Актывісты-вандроўнікі ладзяць у Менску «Трэвэл-фэст», каб «адарваць людзей ад турагенцый»

«Варта адзін раз табе дзесьці пабываць, і адлегласці змяняюцца»

Па Афрыцы можна вандраваць па-за гатэльнымі гета, а да мора можна даехаць і за 5 даляраў – такія лайфхакі падрыхтавалі для гасцей арганізатары першага ў Беларусі Travel-фэста, які пройдзе 26 верасня на тэрыторыі аквапарка «Лябяжы».

Тэст-драйв для вольных вандроўнікаў

«Яшчэ гады два таму я глядзеў на Піцер як на нешта недасяжнае», – згадвае Мiкалай Барысенка. Раней ён меў сталую працу а-ля «з 9 да 6», а цяпер працуе на сябе, праехаў вакол Чорнага мора спынам 8000 кіламетраў і займаецца Travel – фэстам.

Мікалай – адзін з арганізатараў фестывалю. Таксама ім займаюцца Аляксей Трацякоў, валанцёр руху «Разам лепш» і чыгуначнік па адукацыі, і Ірына Бараноўская, дырэктарка клубу экатурызму Keto.by. Аляксей праехаў спынам усяго пару тысяч, але на сваім аўто заўсёды падбірае вандроўнікаў.

Сэнс Клуба Ірыны у тым, што «адрывае людзей ад турагенцый», і гэтаму ж служыць фэст:

«У Беларусі няма супольнасці падарожнікаў – але я не кажу пра супольнасць людзей, якія ходзяць па турфірмах, – разважае яна. – Хочацца, каб было сваё поле, свая лакацыя, дзе ведаеш, што ты свой. Калі ты ездзіш з заплечнікам па свеце – табе месца ў нас.

Фестываль – гэта толькі адпраўная кропка, і пакуль мы хочам паглядзець, якая ёсць аснова для такога напрамку. Гэта тэст-драйв для вандроўнікаў».

«Збіраюцца ж раварысты і байкеры», – дадае Мiкалай.

Бюджэт вандроўкі: 160$ на самалёт, 40$ на ежу і магніцікі

Навошта кагосьці яднаць? Вольныя вандроўнікі ездзяць самі ці падвох і выдатна пачуваюцца. Ці не так?

Арганізатары фэсту лічаць, што не: так прасцей мяняцца інфармацыяй і знаходзіць спадарожнікаў, да таго ж тыя, хто не вандраваў ніколі, змогуць задаць свае пытанні.

«Мая сярэдняя сястра ніколі не была на моры: то ў яе не атрымлівалася, то не было грошай. Я таксама раней думаў, што каб паехаць на мора, трэба набываць пуцёўку і браць тысячу на 10 дзён адпачынку.

… Многія з маіх сяброў і зараз не разумеюць, як паехаць туды за 5 даляраў, а ў свой час Аня Марозава з сяброўкай здзейснілі кругасветку за 2000 даляраў».

«За свае два з паловай тыдні вакол Чорнага мора я выдаткаваў 200 даляраў, – кажа Мiкалай. – З іх 160 было на самалёт. Астатняе – на ежу і пару магніцікаў»

Для нас схадзіць у Еўраопт – далекавата, а людзі ездзяць у краму за 100 км

«А многія – як я: знаёмыя вечна ездзяць, а ты глядзіш фоткі і думаеш: чорт вазьмі, як гэта робіцца?» – кажа Ірына.

Да такіх колісь адносіўся і Аляксей: яшчэ ў школе ён пачуў гісторыю аб тым, як фізрук і выкладчык працы са Жлобіна паехалі аўтаспынам на Алтай, важаты ў лагеры распавёў, як ездзіў аўтастопам ў Бон: «Я думаў: як ён не баіцца?» – прыгадвае Мікалай.

Але не баіцца, як і большасць тых, хто паспрабаваў: «Варта адзін раз табе дзесьці пабываць, і адлегласці змяняюцца, – кажа Мiкалай. – Калісьці знаёмы прыязджаў з Масквы ў Гомель і пытаў дарогу. Яму казалі: «Вам прайсці шмат, кіламетраў пяць». А ён: «Кіламетраў пяць? Гэта не адлегласць».

Для нас схадзіць у Еўраопт – далекавата, а ў ЗША людзі ездзяць у краму за 100 кіламетраў».

«Магчымасць вандраваць ёсць ва ўсіх і заўсёды, – мяркуе Аляксей. – У мяне ў мінулым годзе было мала часу, але тры дні хапала, каб з'ездзіць у Піцер, Маскву, Адэсу, Вільню».

Хто выступае

«Людзі адлучаны адзін ад аднаго, ці то ты падарожнік, ці то праграміст. Усе па маленькім купкам і іх складана выцягнуць з зоны камфорту», – такой Ірына бачыць беларусаў, але верыць, што фэст пачне яднаць.

Арганізатары чакаюць чалавек 300-400, а паслухаць ім прапануюць шэсць вандроўнікаў: «Запрасіць можна шмат каго, але выбіралі з тых хто на месцы ў час фэста, – кажа Аляксей. Іх спікеры – людзі з вялікім стажам падарожжаў, хтосьці больш катаўся па Азіі, нехта можа даступна казаць аб псіхалогіі падарожжаў.

  • Максім Заселян. У свае 25 наведаў 28 краін, і кажа, што гэта толькі пачатак. Пасля апошняй паездкі па ЗША яго празвалі «Самым папулярным бамжом Украіны», бо ў фармаце бомж-трыка Макс, траціў па 40 цэнтаў у дзень, ды праехаў ад Маямі да Аляскі, і амаль дабраўся да таго самага Чароўнага Аўтобуса.

  • Наталля Корнева – праехала сама больш за 150 000 кіламетраў і прайшла 450 кіламетраў на лодцы па рацэ Лене

  • Таня Гендэль – праехала каля 70 000 кіламетраў спынам, 4 месяцы вандравала па Афрыцы з бюджэтам 1$

І іншыя. Інфармацыя пра выступоўцаў будзе абнаўляцца на сайце фэста.

Падарожжы дзякуючы добрым людзям

Грошы ад фэсту пойдуць на арганізацыйныя выдаткі і дабрачыннасць (набыць квіток можна, напрыклад, тут. Удзел валанцёраў у фестывалі, на думку Аляксея – гэта штуршок да развіцця руху, сродак расказаць пра сур’ёзную праблему праз забаву – вандроўкі.

Наогул Аляксей лічыць, што зарабляць на вольных падарожжах няправільна і не варта: «Усё магчыма. Але нюанс у тым, што мы самі нахлебнікі і падарожнічаем дзякуючы добрым людзям".

Грошы менавіта з фэсту пойдуць у дзіцячыя дамы. Апошняя паездка валанцёраў была ў прытулак пасёлка «Акцябрскі», дзе збіралі дзяцей да школы.


Ганна Валынец 15:27, 08.09.2015 | Маршруты |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0741 seconds.