё імкліва змяняецца. На дадзены момант гэта Азія. Пасля Азіі мне трэба будзе вярнуцца да дому, памяняць пашпарт, папрацаваць, назбіраць грошай і ехаць далей.

З велавандроўнікаў у РБ цяпер я адзіны. Канешне, мне хочацца каб яны ў нас з’яўляліся. Даволі часта людзі мне пішуць і я заўсёды рады дапамагчы. Я гатовы падзяліцца інфармацыяй, выдаткаваць свой час, не патрабую за гэта ніякай платы. Проста мне хочацца каб велатурызм у нас развіваўся».

Падтрымку сваёй ініцыятыве Аляксей Ландэрс знайшоў у некаторых спонсараў: вандроўка адбываецца на адмыслова сабраным на мінскім «Мотавела» для гэтага маршруту ровары.

Калі мы размаўлялі з Аляксеем, ён знаходзіўся ў Арменіі, кіраваўся ў бок Ірану, з якога плануе ехаць у Пакістан.

«Пакістан – самае небяспечнае месца ў гэтай вандроўцы. Гэта будзе самы цяжкі і стрэсавы месяц. Амаль усе стараюцца яго аб’язджаць. Спадзяюся, што ўсё будзе добра. Мажліва атрымаецца некага захапіць для бяспекі. Але покуль не знайшоў такіх вар’ятаў, хто захацеў бы ехаць у Пакістан. Сустрэў на днях хлопца з Кітая, які вандруе на ровары – пасля таго, як даведаўся пра мой маршрут, ён мне сказаў: «Ты мой герой!»

Нельга проста ўзяць, сарвацца і вырашыць: «О, а чаму б і не!»

«Да любой вандроўкі трэба прыходзіць паступова. Нельга проста ўзяць, сарвацца і вырашыць: «О, а чаму б і не!» Мусіць быць нейкі мінімальны вопыт і ён да такіх вялікіх вандровак прыходзіць паступова. Я раю рабіць так.

Калі ў горадзе ўжо робіцца не камфортна – выязджаць на ПВД (паходы выходнага дня). Тады ўжо набываеш нейкі рыштунак мінімальны і торбы маеш. Пачынаеш разумець, што з сабой трэба браць, а што не трэба. Пасля ўжо ехаць у адпачынак на тыдзень-два ў якую-небудзь краіну ці па сваёй пакатацца. Тады, магчыма, захочацца адправіцца ў вялікую вандроўку».

Тут пералічваць станоўчых момантаў можна шмат

«Чаму я вандрую на ровары: па-першае, гэта танней, але гэта не самы важны прыярытэт, гэта экалагічны від транспарту, плюс можна даволі хутка вандраваць і паспяваць бачыць нашмат больш. І стасуешся з большай колькасцю людзей. Велатурызм бюджэтны, цікавы, актыўны, карысны і захапляльны. Тут пералічваць станоўчых момантаў можна шмат».

Вандроўка пачынаецца з ідэі

«Велатурызм развівае шмат карысных якасцей. Гэта – матывацыя, гэта планаванне. Нейкія складанасці ў дарозе робяць цябе мацней. Для мяне самае галоўнае, чаму я люблю ровар – гэта дарога. Тое адчуванне, калі едзеш – свабода, лёгкасць».

«Планаваў сваю вандроўку амаль год, але рабіў гэта ў павольным тэмпе. Вандроўка пачынаецца з ідэі – куды хочаш адправіцца. Далей матывацыя. Сказаць сабе, што ты сапраўды гэта зробіш, таму што ты вельмі гэтага хочаш. Пасля чаго можаш рабіць усё, што заўгодна. У падарожжы на паўтары гады матывацыя асабліва важная. Без яе на палове шляху людзі ламаюцца і вяртаюцца дадому».

Нельга проста сесці на ровар, і адразу ж сказаць: - «О-па, рвану-ка я ў суседні горад! Чаго тут, усяго 100 км».

«Падрыхтоўка фізічная надзвычай важная. Нельга проста сесці на ровар, і адразу ж сказаць: - «О-па, рвану-ка я ў суседні горад! Чаго тут, усяго 100 км». І думаць, што пасля гэтага наступстваў не будзе. Да такіх кіламетраў прыходзяць паступова. Трэба разумець поўнасцю фізіялогію чалавека. Колькі трэба на руках праязджаць на ровары, як круціць педалі – з якой частатой, хуткасцю. Калі і як пераключацца правільна, каб не забіць калені. Колькі трэба вады піць – не тады, калі хочацца, а кожныя пару кіламетраў. Ты проста п’еш, нават калі не хочаш, таму што гэта неабходна».

Даехаць да Мандалай

«Увогуле вандроўка мае дзіўны назоў, і мажліва мала хто пра яго ведае. Называецца дарога ў гонар такога гораду – Мандалай. Мажліва чулі песню Робі Уільямса і не толькі. Шмат хто спявае і ўзносіць гэтае месца. Вось туды сапраўды хочацца патрапіць, і паглядзець што ж гэта такое. Месца гэтае акурат знаходзіцца ў Азіі, у краіне М’янма на беразе ракі Іравадзі.

Знайсці тысячу і аднаго сябра ва ўсім свеце

«Пад час дарогі проста раблюся мацней, больш матываваным. Больш раздумваю наконт таго, чым я сапраўды хачу займацца ў будучыні. Таму што юрыспрудэнцыя мне не падабаецца, бо я больш схільны да працы з людзьмі. Гэта маё. Нават, калі праца не будзе прыносіць вялікую колькасць грошаў – я цяпер лічу, галоўнае не грошы, а праца, якая прыносіць задавальненне. Гэта галоўнае ў жыцці. Атрымліваць ад жыцця задавальненне. Таму што, на жаль, мы не ведаем, як гэта сапраўды хацець пабачыць больш, даведацца больш і завесці тысячу і аднаго сябра ва ўсім свеце».

Ідэя – за паўтары гады я не павінен спыніцца ні ў водным гатэлі

«Гэтая вандроўка, дарога дае новыя магчымасці. Паказвае якое жыццё, якія людзі. Насамрэч у мяне ёсць такая ідэя – за паўтары гады я не павінен спыніцца ні ў водным гатэлі. Я не буду выдаткаваць ніводнага даляра на пражыванне. То бок на працягу ўсёй вандроўкі я пастараюся спыняцца ў гасцінных людзей. Вось такая вось вар’яцкая ідэя. Я хачу спраўдзіць і паказаць, што гасцінныя людзі дагэтуль існуюць. І, што як раней, напрыклад, было шмат вандроўнікаў, якія распавядалі гісторыі пра свае падарожжы і іх тулілі, дапамагалі ім, чым маглі. Я еду туды, дзе жыццё не самае салодкае. І трэба разумець, што галоўнае заставацца людзьмі ў любой сітуацыі».

Па вяртанні, у Менск, Аляксей плануе працаваць ў Мінскім роварным таварыстве, прафесійна вазіць людзей на роварныя маршруты, якія сам будзе складаць. Гэтыя маршруты ён плануе рабіць у вольным доступе: – «Я не прывязаны да грошаў, таму мне не шкада».

Фота Аляксея Ландрэса


Юля Сакалоўская 08:01, 02.11.2015 | Маршруты |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0589 seconds.