Што цяпер можна ўвозіць з-за мяжы бяз мытаў?

З уступленьнем Беларусі ў мытны зьвяз зьмяніліся правілы правозу тавараў празь мяжу. Некаторыя новаўвядзеньні тычыцца ўсіх: ад аматараў піва да аматараў фота. Як не памыліцца і не перавысіць дапушчальны ліміт?

Як і раней, для ўвозу некаторых тавараў з-за мяжы дзейнічаюць абмежаваньні. Але з прыняцьцем новых мытных правілаў памер гэтых абмежаваньняў зьмяніўся. Вось некаторыя зьмены:

  • Піва й іншы алькаголь. Цяпер у Беларусь можна ўвезьці толькі 3 літры алькаголю, уключаючы піва. Прыйдзецца выбіраць: альбо 6 пляшак «Леха», альбо гішпанскае віно ў той жа колькасьці.
  • Асабістыя рэчы. Усё, што вы ўвозіце не на продаж, зьяўляецца вашымі асабістымі рэчамі. Цяпер можна ўвозіць ня болей за 50 кг асабістых рэчаў агульным коштам ня болей за 1 500 эўра (раней было ня болей 35 кг за 1 000 эўра). Норма павялічаная адмыслова для кітайскіх прадпрымальнікаў, якія на сабе ўвозяць у Расею гіганцкую колькасьць кітайскіх тавараў.
  • Цыгарэты. Адзін блёк, як і было раней.
  • Лядоўні, пральныя машыны і іншая бытавая тэхніка вагой меней за 35 кг. За такія тавары ня прыйдзецца сплочваць мыту. Але для ўвозу ў Беларусь усё роўна трэба будзе запоўніць дэклярацыю, то бок пайсьці на «чырвоны канал». Але калі тая ж лядоўня мае вагу, большую за 35 кг, прыйдзецца сплочваць мыту: для лядоўні мыта складзе 20% ад мытнага кошту, але ня менш за 0.24 эўра за 1 літар ёмістасьці плюс 20% ПДВ.
  • Ноўтбукі і фотаапараты. Паколькі кошт асабістых рэчаў ня можа быць большым за 1 500 эўра, пры перавышэньні ліміту вартасьці набытага за мяжой ноўтбука ці тэлефона прыйдзецца плаціць мыту. А калі вы маеце дарагі ноўтбук ці фотакамэру і едзеце зь імі ў вандроўку, памежнікі раяць задэкляраваць іх вываз з краіны, каб пры ўезьдзе даказаць, што вы проста бралі гэта багацьце з сабой, а не набылі за мяжой.

Увогуле мытнікі могуць патрабаваць дэкляраваньня ўсіх вывазімых тавараў. Па дадатковых пытаньнях яны раяць зьвяртацца на «гарачую лінію» Дзяржаўнага мытнага камітэту (8-017-219-41-00).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0619 seconds.