Куды і калі паехаць у Беларусі, каб пакаштаваць рэдкай смачнай традыцыйнай ежы

На фестывалі «Еўрапейскія прысмакі» ў Мёрах 27 чэрвеня 2015 г., фота Алены Ляшкевіч

Самыя смачныя беларускія этна-фестывалі, даты і маршруты рэшты гэтага лета.

Штогод у Беларусі прырастае імпрэз, прысвечаных традыцыйнай ежы. Так краіна паступова магла б стаць кулінарным выраем для этнавандроўніка. Куды ехаць, каб добра пад'есці? Давайце разбірацца разам.

Вішнёвы фестываль

13-18 ліпеня ў Глыбокім праходзіць Вішнёвы фестываль. Чакаюцца мерапрыемствы кшталту «Кубак гораду «Вішнёвая бутса» ды «выступленне фітнэс-гурта «Вішнёвыя бабулі». Для этнавандроўніка ж цікавы апошні дзень фестывалю, субота. Можна будзе пакаштаваць стравы і напоі з вішань, паслухаць баяністаў з Глыбоцкага раёна (а сярод вясковых гарманістаў трапляюцца сапраўдныя самародкі!), а яшчэ – гурты «PAWA» ды «Ok.Bend». На фестывалі не забудзьцеся паглядзець помнік вішні, бадай што, адзіны ў Беларусі. Не блытаць са шклоўскім агурком! Яго свята нешта не чуваць з 2009 году. І яшчэ – пытайцеся ў глыбоцкіх крамах сгушчаніну з вішняй.

Беларусь – у рэчышчы сусветных тэндэнцый: фестывалі, прысвечаныя вішням, адбываюцца ў Літве (Жагарэ), Харватыі (Лаўран), ЗША (Вашынгтон і Трэвэр-сіці), Расіі (Уладзімір), іншых краінах. Чаму менавіта Глыбокае? У міжваенны час мясцовы селекцыянер Баляслаў Лопар вывеў марозаўстойлівы гібрыд вішні з чарэшняй. Па сажанцы ездзіў ажно ў Польшчу. «Лопаравы вішні» вырошчваюць у Глыбоцкім раёне да сённяшняга дня, практычна ў кожным падворку. Адзін з прадстаўнікоў роду Мюнхгаўзенаў пахаваны на Глыбоцкіх гарадскіх могілках. А барон Мюнхгаўзен, прыгадайма, вядомы у тым ліку прыгодамі з аленем, на галаве якога вырасла дрэва з вішнёвай костачкі.

Мотальскія прысмакі

Далей, 7-8 жніўня, нас чакае фестываль «Мотальскія прысмакі» ў Іванаўскім раёне. Няма пакуль дакладнай праграмы, але падчас мінулых імпрэз было смачна! Пакаштаваць можна амаль усе стравы, што гатуюць у Моталі. Гэта кухня не вясковая, гістарычна Моталь быў мястэчкам. Найбольш вядомыя стравы – мотальскія кілбасы і каравай. Раім абавязкова наведаць мясцовы музей. Прыслухоўвайцеся да таго, што адбываецца на сцэне: раён вядомы сваімі аўтэнтычнымі фальклорнымі гуртамі.

Яблычны Спас

19 жніўня, на Яблычны Спас, па ўсёй краіне ў праваслаўных цэрквах свецяць яблыкі новага ўраджаю. Дзе-нідзе праходзяць невялікія фестывалі мясцовага маштабу, на якіх пануе душэўная атмасфера. Не прапусціце пры выпадку!

Жураўлі і журавіны Мёрскага краю

20 верасня«Жураўлі і журавіны Мёрскага краю». Фэст пазіцыянуецца як «экалагічнае свята», але ж мы ведаем, што там частуюць! Акурат у гэты час выспяваюць журавіны і збіраюцца ў вырай птушкі. Не ўпусціце магчымасць наведаць балотны заказнік «Ельня», дзе жураўлі адпачываюць проста аграмаднымі статкамі, а людзі збіраюць кілаграмы журавін.

+ Кулінарны маршрут па Віцебшчыне і Латгаліі 

Нядаўна у Мёрах прайшоў кулінарны фестываль “Еўрапейскія прысмакі”. Раённыя ўлады абяцаюць зрабіць яго штогадовым. У якім сезоне ён будзе праходзіць, пакуль незразумела. Але ў любы час зацікаўлены этнавандроўнік можа праехацца па маршруце кулінарнай спадчыны Віцебскай вобласці і Латгальскага рэгіёну (мапа і апісанне да яе). Мапу стварылі з нядаўнім уступленнем Віцебскай вобласці ў еўрапейскую сетку рэгіянальнай кулінарнай спадчыны. Яна ўзнікла 20 год таму ў шведскім рэгіёне Сконэ, вядомым тым, што ў гэтай правінцыі жылі бацькі Нільса Хольгерсона, які адпаведна казачнаму падручніку геаграфіі, абляцеў Швецыю на спіне белай гусі.

Сярод цікавостак кулінарнага маршрута – музей хлеба у латгальскай Аглоне, магчымасць пакаштаваць хатняга піва па старадаўнім рэцэпце ў Берзпілсе, музей на вольным паветры ў Андрупене, дзе гатовыя частаваць этнавандроўнікаў хатнім хлебам. За латгаламі не заржавее.

А што прапануе беларускі бок? Піражкі «гарэзы» на аграсядзібе «Дастатак» у Дзісне. Клёцкі з душамі ў вёсцы Стаі пад Лепелем і, кажуць, па ўсёй вобласці. «Душа» клёцкі – гэта начынка. А Вы што падумалі? Хатняй кілбасой, калі верыць інфармацыі для турыстаў, частуюць нават у бібліятэках Лепельскага раёна. Шмат страў з бульбы, хаця кожны гісторык ведае, што бульба трапіла на тэрыторыю Беларусі толькі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, у ХІХ стагоддзі. Да таго нашы продкі елі рэпу, бручку, буракі…

Падрабязней пра кулінарны маршрут па Віцебшчыне і Латгаліі - тут.

Вандруйце і не забывайцеся, што рэжым харчавання парушаць нельга!


Алена Ляшкевіч 20:00, 15.07.2015 | Этнавандроўкі |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1433 seconds.