Якія пэрспэктывы фармату «музыка за грошы» ў час інтэрнэту?

Канцэпцыя «музыка за грошы» імкліва страчвае сваю актуальнасьць. З разьвіцьцём лічбавых тэхналёгіяў прыбыткі ад продажу альбомаў паступова падаюць. Заходнія зоркі даюць больш канцэртаў або запускаюць лініі адзеньня. А як ставяцца да гэтай праблемы беларускія музыкі?

Куды коціцца сьвет? Музычны

Для прыкладу можна выдзеліць некалькі фармальных прыкметаў пачатку канца канцэпцыі «музыка за грошы»:

  • У ЗША і Канадзе запрацаваў рэсурс абсалютна бясплатнай і легальнай музыкі Spiral Frog. Там зьмешчаная значная частка фанатэкі Universal Music, а ня толькі свабодныя лэйблы. Бізнэс-канцэпцыя гэтага праекту будуецца на рэкляме. На жаль, зь Беларусі сайт даступны пакуль толькі праз амэрыканскія проксі.
  • Рычард Брэнсан (Virgin Megastores) прадаў усе свае музычныя крамы ў Вялікабрытаніі. А ён ведае, калі трэба грошы ўкладаць, а калі – забіраць. Сваю першую краму сёньняшні міліярдэр адчыніў 30 год таму, калі яму было ўсяго 16. Зараз ён кажа:
  • «Безумоўна, што з ростам он-лайн продажу і нізкімі коштамі на плыты ў супэрмаркетах, гандляваць музыкай стала складаней, чым калі я пачынаў.»

  • Winamp выпускае ў кастрычніку новую вэрсію свайго мэдыя-плэера. Сярод функцыяў ёсьць магчымасьць «адным націскам» падзяліцца любой музыкай са свайго кампутэра зь іншымі людзьмі, а таксама падтрымка музычных блогаў і простага пампаваньня музыкі зь сеціва. Раней, каб абмяняцца з кімсьці праз інтэрнэт сваімі музычнымі бібліятэкамі, трэба было набіраць сваю базу музыкі, перасылаць яе адрасату, а пасьля ўжо на яго запыт дасылаць пэўныя трэкі праз e-mail. Цяпер будзе дастаткова проста дазволіць яму самому прагледзіць тое, што бачыць ваш Winamp

Такія зьявы палохаюць музычную індустрыю. Менавіта таму музычны кірмаш Popkomm, які адкрыўся ў Бэрліне, накіраваны на папулярызацыю нямецкай музыкі за мяжой і носіць камэрцыйны характар. Такая актыўная палітыка абумоўлена істотнасьцю музычнай індустрыі для эканомікі краіны – з аднаго боку, і усё больш жорсткай канкурэнцыяй і падзеньнем продажу музычных носьбітаў – зь іншага.

Моладзь у абсалютнай большасьці пампуе гіты ды музычныя навінкі зь сеціва, а не набывае плыты. Зразумела, абарачэньні кампаніяў гуказапісу імкліва падаюць. Музыкі таксама зарабляюць на продажы сваіх альбомаў усё меней. Яны вымушаныя шукаць выйсьце ў пастаянных турнэ і павышэньні коштаў квіткоў. За апошнія гады яны і гэтак павялічыліся ў два-тры разы.

Але, як сьведчаць дасьледваньні ў Нямеччыне, тры чвэрці спажыўцоў усё ж набываюць яшчэ альбомы – хто па звычцы, а хто з-за якасьці гуку.

Made in Belarus

А як справы ў нас? Вельмі часта, калі кажаш, што «любіш і слухаеш беларускую музыку» можна пачуць што-небудзь кшталту: «Не, Дарафеева мне не падабаецца». А граць за грошы можна мо толькі ў падземных пераходах.

Немагчымасьць зарабіць на продажы альбомаў зьвязана ў нас ня столькі з агульнасусьветнымі тэндэнцыямі, калькі са спэцыфікай разьвіцьця музыкі ў нашай краіне.

Па-першае, талент, «чапляльнасьць» музыкі і харызма музыкаў ніяк з запісам альбому ня зьвязаныя. Таму ня тое што прадаць – запісаць праблема. І наяўнасьць альбому ўжо сама па сабе ўспрымаецца як вялікае дасягненьне.

Па-другое, на раскрутку альбома трэба радыёратацыя і канцэрты ў падтрымку. Тут без камэнтароў.

Ну і па-трэцяе, неабходны якасны прадукт па прымальным кошце. Паколькі наклады плытаў беларускіх выканаўцаў невялікія, то і каштуюць яны, адпаведна, проста прапарцыянальна – некаторыя каля 20 тысяч.

Дый збольшага, беларускую альтэрнатыўную музыку слухае беларуская альтэрнатыўная моладзь, а заробкі яе, нават калі яны і ёсьць, таксама не адпавядаюць тэндэнцыям разьвітых краінаў.

Музыка

Музыка ў Сеціве: to be or not to be?

Музыкі ўсіх краінаў аб’яднаныя адной бядой – інтэрнэтам. Толькі выйдзе альбом, нават на паліцах крамаў яшчэ ня зьявіцца, а па сеціву песенькі ўжо гуляюць, народ у форумах абмяркоўвае. Як выжывае буржуйскі музыка? Выдаў альбом, пажадана плацінавы, зьезьдзіў у сусьветнае турнэ імя альбому – вось і на чарговую вілу зарабіў. Відавочна, што ў такой сытуацыі, зьяўленьне музыкі ў сеціве моцна бье па гаманцу. Цяпер ужо падлеткі ня клянчаць грошы ў бацькоў і не эканомяць на школьных сьняданках, а проста пампуюць for free.

На Беларусі сытуацыя выглядае інакш. Тое, што кампазыцыі беларускіх музыкаў можна скачаць або перадаць па сетцы, асабліва фінансавую раўнавагу не парушае. Бо зь сецівам ці без, але ў любым выпадку ва ўмовах адсутнасьці рынку і пры нястомным кантролі адпаведных органаў, жыць толькі адной музыкай музыкі ня могуць. За вельмі рэдкім выключэньнем. Таму на першы плян выходзіць іншы аспэкт – якасьць і імідж.

Напрыклад, апошні альбом N.R.M. «06» зьявіўся ў інтэрнэце значна раней афіцыйнага рэлізу. Тады Лявон Вольскі ў гутарцы з Generation.by выказаў сваё нэгатыўнае стаўленьня да гэтай зьявы:

«Інтэрнэт ня мусіць быць перад выхадам дыску – гэта не цывілізавана.»

І вось «06» зьявіўся на паліцах музычных крамаў. Пры тым, знаходзіцца ў лідэрах продажу. Саша Ракавец, як супрацоўнік адной з самых папулярных музычных крамаў гораду, падзяліўся з намі сваімі назіраньнямі:

«Набываюць беларускіх альбомаў вельмі шмат. Зараз відаць, як узровень падымаецца проста на вачах. Самыя папулярныя - N.R.M., Вайцюшкевіч, Zet, Крамбамбуля

А IQ48?

«Канешне! Аб чом рэч? Але грошы, калі і ідуць, то ад канцэртаў, ад альбомаў ёсьць нешта, але столькі, што нават не цікава. На дадзены момант музыка ня можа быць адзінай крыніцай прыбытку. Вось і працуем, хто дзе.»

Раней вакаліст IQ48 вельмі прынцыпова ставіўся да зьяўленьне песень гурту ў сеціве: быў катэгарычна супраць. Зараз зразумеў незваротнасьць тэхнічнага прагрэсу і да пампаваньня ставіцца спакойна.

Бадай самым удалым ва ўсіх адносінах прыкладам у альбомнай справе можна лічыць Зьмітра Вайцюшкевіча. З зайздроснай хуткасьцю ягоныя праекты ўвасабляюцца ў плытах і стройнымі шэрагамі становяцца на паліцы прыхільнікаў.

Зьміцер Вайцюшкевіч

А ў сераду Зьміцер распачаў запіс чарговага, ужо зьбіліся зь ліку, якога, альбому. Гэтым разам – «Лірыка» на словы Генадзя Бураўкіна.

Сакрэт такога неверагоднага ў нашых умовах посьпеху Зьміцер бачыць «у сваёй сьціплай асобе». Дарэчы, гэта «сьціплая асоба» адна зь нямногіх, хто зарабляе на жыцьцё выключна творчасьцю (тым больш, што ў Вайцюшкевіча музычная адукацыя, пры тым не адна, таму што яму яшчэ застаецца рабіць?).

Сайт Вайцюшкевіча зьявіўся адносна нядаўна, але Зьміцер не сьпяшаецца, па прыкладзе многіх вядомых музыкаў сьвету, выкладваць там усе свае альбомы:

«Некалькі песень там можна скачаць. Але ня ўсе і не таму, што мне шкада. Мы ж хлеб купляем у краме, правільна? І за таксоўку плацім. Я б таксама з задавальненьнем праехаўся і бясплатна на машыне.»

Drum Ecstasy

А вось у Drum Ecstasy зусім іншая пазыцыя: раптоўна гурт вырашыў не выдаваць плытаў, а зьмяшчаць усе свае кампазыцыі адразу ў сеціве. Такое рашэньне патлумачыў Generation.by Філіп Чмыр:

«З аднаго боку, нашу музыку крадуць. А мы робім яе за свае грошы: студыя, наклад, дызайн... Пасьля гэтага піраты абсалютна спакойна, і нават самі студыі, тыражуюць нашу музыку падпольна. Адсачыць мы гэта ня можам. Зь іншага боку, мы вырашылі не распаўсюджваць wave, які можна выкарыстоўваць на прафэсійнай сцэне заместа нас: запрашаць танцораў і проста ставіць наш CD. Таму мы проста праз сайт будзем распаўсюджваць скампрэсаваныя mp3, а непасрэдна ў нас можна будзе набыць прафэсійныя запісы. Такім чынам, мы не цалкам сыходзім у інтэрнэт: на канцэртах будзе магчыма набыць такі эксклюзіўны альбом, а вось у крамах – не.»

Drum Ecstasy – гурт папулярны ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ці магчыма сёньня беларускаму музыку выжыць толькі за кошт музыкі?

«Некаторыя гурты могуць. Я ўпэўнены, што Ляпіс Трубецкой можа жыць толькі за адну музыку. Для гэтага трэба адрозьнівацца. А калі беларусы робяць аднолькавую музыку, то яна ня будзе запатрабавальнай, бо ў нас няма такога рынку, каб спажываць музыку ў такім аб’ёме, у якім яна вырабляецца.»

Да таго ж, ва ўмовах пільнага кантролю з боку мінкульта і ягоных сяброў, інтэрнэт часам зьяўляецца адзіным магчымым шляхам камунікацыяў са слухачамі і спосабам неабмежаванага самавыражэньня.

Арцемій Троіцкі, вядомы расейскі музычны журналіст і крытык, так і параіў рабіць беларускім музыкам:

«Да пераезду музыкі ў сеціва я стаўлюся цалкам пазытыўна. Тыя ж беларускія гурты мусяць імкнуцца распаўсюджваць свае сьпевы, максымальна выкарыстоўваючы інтэрнэт. Зарабіць праз гэта грошы даволі цяжка, але з часам нейкія правілы гульні будуць выпрацаваныя. Уся сусьветная статыстыка сьведчыць аб падзеньні продажу носьбітаў, а колькасьць жывых канцэртаў пры тым узрастае.»

Маладыя беларускія гурты хутчэй самі ўкладаюць грошы ў сваю ж музыку, а не зарабляюць на ёй. Таму яны толькі за выкладваньне кампазыцыяў у інтэрнэце – ўсё гэта ідзе на раскрутку гурта. Справа ня ў грошах, а хутчэй ва ўласным іміджы. А вось да «пірацкіх» запісаў стаўленьне іншае, бо агучваньне яшчэ не зусім гатовых песень можа нашкодзіць іміджу як малавядомых, так і вядомых гуртоў.

Зьміцер Язьвінскі з Rahis

Шырока вядомы ў вузкіх колах гурт Rahis альбомаў не выдаваў, але нярэдка ладзіць «жывыя» вечарыны. А пасьля некаторыя хоўм-відэа зьяўляюцца на Youtube ці на фан-клюбе. Прыхільнікі ўжо некалькі год слухаюць іх кампазыцыі ў mp3-плэерах і падбіраюць акорды – запісы раньняй творчасьці Rahis гуляюць па сеціве. Аб тым, як да такой «дапамогі» сеціва ставіцца сам гурт, распавёў адзін з «рахісаў» Зьміцер Язьвінскі:

«Ня вельмі вітаю. Бо запісаныя гэтыя сьпевы былі даўно і ня надта добра, а гэта псуе агульнае ўражаньне ад гурта.»

Зьміцер сам аматар спампоўваньня музыкі зь сеціва, але й дыскі набывае:

«Плыты ўсё роўна ня зьнікнуць – гэта штосьці такое традыцыйнае. Трэба і альбомы выдаваць, і музыку ў інтэрнэце выкладаць.»

Як і робіць сэр Элтан Джон. Ён паабяцаў выкласьці ўсе свае альбомы, а ягоныя канцэрты можна паглядзець у простым этэры па інтэрнэце. Пры гэтым ён – тэхнафоб, ня мае ні мабільнага, ні i-pod. Усё што ён можа – гэта пісаць «жывую» музыку на «жывым» інструмэнце. А ў інтэрнэце бачыць пагрозу якасьці музыкі і, агулам, чалавечым камунікацыям:

«Выходзьце на вуліцы! Камунікуйце! Хадзіце на дэманстрацыі! Заместа таго, каб сядзець дома і посьціць у блогах.»

Вось і прапанаваў Элтан Джон «зачыніць увесь інтэрнэт на 5 год і паглядзець, што і як будзе зроблена за гэты тэрмін».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0662 seconds.